Сядзяць за «кактэйль Молатава» і «дадзеныя карнікаў». Хто яны — палітвязьні Беларусі да 18 гадоў?

У Беларусі сама меней 6 падлеткаў затрымалі ў палітычных крымінальных справах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мінулага году. Большасьць зь іх вінавацяць у пратэстах 10 жніўня. Калі скласьці іхныя прысуды, то разам выйдзе 15 гадоў. Расказваем, хто яны і за што сядзяць.

«Публікаваў асабістыя дадзеныя міліцыянтаў»

Дзьмітры Стрыжак, 16 гадоў, Добруш

Дзьмітры паходзіць з Добрушу, вучыўся ў гомельскім каледжы. Яго абвінавацілі ў тым, што быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Данные карателей Беларуси», дзе публікаваў асабістыя зьвесткі міліцыянтаў. Іх хлопец браў зь іншых падобных паблікаў.

Па словах міліцыі, хлопец даў паказаньні, нібыта незнаёмец папрасіў яго займацца гэтым каналам. Да таго ж, паводле афіцыйнай вэрсіі, падлетак арганізаваў збор ахвяраваньняў на разьвіцьцё каналу і на падтрымку пацярпелым, але купіў сабе за гэтыя грошы скутэр і куртку. Яго затрымалі і асудзілі, калі яму было яшчэ 15 гадоў. Ён не прызнаны палітвязьнем.

«Кінуў кактэйль Молатава ў вайскоўцаў»

Мікіта Залатароў, 16 гадоў, Гомель

Мікіта — дзевяціклясьнік з Гомля. Яго затрымалі за пратэсты 10 жніўня 2020 году, якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч. 1 арт. 293, арт. 364, арт. 295). Яго абвінавацілі ў тым, што кінуў «кактэйль Молатава», падрыхтаваны іншым чалавекам, у бок вайскоўцаў. Бутэлька ўпала на асфальт побач з байцамі і не прынесла ім шкоды. Яны ня мелі прэтэнзій да Залатарова або іншых фігурантаў справы. Мікіта сваю віну не прызнаў.

Хлопец хварэе на эпілепсію. Ён неаднаразова скардзіўся бацькам, што яго білі ў СІЗА, катавалі электрашокерам, не давалі своечасова таблеткі. Сьледчыя не выявілі складу злачынства ў дзеяньнях супрацоўнікаў СІЗА.

«Ты, палітычны, здохнеш», — перадаваў Мікіта словы канваіра ў свой адрас.

Пасьля прысуду падлетак пачаў кідацца на клетку і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў вырак 16-гадоваму падлетку з эпілепсіяй — 5 гадоў у калёніі

«Кінуў камень у аўтазак»

Віталь Прохараў, 17 гадоў, Жлобін

Віталь жыў у Жлобіне на Гомельшчыне. Яго затрымалі праз паўгоду за падзеі 10 жніўня. Па афіцыйнай вэрсіі, ён удзельнічаў у «масавых беспарадках» і кінуў камень у аўтазак. Віталь сваю віну не прызнаў і расказаў, што ён выклаў у сацыяльныя сеткі аповед пра камень, каб папіярыцца. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў: за арганізацыю беспарадкаў і гвалт у дачыненьні міліцыянтаў (арт. 342 і арт 364 КК). Па словах сваякоў, хлопца моцна пабілі амапаўцы пры затрыманьні.

Трох падлеткаў затрымалі ў «берасьцейскай справе»

Сяргей Гацкевіч, 17 гадоў, Берасьце

Сяргей — 11-клясьнік зь Берасьця. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 году (ч. 2 арт. 293 КК). Да суду хлопец заставаўся на волі, пад наглядам. Яго судзілі разам яшчэ з 8 берасьцейцамі, сярод якіх быў яшчэ адзін непаўналетні Дзяніс Хазей.

Усіх прызналі вінаватымі ў «масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і зьнішчэньнем маёмасьці». Пратэстоўцы скардзіліся, што падчас супрацьстаяньня 10 жніўня па іх стралялі байцы, міліцыянты на судзе казалі, што людзі кідалі ў іх камяні.

Па справе праходзілі пацярпелымі 29 міліцыянтаў, якія давалі паказаньні, хаваючыся ад прыступных за шырмай. На суд пускалі абмежаваную колькасьць людзей: ад кожнага фігуранта мог прыйсьці толькі адзін сваяк.

Дзяніс Хазей, 17 гадоў, Высокае

Дзяніс вучыўся на 2-м курсе каледжа ў горадзе Высокае на Берасьцейшчыне. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах у Берасьці 10 жніўня 2020 году (ч. 2 арт. 293 КК). Да суду хлопец заставаўся на волі, пад наглядам. Яго судзілі разам яшчэ з 8 берасьцейцамі, сярод якіх быў яшчэ адзін непаўналетні Сяргей Гацкевіч.

Усіх прызналі вінаватымі ў «масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і зьнішчэньнем маёмасьці». Пратэстоўцы скардзіліся, што падчас супрацьстаяньня 10 жніўня па іх стралялі байцы, міліцыянты на судзе сказалі, што людзі кідалі ў іх камяні.

У справе праходзілі пацярпелымі 29 міліцыянтаў, якія давалі паказаньні, хаваючыся ад прысутных за шырмай. На суд пускалі абмежаваную колькасьць людзей: ад кожнага фігуранта мог прыйсьці толькі адзін сваяк.

Вядома, што Дзянісу прыходзіць мала лістоў.

Давід Збаранскі, 18 гадоў (споўнілася нядаўна ў СІЗА), Берасьце

Давід паходзіць зь Берасьця. Вучыўся ў польскім Любліне на факультэце турызму. Праходзіць у «берасьцейскай справе» за 10 жніўня разам зь дзясяткамі чалавек. Аднак іх судзяць невялікімі партыямі ў асобных працэсах. Дзяніса яшчэ не асудзілі. Яго затрымалі адразу, калі ён вярнуўся ў Беларусь з Польшчы. З унівэрсытэту яго адлічылі пасьля нязданай сэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Мы як грамадзтва зрабілі велічэзны крок наперад»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Мы ўсе зможам свабодна дыхаць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Я магу! Няхай нават няшмат, але дакладна магу»