Горадзенскага фатографа-фрылянсэра Валера Юдзіна аштрафавалі на 435 рублёў за бел-чырвона-белы сьцяжок у машыне. Пастанову вынес суд Кастрычніцкага раёна Горадні 28 красавіка.
Юдзін сваёй віны не прызнаў.
Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ на машыне без пазнак ранкам 22 красавіка, калі ён ехаў на працу. Яму сказалі, што ягоны аўтамабіль нібыта ў вышуку, і адвезьлі яго разам з аўтамабілем у міліцыю. Сьцяжок яны з машыны не здымалі.
Там на яго склалі адміністрацыйны пратакол за незаконнае пікетаваньне (ч. 1 арт. 24.23 КаАП). Прычынай стаў невялікі бел-чырвона-белы сьцяжок на лабавым шкле аўтамабіля.
Юдзіна больш за суткі трымалі ў ізалятары, а потым выпусьцілі да суду. Дома ў яго падчас агляду забралі яшчэ адзін невялікі нацыянальны сьцяг.
Справу разглядаў судзьдзя Віталь Лабоцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начныя допыты, дзіўныя кроплі, схаваная камэра. «Пасыльная» Макара расказала, як «апрацоўваюць» вязьняў у турме КДБЯк расказаў Валер Юдзін, для «палітычных» вязьняў у горадзенскім ізалятары стварылі асобныя ўмовы. Яны ня маюць права сесьці з 6:00 да 22:00. Ім не выдаюць матрацаў і бялізны нават на ноч, сьпяць на ложках з мэталічных пласьцін.
Двойчы або тройчы іх падымаюць сярод ночы. «Палітычны» мае ўстаць, прадставіцца, назваць свой артыкул і адрас. Для іншых зьняволеных, якія сядзяць у тых жа камэрах, умовы засталіся ранейшымі, больш камфортнымі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.