На гэтым тыдні тэлеканал АНТ паказаў фільм з падрабязнасьцямі «справы аб перавароце». Аналіз гэтай стужкі і кантэксту справы — у Клюбе Свабоды.
- Каго і ў чым пераконвае «справа аб перавароце»?
- Ці датычныя да «перавароту» ўлады ЗША?
- Чаму Расея падтрымала абвінавачваньні ў гэтай справе?
- Якімі будуць наступствы «справы аб перавароце», ці стане яна падобнай да справы аб падпале райхстагу?
Удзельнікі Клюбу Свабоды:
Юры Дракахруст, палітычны аглядальнік беларускай службы Радыё Свабода, і Юры Царык, палітычны аналітык, сузаснавальнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў
Клюб Свабоды — новы фармат абмеркаваньня на плятформе аўдыёчатаў Тэлеграму.
Царык
- У тых матэрыялах, якія былі прадстаўленыя ў фільме АНТ, пра датычнасьць дзяржаўных структураў ЗША ня кажа ніводзін сьпікер
- Імя Майкла Карпэнтэра там прыгадвае толькі Чудзянцоў, прычым у тым кантэксьце, што Зянковіч некалі прыгадваў гэтага чалавека
- Карпэнтэр шмат займаўся Беларусьсю, ён быў палітыкам і экспэртам, які падтрымліваў сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі і лічыў, што зь беларускім кіраўніцтвам варта супрацоўнічаць
- Зь ім камунікавала шмат людзей, мог камунікаваць і Зянковіч
- У папярэднім фільме «Манкурты» быў камэнтар старшыні КДБ Івана Тэртэля
- У новым фільме з удзельнікаў перадачы, акрамя закадравага голасу, пра датычнасьць ЗША гаварыў толькі Станіслаў Князеў
- Яго кампэтэнтнасьць у дадзеным выпадку выклікае сумневы, што і пацьвярджае зьмест яго камэнтароў
- Гледзячы па тых матэрыялах, якія былі прадстаўленыя, справа выходзіла за рамкі чыста акадэмічных абмеркаваньняў
- Акрамя бравады Зянковіча, што яго ў ЗША ўсе падтрымліваюць — ад ФБР да габрэйскай грамады, ніякай фактуры па ЗША не прадстаўлена
- З расейскіх афіцыйных сьпікераў ніхто не сказаў, што амэрыканцы датычныя да спробы перавароту і замаху на Лукашэнку
- Папрок Пуціна на адрас Захаду быў ня ў тым, што Захад датычны да замаху на Лукашэнку, а што ён не абурыўся гэтым замахам
- У фільме «Манкурты» прыводзяцца словы Ігара Макара аб тым, што расейскія спэцслужбы заангажаваныя ў дзеяньні супраць Аляксандра Лукашэнкі
- Але потым была сустрэча Лукашэнкі з Пуціным, і цяпер ужо гаворыцца выключна пра амэрыканскі «сьлед»
- Я мяркую, што беларускі бок атрымаў нейкую фактуру наконт дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў супраць Менску
- Гэтая фактура была прад’яўленая расейскаму боку, магчыма, у выніку Пуцін пайшоў на пэўныя саступкі Лукашэнку
- Паглядзім, калі Беларусь атрымае 500 мільёнаў даляраў ад Расеі
- Тыя, хто камунікаваў зь Зянковічам раней, казалі, што ён тады бравіраваў і сваімі сувязямі ў КДБ Беларусі, а ня толькі ў спэцслужбах ЗША
- Тое, як па-дурному гэта ўсё атрымалася, наводзіць на сурʼёзныя развагі на тэму таго, што Зянковіч адпачатку працаваў на той вынік, які і атрымаўся
- Блізкія да ўлады сьпікеры (Пётар Пятроўскі і іншыя) кажуць, што ў пераварот быў ангажаваны «цьвет» старой апазыцыі
- З гэтага робіцца выснова, што трэба «зачысьціць» усю старую апазыцыю
- У нас ужо абвешчаная перарэгістрацыя ўсіх партыяў, якая, магчыма, прадугледжвае ліквідацыю многіх, калі ня ўсіх, апазыцыйных партыяў
- Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца, мы бачым практыку праваўжываньня, няма ніякай праблемы ў тым, каб некага ў нечым абвінаваціць
- Справа аб перавароце не была задуманая як спускавы кручок для ўмацаваньня рэпрэсіяў
- Хоць ня выключана, што ўмацаваньне рэпрэсіяў будзе абʼектыўным вынікам гэтай справы
- Гледзячы па тым, што было паказана, па тым, што казаў Зянковіч, плян быў яшчэ вельмі сыры, у вельмі нізкай ступені гатоўнасьці
- Тое, што гавораць у красавіку ў карчме «Тарас Бульба» ў Маскве Фядута і Зянковіч, сьведчыць, што яны ўпершыню сустракаюцца са сваімі партнэрамі і абмяркоўваюць тэарэтычна, як гэта можна было б зрабіць
- Ні пры якае апэратыўнае плянаваньне не ішлося
- Таму ў стужцы спатрэбіліся староньнія людзі, кшталту Сідаракіна, якія адзіныя, хто казаў нешта канкрэтнае: ён казаў, што падрыхтаваны дом, каб трымаць у падвале затрыманых дзяржаўных асобаў
Што было напярэдадні
- Абвінавачаныя ў падрыхтоўцы «дзяржаўнага перавароту» прызналі на камэру сваю віну. Відэафрагмэнты паказалі ў фільме «Забіць прэзыдэнта» на тэлеканале АНТ
- Паводле АНТ, Зянковіч — амэрыканскі юрыст беларускага паходжаньня — быў пад шчыльным каўпаком спэцслужбаў, а «дзяржпераварот» пачаў рыхтаваць яшчэ ўлетку
- У стужцы паказалі схаваныя відэаздымкі сустрэчы ў Менску Зянковіча і супрацоўніка КДБ, які прадставіўся юрысту афіцэрам Мінабароны Іванам
- Зянковіч расказвае, што прадстаўляе арганізацыю, якая налічвае 300 найбагацейшых сем’яў ЗША — «габрэйскае лобі»
- У фільме прыводзяцца словы з размовы зь «Іванам», дзе Зянковіч кажа: «Я знайду выхад на Лэнглі» (штаб-кватэра ЦРУ)
- Паводле АНТ, мяцеж «сапраўды рыхтаваўся амэрыканскай групоўкай пад патранажам спэцслужбаў ЗША». «РФ разумее абʼём змовы супраць уладаў Беларусі — без дапамогі „дзяржавы Х“ такія дзеяньні выканаць немагчыма», — заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.
- КДБ назваў імёны ўсіх дзевяці абвінавачаных у справе аб замаху на Лукашэнку, сярод іх Вольга Галубовіч, Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Аляксандар Фядута