Амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джулі Фішэр выказалася пра ўціск беларускіх пратэстоўцаў, а таксама польскай нацыянальнай меншасьці рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, паведамляе польскі тэлеканал Polsat.
Паводле Фішэр, ЗША не зьбіраюцца «сядзець склаўшы рукі» ў чаканьні зьменаў у Беларусі, яны плянуюць супрацоўнічаць з саюзьнікамі і дзеячамі дэмакратычнага руху Беларусі. Пакуль жа рэпрэсіі, гвалт, катаваньні, пабоі, арышты і затрыманьні, якія выкарыстоўваюцца афіцыйным Менскам супраць мірнага насельніцтва, несумненна, уплываюць на колькасьць людзей, гатовых штодня выходзіць на вуліцу, заключыла яна.
«Калі я думаю пра сувэрэнітэт Беларусі, я ўяўляю сабе ня кнопку „ўключэньня-выключэньня“, а хутчэй „паўзунок“. Ён усё больш рухаецца да залежнасьці ад Масквы», — сказала Фішэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся Лукашэнка і ПуцінТаксама амэрыканская амбасадарка пракамэнтавала інфармацыю пра так званы «замах» на жыцьцё Лукашэнкі. На яе думку, калі б сытуацыя ў краіне не была настолькі складанай, «большасьць з нас сьмяялася б з гэтых абвінавачаньняў. Яны цалкам недарэчныя і бязглуздыя»:
«Можа, гэта быў гэты прэзыдэнт, можа, іншы, можа, гэта амэрыканскае агенцтва, можа, іншае, і, магчыма, гаворка ішла пра многія краіны. Ня ведаю, ці ёсьць сэнс гэта камэнтаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка сапраўды паверыў у мітычную змову». Валер Карбалевіч — пра антыканстытуцыйную дывэрсіюКрымінальную справу і іншы перасьлед польскіх асяродкаў і дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі амэрыканская дыпляматка лічыць яскравым доказам таго, наколькі экстрэмальная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
«Нашы польскія сябры робяць вельмі шмат, каб міжнародная супольнасьць зьвярнула ўвагу на іхны лёс. ЗША, як і дагэтуль, будуць дзейнічаць ад імя меншасьцяў і палітвязьняў», — заявіла Фішэр.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «выклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».
Джулі Фішэр — першая амбасадарка ЗША ў Беларусі за апошнія 13 год. Пры гэтым цяперашнія ўлады Беларусі не пускаюць яе на тэрыторыю краіны, не даючы візы, таму яна вымушана займацца дыпляматычнай працай у Вільні. У красавіку Фішэр сустракалася зь беларускім палітыкам Сьвятланай Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто аўтары «змовы», «сьлед ЦРУ», запавет палкоўніка ФСБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка плянуе перадаць уладу Радзе бясьпекі, «калі раптам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол ЗША ў Беларусі: Лукашэнка не ўтрымаецца, калі будзе працягваць рэпрэсіі