Больш за месяц спатрэбіўся пракуратуры, каб накіраваць у суд «справу студэнтаў». Галоўнае сьледчае кіраваньне Сьледчага камітэту скончыла расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы яшчэ 26 сакавіка. Суд адбудзецца 14 траўня, паведамляе тэлеграм-канал Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
Разглядаць справу прызначылі Марыну Фёдараву — судзьдзю, вядомую шэрагам прысудаў, якія праваабаронцы назвалі палітычна матываванымі. У прыватнасьці, Фёдарава адправіла на 3 гады «хіміі» 18-гадовага палітвязьня Івана Красоўскага і студэнта Арцёма Вінакурава, таксама прызнанага палітзьняволеным. Акрамя таго, Фёдарава ў сакавіку аштрафавала 71-гадовую лекарку за бел-чырвона-белую вопратку.
Абвінавачанымі ў «справе студэнтаў» праходзяць 12 чалавек. Сярод іх студэнты, выкладчыца і сябар Каардынацыйнай рады. Пратэставыя акцыі, паводле СК, «абмяркоўваліся са Сьвятланай Ціханоўскай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над Севярынцам і актывістамі кампаніі «Эўрапейская Беларусь» будзе закрытым
Паводле сьледчых, абвінавачаныя
- былі каардынатарамі на месцах,
- адміністравалі тэматычныя тэлеграм-каналы,
- асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту,
- выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі,
- кіравалі ўдзельнікамі,
- займаліся іх падрыхтоўкай і матэрыяльным забесьпячэньнем,
- паведамлялі аб перасоўваньнях міліцыянтаў.
Фігурантам прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, учыненыя групай асобаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай:
- Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
- Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
- Анастасія Булыбенка, адлічаная студэнтка БНТУ;
- Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў (ч. 1 арт. 342 КК);
- Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка БНТУ;
- Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
- Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
- Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
- Ільля Трахтэнбэрг, адлічаны студэнт БДУ;
- Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР (ч. 1 арт. 342 КК);
- Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
- Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ (арт.342 КК).