Заснавальніца і кіраўніца Imaguru Тацяна Марыніч расказала ў інтэрвію Свабодзе, што будзе з супольнасьцю, якая дала працу тысячам беларусаў, і што будзе з ІТ-інавацыямі ў Беларусі.
Коратка пра асноўнае:
- Imaguru пачаў працу ў 2013 годзе. Гэта першы ў Беларусі клюб для маладых інавацыйных камапаній.
- Мэта Imaguru — дапамога маладому інавацыйнаму бізнэсу ў Беларусі.
- Стартап-хаб праводзіць адукацыйныя курсы прадпрымальніцтва, пачынаючы ад школьнікаў.
- Аксэлератар на базе Imaguru у якасьці асноўнага партнэра мае Google fot startups.
- За восем гадоў дзякуючы Imaguru зьявілася больш за 300 стартапаў.
- На адной з сустрэч Imaguru зьявілася аплікацыя MSQRD, якую купіў Facebook.
- Стартапы Imaguru стварылі больш за 3500 працоўных месцаў.
16 красавіка холдынг «Гарызонт», у якога Imaguru арандуе памяшканьне з 2013 году, паведаміў аб аднабаковым спыненьні дамовы. Да 30 красавіка стартап-хаб мае пакінуць офіс, за арэнду якога цягам 7 гадоў заплаціў каля 1,5 мільёна даляраў і інвэставаў у рамонт больш як 2 000 кв. м. памяшканьняў, непрыдатных для офіснай дзейнасьці.
«Стартап-хаб Imaguru пасьля жніўня 2020 году ператварыўся ў хаб салідарнасьці»
Тацяна Марыніч кажа, што рашэньне пра скасаваньне дамовы аб арэндзе не ініцыятыва «Гарызонту». Яна перакананая, што гэта помста дзяржавы за яе актыўную грамадзянскую пазыцыю і пазыцыю ўдзельнікаў Imaguru улетку і ўвосень, калі сотні тысяч беларусаў пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. Пасьля жніўня 2020 году Imaguru, як кажа Марыніч, ператварыўся ў хаб салідарнасьці.
«Я як стваральніца Imaguru зьяўляюся чальцом асноўнага складу Каардынацыйнай рады. Здавалася б, мае асабістыя погляды не павінны нікога хваляваць і ніяк не павінны ўплываць на бізнэс. Але гэта не пра Беларусь. Лішні раз гэты факт пацьвярджае ня толькі тое, што ў арэндзе адмовілі ня толькі Imaguru, але і другой маёй кампаніі, якая займала маленькі офіс па тым жа адрасе — кампаніі Bel. biz. Гэта ясна сьведчыць аб тым, што рэпрэсіі прымяняюцца супраць мяне асабіста і супраць нашай каманды». — гаворыць Тацяна Марыніч.
Заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў краіне больш за паўгода, у Imaguru не маглі, кажа заснавальніца стартап-хабу. Тым больш у турму ня раз траплялі чальцы Imaguru, стартапэры і інвэстары.
«Мы ладзілі розныя актыўнасьці і падтрымку ўнутры Imaguru, псыхалягічныя і юрыдычныя кансультацыі. У нас праходзілі сустрэчы Каардынацыйнай рады. Мы рабілі ўсё, каб падтрымаць нашых аднадумцаў. Апошнім актам вандалізму стала тое, што ў сакавіку ў Imaguru прыйшлі людзі ў масках, якія ніяк сябе не ідэнтыфікавалі і не прадставіліся. Яны паставілі ўсіх людзей да сьценкі, як мы ўжо неаднаразова бачылі за апошнія паўгода, вывелі людзей на вуліцу, не дазволіўшы нават узяць вопратку. Пасадзілі ў аўтазакі і зьвезьлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарызонт» скасоўвае дамову арэнды зь бізнэс-клюбам Imaguru, дзе ў сакавіку затрымлівалі людзейШукаць новае памяшканьне для стартап-хабу Марыніч ня бачыць сэнсу, бо спакойна працаваць Imaguru, на яе думку, ужо не дадуць.
