У справаздачы адзначаецца «антыдэмакратычны паварот», які адбываецца ў такіх краінах, як Вугоршчына і Польшча.
У 1990-я гады яны забясьпечылі пераход да дэмакратыі, цяпер гэтыя краіны дэманструюць паглыбленьне аўтакратызацыі.
На думку аўтараў справаздачы, гэта не анамаліі, а частка сыстэмнага руху ў бок аўтарытарызму ў Эўропе і Эўразіі, які можа мець глябальныя вынікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У рэжыму скончыліся хітрыкі». Прагнозы аўтара кнігі пра Беларусь пад ЛукашэнкамПаводле «Нацыі ў пераходным пэрыядзе – 2021» агульная моц дэмакратыі ў рэгіёне зьніжаецца 17 гадоў запар, паказьнікі ступені дэмакратычнасьці некаторых краінаў рэгіёну, кваліфікаваных як дэмакратыі, самыя нізкія з 1995 году, калі Freedom House пачаў публікаваць свае штогадовыя справаздачы.
У Расеі і Беларусі, якія характарызуюцца як кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы, рэпрэсіі значна павялічыліся за апошні год. Жорсткія рэпрэсіі супраць прадэмакратычных пратэстоўцаў у Беларусі, спроба Крамля забіць лідэра апазыцыі Аляксея Навальнага і нядаўняя дэманстрацыя сілы каля межаў Украіны дэманструюць, што гэтыя рэжымы гатовыя пайсьці на ўсё, каб захаваць сваю ўладу, робіцца выснова ў справаздачы.
«Заняпад дэмакратыі ў Эўропе і Эўразіі выклікае сур’ёзную трывогу, асабліва ў кантэксьце 15-гадовага пагаршэньня сытуацыі з дэмакратыяй ва ўсім сьвеце», — адзначае Жэліке Чакі, дырэктар дасьледаваньня Эўропы і Эўразіі ў Freedom House.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зло чыняць ня монстры, а звычайныя людзі. (Не)прыдуманае інтэрвію з дасьледчыцай дыктатур Ганнай АрэнтУ «Нацыі ў пераходным пэрыядзе – 2021» ацэньваецца стан дэмакратычнага кіраваньня ў 29 краінах ад Цэнтральнай Эўропы да Цэнтральнай Азіі. Ацэнкі па краінах адносяцца да ўмоваў і падзеяў у пэрыяд са студзеня па сьнежань 2020 году.
Ключавыя вынікі:
- У Эўропе і Эўразіі менш дэмакратыі, чым калі-небудзь за 26-гадовую гісторыю краін транзыту. З 29 ацэненых краінаў 10 былі аднесены да дэмакратыі, 10 — да гібрыдных рэжымаў і 9 — да аўтарытарных рэжымаў. У гэтым годзе ніводная краіна не зьмяніла катэгорыі.
- Сярэдні бал узроўню дэмакратыі ў рэгіёне зьніжаўся кожны год з 2005-га — 17 гадоў запар. Паказьнікі дэмакратыі ў краінах сьвету сёлета зьнізіліся, толькі 6 краінаў палепшылі іх.
- Найбольшае зьніжэньне адбылося ў Польшчы і ў Вугоршчыне.
- Шырока распаўсюджаным тыпам рэжымаў у Эўразіі застаецца «кансалідаваны аўтарытарызм». Армэнія — адзіны паўкансалідаваны аўтарытарны рэжым у Эўразіі, тады як Грузія, Малдова і Ўкраіна — адзіныя гібрыдныя / пераходныя рэжымы ў гэтым субрэгіёне. У Эўразіі няма дэмакратыяў.
- Нягледзячы на самае рэзкае пагаршэньне сытуацыі за дзесяцігодзьдзе, Цэнтральная Эўропа застаецца субрэгіёнам з найлепшымі паказчыкамі; найбольш распаўсюджаным тыпам рэжыму зьяўляецца «кансалідаваная дэмакратыя». Баўгарыя, Польшча і Румынія — адзіныя паўкансалідаваныя дэмакратыі ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе; Вугоршчына — адзіны гібрыдны / пераходны рэжым.
Як кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы ў рэгіёне ацэньваюцца Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.
Гэтыя краіны зьяўляюцца закрытымі грамадзтвамі, у якіх дыктатуры прадухіляюць палітычную канкурэнцыю і плюралізм і нясуць адказнасьць за шырокі распаўсюд парушэньняў асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў.
У справаздачы Freedom House пра сытуацыю ў Беларусі адзначаецца наступнае:
- Пасьля шматгадовых рэпрэсіяў, якія зьмяняліся пэрыядамі дыпляматычнай адлігі, Лукашэнка ў 2020 годзе сутыкнуўся з сытуацыяй, калі пратэстоўцы з усіх слаёў грамадзтва аб'ядналіся ў падтрымцы дэмакратычнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай. І ўсё ж пасьля некалькіх месяцаў масавых арыштаў, зьбіцьця, катаваньняў і зьняволеньня дзясяткаў палітвязьняў пэрспэктыва больш дэмакратычнай Беларусі цяпер здаецца ўсё больш аддаленай.
- Субʼекты грамадзянскай супольнасьці рэгіёну часта дапаўняюць або замяняюць дзяржаву. Калі беларускі ўрад прыняў палітыку ігнараваньня пандэміі COVID-19, якую Аляксандар Лукашэнка назваў «псыхозам», прыватны і трэці сэктары фактычна выступілі ініцыятарамі рэакцыі краіны. Яны каардынавалі мэдычную дапамогу, набывалі сродкі індывідуальнай засьцярогі для насельніцтва, прапагандавалі стандарты сацыяльнага дыстанцыяваньня.
- Пасьля летніх выбараў беларускія ўлады ўчынілі жорсткія рэпрэсіі, а сотні журналістаў зазналі адвольныя арышты, фізычныя напады і затрыманьні. Замежныя карэспандэнты былі пазбаўленыя акрэдытацыі, а карыстальнікі інтэрнэту сутыкаліся з адключэньнямі і блякаваньнем сайтаў.
- Для расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна палітычныя і грамадзянскія хваляваньні ў Беларусі сталі сыгналам да арганізацыі падтрымкі калегаў-аўтакратаў у надзеі прадухіліць падобныя хваляваньні дома. Але для сотняў тысячаў беларусаў чарговы раўнд сфальсыфікаваных выбараў быў недапушчальны.
- Пасьля шматгадовай палітычнай талерантнасьці да аўтарытарызму ў Беларусі, рэпрэсіі супраць масавага руху за дэмакратыю ў краіне ўзмацнілі міжнародны рух падтрымкі дэманстрантаў і выклікалі рэальныя наступствы для даўняга аўтарытарнага рэжыму.
- Грамадзяне ў краінах Балтыі ўтварылі чалавечыя ланцугі ў знак салідарнасьці са сваімі суседзямі-беларусамі, палітычныя лідэры гэтых краінаў узьнялі свае галасы ў асуджэньні парушэньня правоў пры Лукашэнку.
- Міністар замежных справаў Літвы рашуча адхіліў просьбу Беларусі аб экстрадыцыі лідэра апазыцыі і, верагодна, пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў Святланы Ціханоўскай.
- Эўразьвяз прыняў тры пакеты санкцыяў супраць беларускага рэжыму, у тым ліку накіраваныя на самога Лукашэнку.