30-гадовага Сяргея Верашчагіна 12 жніўня моцна пабіла міліцыя. З акна сваёй кватэры ў цэнтры Гомля ён назіраў за жорсткімі затрыманьнямі. Таму закрычаў на міліцыянтаў з акна і кінуў у іх бок плястыкавую бутэльку. Да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і моцна яго пабілі — дома, а затым у РАУС. На судзе Сяргей расказваў, што міліцыянты яго білі, скакалі па галаве, абражалі і сьмяяліся зь яго.
Адвакатка казала, што ён атрымаў сама меней 100 удараў у розныя часткі цела.
Абаронца дамаглася, каб Сяргея завезьлі ў шпіталь. Там у яго зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія гематомы і траўмы, у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паясьнічнага аддзелаў хрыбта.
Але крымінальную справу завялі на самога Верашчагіна. Бо ён нібыта ўдарыў пры затрыманьні міліцыянта нагой у вока, што «не пацягнула за сабой кароткатэрміновага разладу здароўя».
У выніку 26 лістапада судзьдзя Сяргей Салоўскі вырашыў, што віна Верашчагіна даказаная, і пакараў яго пазбаўленьнем волі на 5 гадоў у калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб яны сьмерці прасілі». Палітвязьняў адпраўляюць у адну з самых строгіх калёніяў у БеларусіЯго накіравалі адбываць пакараньне ў адну з самых жорсткіх калёній — у Глыбокае.
Ліст ад Сяргея атрымаў гомельскі валянтэр Ільля Міронаў. Ён падзяліўся копіяй ліста са Свабодай.
«Душу маю ахінае боль, цемра, гора і сьлёзы»
Сярод іншага Сяргей піша, што не разумее, за што ён апынуўся ў калёніі, «за што ў мяне забралі здароўе — і, мусіць, я яго не аднаўлю ніколі, таму што з кожным днём яно горшае і горшае». «Цяпер, на дадатак да ўсяго, я губляю зрок, вось такія ў мяне справы на сёньняшні дзень, і прасьвету я ня бачу. У душы ў мяне цемра, і душу маю ахінае боль, гора, сьлёзы, і я нікому не хачу жадаць такога, што адбываецца ў мяне ў душы, і сьлёзы маёй маці ніхто ня верне. Пішу табе гэты ліст, і ў мяне дрыжыць рука, ад таго, што я застаўся адзін і нікому не патрэбен. Дзякуй, што вы не забыліся пра мяне», — піша Сяргей.
Ён дзякуе ўсім людзям, хто пра яго памятае і піша лісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамельчука, які з акна крычаў на міліцыянтаў, асудзілі на 5 гадоў«Я мушу цярпець гэта ўсё»
Жыхара Гомля Аляксея Раманава асудзілі 16 сьнежня 2020 году ў закрытым судзе нібыта за «абразу прэзыдэнта». Нягледзячы на інваліднасьць па анкалёгіі, яму далі год пазбаўленьня волі. Накіравалі ў калёнію ў Глыбокім. Паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмізму. Гэта значыць, што наўрад ці Аляксей можа разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.
Днямі ён даслаў ліст сваёй знаёмай з Гомля. «У чацьвер вазілі ў горад, у паліклініку, рабілі плянавае дасьледаваньне. Для чэрвеньскай камісіі МРЭК. Штогод будзе такая камісія. На кансультацыі ў анколяга лекарка сказала, што выявілі новую пухліну, і адразу паправілася, маўляў, дабраякасную. Але я цудоўна разумею, што вызначыць яе статус можна толькі пасьля дасьледаваньня, а вынікі будуць вядомыя толькі ў дваццатых днях. Калі шчыра, я так стаміўся ад гэтых боляў, хутчэй бы памерці... Вы не адчайвайцеся, усё будзе добра, беражы вас Госпад, буду за вас маліцца, і вы маліцеся за мяне», — напісаў Аляксей.
«Ён можа страціць зрок, яму патрэбна абсьледаваньне»
24-гадовага музыку, жыхара Гомля Аляксея Губіча судзілі ў закрытым рэжыме. Першапачаткова яго абвінавацілі ў тым, што ён на маршы нібыта штурхнуў міліцыянта. Але шматлікія відэа, якія здабылі родныя Аляксея, сьведчылі, што ён таго міліцыянта не штурхаў. Тым ня менш маладога чалавека пакінулі пад вартай і абвінавацілі, што ён штурхнуў супрацоўніка АМАП, якога ніхто ня ведае, бо суд быў цалкам закрыты.
4 лютага суд прызнаў Аляксея вінаватым у «гвалце над міліцыянтам» і пакараў пазбаўленьнем волі на тры гады. Таксама Аляксей мусіць сплаціць пацярпеламу 300 рублёў кампэнсацыі.
Пасьля суду маці Аляксея расказала, што ён мае рэдкае захворваньне вачэй — кератаконус. Калі не зрабіць у час апэрацыю, хвароба прывядзе да сьлепаты. Апэрацыю плянавалі зрабіць мінулай восеньню. «Але цяпер ён у турме. І безь лячэньня проста асьлепне», — казала маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Гомля прысудзілі 3 гады калёніі за гвалт над міліцыянтамЦяпер вядома, што Аляксея накіравалі адбываць пакараньне ў магілёўскую калёнію. Ён таксама на прафіляктычным уліку, гэта значыць, што да яго асаблівае стаўленьне з боку адміністрацыі. Аляксей ужо быў у штрафным ізалятары сем дзён, атрымаў ужо чатыры заўвагі. Родныя кажуць, што пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне можна забыцца. Зрок у Аляксея пагоршыўся. Яму патрэбны новыя акуляры і адмысловае абсьледаваньне. Але пакуль ён у калёніі, «гэта нерэальна», — кажуць родныя хлопца.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН