«Мы апынуліся ў культурным і палітычным сярэднявеччы», — Павал Вусаў

Затрыманьне ў Менску 27 сакавіка 2021

Беларускі палітоляг Павал Вусаў тлумачыць палітычныя і псыхалягічныя падставы заяваў пра «150 бездарожнікаў», разважае, як сыстэма разбурае сьвядомасьць і рацыянальнасьць людзей, і заяўляе, што цяпер заставацца ляяльным уладзе ўжо мала, трэба яшчэ і рэтрансьляваць перакулены сьвет.

Сьцісла:

  • Для Расеі вайсковая база ў Беларусі мае выключна сымбалічна-палітычнае значэньне, што мае прадэманстраваць геапалітычную перамогу Крамля.
  • Такія палітычныя сыстэмы, як цяперашняя беларуская, — разбураюць рацыянальнасьць і людзкую сьвядомасьць.
  • Адбываюцца псыхічныя зьмены ў сьвядомасьці, наступае шызафрэнія, калі людзі ня ў стане адрозьніць рэальнасьць ад нерэальнасьці.
  • Гэта можа быць як форма праяўленьня ляяльнасьці, так і форма рэальных псыхічных зьменаў у сьвядомасьці людзей.
  • Чым больш ты прымітыўны ў сваім сьветапоглядзе — тым большыя шанцы, што рэалізуесься ў такіх умовах.

— Фантастычныя заявы пра 150 бездарожнікаў з кулямётамі, магчыма, самі па сабе і ня вартыя сэнсоўнага абмеркаваньня, але пра што яны сьведчаць? Пра які паварот, пра якія настроі ў афіцыйнай рыторыцы і прапагандзе?

Павал Вусаў

— Можна гаварыць пра глябальнае дамінаваньне няпраўды ў афіцыйнай інфармацыйнай прасторы. У лёгіцы кіроўнай эліты закладзена парадыгма — «чым больш няпраўды, тым лепей», «чым большы ўзровень гістэрыі ў грамадзтве — тым лепей». Пытаньне ў тым, што за гэтым крыецца, за ўсімі тымі маніпуляцыямі і фантастычнымі рэчамі, якія прыдумляюць афіцыйныя ўлады.

За гэтым можа хавацца тое, што ў Беларусі рыхтуюцца сыстэмныя зьмены ў функцыянаваньні палітычных інстытутаў. Магчыма, будуць рэалізоўвацца тыя працэсы, якія могуць цалкам падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Іншага сэнсу ў тым, каб прыдумляць цалкам абсурдныя рэчы і ўводзіць іх у інфармацыйную прастору Беларусі і Расеі — я ня бачу. Гэта можа сьведчыць, што Расея разам зь Менскам рыхтуе нейкі стратэгічны паварот, які адаб’ецца на далейшым лёсе Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джыпы едуць па Лукашэнку. Экспэрт ацэньвае сюжэт АНТ

— Што канкрэтна вы маеце на ўвазе?

— Мне здаецца, гэта можа быць пашырэньне вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі. Гэта можа быць фармат вайсковай базы, альбо фармат зьмяшанага ці абмежаванага вайсковага кантынгенту на тэрыторыі Беларусі, што само па сабе будзе сьведчыць пра разбурэньне атрыбутаў незалежнасьці беларускай дзяржавы, а таксама відавочнае геапалітычнае ўключэньне Беларусі ў прастору Расеі.

— Расейскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі днямі заявіў, што сам Лукашэнка прасіў Пуціна ўвесьці ў нейкай ступені войскі ў Беларусь, але, паводле Паўлоўскага, Пуцін на гэта не пайшоў. І адно з тлумачэньняў, чаму гэтага не адбылося — тое, што адбыліся тэлефонныя размовы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, у якіх Байдэн, маўляў, выразна абазначыў магчымую вострую рэакцыю ЗША на агрэсіўныя дзеяньні Расеі адносна Ўкраіны. Як вядома, Расея адвяла свае войскі ад украінскай мяжы. Магчыма, і Беларусь была закранутая ў гэтых размовах?

— Канечне, варта ўзяць пад увагу, што ў ЗША быў прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, дзе было выразна сказана, што любыя інтэграцыйныя дамовы будуць ацэнены Вашынгтонам як агрэсіўныя дзеяньні Расеі, і супраць Масквы будуць уведзеныя санкцыі. Але я ня думаю, што гэта магло б спыніць Крэмль ад тых стратэгічных крокаў, якія заплянаваныя ў дачыненьні да Беларусі. Гэта ніколі не было бар’ерам для правядзеньня Расеяй пэўных агрэсіўных дзеяньняў адносна сваіх суседзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін катэгарычна ня хоча сыходу Лукашэнкі, — Радзіхоўскі

У беларускім варыянце ў Масквы ёсьць усе прававыя і палітычныя падставы для пэўных дзеяньняў. Я маю на ўвазе дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», а таксама дамоўленасьці аб функцыянаваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Для Расеі вайсковая база ў Беларусі мае выключна сымбалічна-палітычнае значэньне, што мае прадэманстраваць геапалітычную перамогу Крамля.

У тым ці іншым выпадку ў найбліжэйшы час сытуацыя адносна вайсковай прысутнасьці ў Беларусі праясьніцца, асабліва пасьля таго, як Лукашэнка вырашыць, у якім выглядзе ён падпіша дэкрэт аб перадачы паўнамоцтваў Радзе бясьпекі.

— Беларускія ўлады вызначаюцца ня толькі заявамі пра 150 бездарожнікаў, якія зьбіраліся захапіць рэзыдэнцыю. Дзесьці затрымалі людзей у лазьні, дзесьці далі суткі за бел-чырвона-белыя сэрцайкі ў вакне, кагосьці затрымалі за чырвоныя элемэнты ў адзеньні, дзесьці зафарбавалі комін, бо быз бела-чырвоны. Ці не падаецца, што ідзе пэўнае спаборніцтва ў дурасьці?

— Такія палітычныя сыстэмы, як цяперашняя беларуская, разбураюць рацыянальнасьць і людзкую сьвядомасьць. Абсурд фактычна становіцца штодзённай рэчаіснасьцю для многіх людзей, асабліва для тых, хто функцыянуе ў дадзенай сыстэме. І гэтыя людзі самі становяцца мэханізмам пашырэньня гэтай ірацыянальнасьці, якая для іх ужо становіцца нормай. Адбываюцца зьмены ў сьвядомасьці, наступае шызафрэнія, калі людзі ня ў стане адрозьніць рэальнасьць ад нерэальнасьці. І тая рэчаіснасьць, якая ствараецца аўтарытарнай уладай, становіцца большай, чым уласныя пачуцьці і ўласныя веды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя „сілавікі“ катавалі людзей з асалодай». Беларускі праваабаронца расказаў, як зьбіраюць доказы злачынстваў

Улады Паўночнай Карэі неяк абвясьцілі, што іхны астранаўт высадзіўся на Сонца і вярнуўся жывы-здаровы. Па стане сьвядомасьці беларускіх чыноўнікаў мы апынуліся ў культурным і палітычным сярэднявеччы. Тыя, хто працуе ў сыстэме, гатовыя ня толькі агучваць абсурдныя ідэі і выказваньні, але і рэалізоўваць іх. Гэта можа быць як форма праяўленьня ляяльнасьці, так і форма рэальных псыхічных зьменаў у сьвядомасьці людзей. Гэта ўжо прадмет аналізу хутчэй для псыхіятраў і псыхолягаў, чым для палітолягаў. Толькі татальнай ірацыяналізацыяй сьвядомасьці можна патлумачыць усё тое, што мы назіраем сёньня ў Беларусі.

— Кіроўны рэжым цяпер праводзіць палітыку пазбаўленьня ад усіх неляяльных у калідорах улады. Да якіх вынікаў у сыстэме кіраваньня прывядзе гэтая тэндэнцыя?

— Мы будзем і надалей назіраць працэс зачысткі ўсёй прасторы, палітычнай і грамадзкай. Гэта помста сыстэмы грамадзтву, якое выйшла па-за абмежаваньні.

У пэрспэктыве варта чакаць публічнага самабічаваньня, самаасуджэньня ў калектывах. Псыхалягічна мы вяртаемся ў пэрыяд 1930-х гадоў у СССР, калі практыкаваліся публічныя паказальныя асуджэньні працаўнікоў. Такім чынам грамадзтва падключалася да маштабных рэпрэсіяў, прынамсі на псыхалягічным узроўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум-2022: ці хопіць рэпрэсіўных захадаў, каб грамадзтва не ўзарвалася, як у 2020 годзе?

Гэта, вядома, прывядзе да глыбокай унутранай дэградацыі сыстэмы. Людзі, якія не пажадаюць падладжваць сваю сьвядомасьць пад абсурдныя ідэі, пад ірацыянальную веру ў змовы, будуць вымушаныя звальняцца і зьяжджаць. Бо цяпер заставацца ляяльным сыстэме ўжо мала, трэба яшчэ і рэтрансьляваць гэтую скажоную дэфармаваную ідэалёгію, погляд на ўнутранае і замежнае жыцьцё.

Фактычна гэты перакулены сьвет становіцца асновай новай ляяльнасьці. Шмат хто ня будзе гатовы прыносіць у ахвяру сваю сьвядомасьць і сваё псыхалягічнае здароўе. Гэта, натуральна, прывядзе да эміграцыі і выезду зь Беларусі кваліфікаваных спэцыялістаў, адукаванай моладзі, што паўплывае на эканамічныя і палітычныя працэсы ў краіне.

Але разам з тым гэта ўзмоцніць унутраную прымітыўную кансалідацыю сыстэмы, бо гаворка ідзе менавіта аб прымітывізацыі сьвядомасьці. Чым больш ты прымітыўны ў сваім сьветапоглядзе — тым большыя шанцы, што ты сябе рэалізуеш у дадзеных умовах. Гэта вельмі моцна ў будучым адаб’ецца на Беларусі і яе цывілізацыйным разьвіцьці.