27 красавіка ў Берасьці ў СІЗА палітвязень Віктар Панцялееў пабраўся шлюбам з каханай дзяўчынай Яўгеніяй. Як піша «Брестская газета», акрамя жаніха і нявесты, на незвычайнай цырымоніі прысутнічалі толькі рэгістратар і наглядчык.
Віктар і Яўгенія сустракаліся чатыры гады. У траўні 2020 яны разьвіталіся, а ўжо ў жніўні мінулага году Панцялееў трапіў за краты праз абвінавачаньне ва ўдзеле ў «масавых беспарадках». Яўгенія напісала яму ў СІЗА, ён адказаў, іх адносіны аднавіліся, а неўзабаве яны вырашылі пабрацца шлюбам.
Каля будынка СІЗА дзяўчыну віншавалі сваякі, сябры і нават незнаёмыя людзі. Яўгенія паведаміла, што Віктар на рэгістрацыі «вельмі хваляваўся, перажываў».
«Усё прайшло добра. Эмоцыі, вядома, праз край. Мне здаецца, зь мяне ўпаў нейкі груз», — кажа дзяўчына.
Гэта ня першы выпадак, калі дзяўчаты бяруць шлюб з палітвязьнямі. У сакавіку ў СІЗА Берасьця расьпісаліся Тацяна і Сьвятаслаў Герасімукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выжыць, трэба захоўваць добры настрой». Палітвязень з Магілёва — пра першы месяц «хіміі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Берасьці закрыў «Польскую школу», дырэктарку якой зьняволілі ў справе аб вечарыне памяці «праклятых жаўнераў»