Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына днямі паведаміла, што ў студзені-лютым 2022 году мае прайсьці рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю. Дагэтуль невядома, якія папраўкі прапануюць гэтым разам.
У гісторыі незалежнай Беларусі ўжо былі тры рэфэрэндумы, і кожны зь іх праходзіў у драматычных абставінах і з парушэньнямі закону.
Травень 1995-га
На рэфэрэндуме, які адбыўся 14 траўня 1995 году, у бюлетэні для галасаваньня былі наступныя пытаньні:
1. Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
2. Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
4. Ці згодныя вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?
Першае, другое і трэцяе пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, а чацьвёртае мела рэкамэндацыйны характар.
Частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету пратэставала супраць прызначэньня рэфэрэндуму. Паводле тагачаснага заканадаўства, зьмяненьні і дапаўненьні ў Канстытуцыю не маглі праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету. Акрамя таго, на рэфэрэндум не маглі выносіцца пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы.
Пратэстуючы супраць прапанаванага рэфэрэндуму, 19 дэпутатаў абвясьцілі галадоўку. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году ў Дом ураду, дзе адбывалася галадоўка, уварваліся людзі ў масках і камуфляжнай форме, якія жорстка пабілі дэпутатаў і выкінулі іх на вуліцу. Толькі пасьля гэтага рэшта дэпутатаў зацьвердзілі рэфэрэндум.
За некалькі дзён да галасаваньня на дзяржаўнай тэлевізіі паказалі фільм Юрыя Азаронка «Нянавісьць: дзеці хлусьні», дзе кадры зь мітынгаў БНФ былі змантаваныя са здымкамі часоў Другой сусьветнай вайны. Група дэпутатаў зьвярнулася з афіцыйным запытам да старшыні Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з просьбай даць ім час, каб адказаць на абвінавачаньні, якія прагучалі ў фільме. Аднак такой магчымасьці ім не далі, хаця гэта гарантавалася законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым цяпер займаюцца тэлепрапагандысты 1990-х і 2000-хПаводле афіцыйных вынікаў, большасьць з тых, хто прыйшоў на рэфэрэндум, прагаласавала за прыняцьце прапанаванага Лукашэнкам сьцяга і герба, за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, за інтэграцыю з Расеяй і за наданьне прэзыдэнту права роспуску парлямэнту. Парушэньні былі зафіксаваныя на кожным участку, дзе былі назіральнікі ад БНФ (больш за 100 участкаў).
Адначасна з рэфэрэндумам у тых жа памяшканьнях праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет. Яны не адбыліся ў 141 акрузе з 260 з прычыны нізкай яўкі (прыйшло менш за палову выбарнікаў). Пры гэтым, паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме ўзялі ўдзел звыш паловы выбарнікаў.
Лістапад 1996-га
На рэфэрэндуме, які адбыўся 24 лістапада 1996 году, у бюлетэні для галасаваньня было ажно сем пытаньняў.
Прапанаваныя Аляксандрам Лукашэнкам:
1. Аб перанясеньні Дня Незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня – Дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў.
2. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
3. Аб увядзеньні вольных, без абмежаваньняў, куплі-продажу земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
4. Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.
Прапанаваныя Вярхоўным Саветам:
5. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
6. Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
7. Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.
Паводле афіцыйных вынікаў, выбарнікі прагаласавалі менавіта так, як заклікаў Аляксандар Лукашэнка – за тое, каб перанесьці Дзень Незалежнасьці Беларусі і за пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, і супраць ва ўсіх астатніх пытаньнях. Напрыклад, большасьць нібыта не падтрымала прапановы, каб усе галіны ўлады фінансаваліся адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту, хоць апытаньні напярэдадні рэфэрэндуму паказвалі, што большасьць якраз была за гэтую прапанову.
Законна прызначанага старшыню ЦВК Віктара Ганчара перад рэфэрэндумам 1996 году сілай вывелі з кабінэту супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі. Перад гэтым Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікаў рэфэрэндуму праз шматлікія парушэньні. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.
На месца Ганчара Аляксандар Лукашэнка прызначыў Лідзію Ярмошыну – спачатку выканаўцай абавязкаў, а пасьля рэфэрэндуму – старшынёй ЦВК. Пры гэтым ён парушыў нават новую Канстытуцыю, прынятую на тым самым рэфэрэндуме. На прызначэньне Ярмошынай Лукашэнка ён мусіў бы атрымаць згоду Савету Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек прэзыдэнта». 10 фактаў пра старшыню ЦВК Ярмошыну, за абразу якой судзяцьБеларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў мноства парушэньняў падчас рэфэрэндуму. Сярод іх:
- Мясцовыя камісіі па правядзеньні рэфэрэндуму ўтварылі не адпаведныя Саветы дэпутатаў не пазьней, чым за месяц да рэфэрэндуму, як мелася б быць паводле закону, а за 5-7 дзён – органы выканаўчай улады.
- Да моманту датэрміновага галасаваньня (9 лістапада) на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі і грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць.
- У парушэньне заканадаўства выбарнікі прыйшлі (а ў многіх выпадках іх прымушалі) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбарнікаў.
- Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта. Іх даставілі на выбарчыя ўчасткі, мінуўшы Цэнтарвыбаркам і абласныя камісіі па рэфэрэндуме. Уліку колькасьці бюлетэняў не было.
- Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансаваліся не зь бюджэту, а выключна за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтарвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндуму.
- У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум з ініцыятывы прэзыдэнта. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня.
- У дзень рэфэрэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадзкіх арганізацый пры ажыцьцяўленьні кантролю за ходам галасаваньня; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў інфармацыі.
- Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: адсутнічалі кабіны для тайнага галасаваньня; не было праектаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; выбарнікі дапускаліся да галасаваньня без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу; меліся пашкоджаньні плёмбаў на скрынях для галасаваньня; былі выяўленыя факты падробкі подпісаў выбарнікаў.
Кастрычнік 2004-га
На рэфэрэндуме, які адбыўся 17 кастрычніка 2004 году, у бюлетэні для галасаваньня былі толькі адно пытаньне:
«Ці дазваляеце вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні»?»
Гэтай новай фармулёўкай здымалася абмежаваньне, якое дазваляла аднаму чалавеку балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду ня больш, чым два разы. У той жа час, паводле артыкулу 112 Выбарчага кодэксу, на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, «зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
Паводле ўсебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization/Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць – 32,5%, астатнія на той момант яшчэ не вызначыліся. Аднак, паводле афіцыйных вынікаў, «за» прагаласавалі каля 88% удзельнікаў рэфэрэндуму, а «супраць» – толькі каля 11%.
У выніку Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Агулам ён скарыстаўся такой магчымасьцю ўжо шэсьць разоў.