Стала вядомай дата суду над актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» і Паўлам Севярынцам

Адзін зь пікетаў «Эўрапейскай Беларусі», архіўнае фота

Працэс пачнецца ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня.

12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе пачнецца разгляд справы актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, інфармуе тэлеграм-канал кампаніі.

Разам зь імі таксама будуць «судзіць» сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Паўла Севярынца і грамадзкую актывістку Ірыну Шчасную.

Афіцыйнай інфармацыі няма. Жонка Севярынца Вольга паведаміла Свабодзе, што чула пра гэта толькі ад жонкі Афнагеля, адвакату Паўла нічога яшчэ не паведамлялі.

Тыдзень таму стала вядома, што фігурантаў гэтых палітычна матываваных крымінальных спраў перавезьлі ў Магілёў.

Напярэдадні дзяржаўнае тэлебачаньне паказала фільм, у якім назвала аднаго зь пералічаных палітзьняволеных — Дзьмітрыя Казлова — нібыта ўдзельнікам «злачыннай сеткі блогераў», якія, па вэрсіі, Сьледчага камітэту, мусілі падняць хвалю пратэстаў. Пры гэтым як Казлоў, так і іншыя фігуранты прапагандысцкай стужкі, у прыватнасьці Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Уладзімер Няронскі, былі арыштаваныя задоўга да жнівеньскіх падзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замбавалі» пратэстоўцаў. Выйшаў фільм БТ з прэтэнзіямі да зняволеных блогераў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чаканьні суду Паўла Севярынца перавялі ў магілёўскую турму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Freedom House: для сотняў тысяч беларусаў чарговы раўнд сфальсыфікаваных выбараў быў недапушчальны