«Маю працу спрасьціла галоўная газэта краіны, якую я называць ня буду. Літаральна на мінулым тыдні яны прысьвяцілі ажно цэлы артыкул Imaguru, чым спрасьцілі задачу адказваць на пытаньне, навошта закрываць хаб, калі нас пазбавілі толькі арэнды. Тыя, хто сумняваўся, што гэта палітычны заказ, пачытаўшы артыкул у „прэзыдэнцкай“ газэце, больш пытаньняў задаваць ня будуць», — расказвае Тацяна Марыніч.
«Мы былі менскай выспай вальнадумства і разьвіцьця свабоднага прадпрымальніцтва»
Матывы дзеяньняў улады Марыніч называе абсурдам і параўноўвае змаганьне са стартапамі і інавацыйным бізнэсам з выбіваньнем ножкі ў зэдліку, на якім улада магла сядзець.
«Рэжым сам з пэрыядычнай рэгулярнасьцю сякерай адбівае па ножцы. І ўжо засталася хіба адна — падтрымка Расеі. Але на адной ножцы вельмі цяжка ўсядзець. Больш не засталося нічога. Усё, што было зьвязана з прыватным бізнэсам і разьвіцьцём IT-індустрыі, якія сапраўды была моцнай нагой, яны ўжо адбілі».
Паводле Марыніч, у Беларусі 26 гадоў лічылася, што існуе сацыяльная дамова: маўчы, і цябе ня будуць чапаць, ты зможаш спакойна разьвіваць свой бізнэс. Сама яна кажа, што не маўчала і заўсёды мела ўласную пазыцыю.
«Я заўсёды гаварыла тое, што лічыла патрэбным. І тым больш цяпер. Ніякі бізнэс і ніякае памяшканьне не прымусяць мяне адмовіцца ад маіх перакананьняў. Ад веры ў тую справу, якую мы ўсе робім. Для мяне мая пазыцыя, мае перакананьні, мая чалавечая годнасьць значаць значна больш».
Называць самым пасьпяховым праект Imaguru Тацяна Марыніч адмаўляецца. Паводле яе, найбуйнейшы посьпех — гэта нараджэньне вялікіх кампаній і супольнасьці людзей, якія «хочуць зьмяняць Беларусь, разьвіваць бізнэс і быць свабоднымі».
«Калі мы пачыналі 7 гадоў таму, то гэтыя словы — стартап-хаб — гучалі як нешта зусім новае. Але сёньня стартапы і інавацыі — гэта тое, за што змагаецца кожная краіна. Кожная краіна імкнецца разьвіваць унутры экасыстэму стартапаў. Самы блізкі прыклад — гэта Эстонія, але і ўсе краіны Балтыі, таксама Ўкраіна і Польшча. У Эўропе гэта вельмі імкліва разьвіваецца. І ўласна гэтым мы спрабавалі займацца, нягледзячы на тое, што філязофія стартапаў супярэчыць таталітарнай філязофіі. Тым ня менш у нас гэта атрымлівалася. У Менску была выспа вальнадумства і разьвіцьця свабоднага прадпрымальніцтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сотні тысяч, па-ранейшаму актыўныя, патрабуюць пераменаў», — распрацоўнік «Голасу» пра IT-тэхналёгіі супраць дубінак«Беларусь ніколі не была „крэмніевай далінай“, нават у двукосьсі»
Марыніч не пагаджаецца з тым, што посьпех Imaguru — гэта ў тым ліку і заслуга ўладаў, якія стварылі ўмовы для інавацыйнага бізнэсу. Яна зьвяртае ўвагу на тое, што ў краіне няма аднолькавых умоваў для ўсіх кампаній і што гэта стрымлівае Беларусь ад таго, каб быць сапраўды інавацыйнай краінай:
«Беларусь ніколі не была „крэмніевай далінай“, нават у двукосьсі. Рэжым рабіў усё, каб такім здавацца. На гэта ішлі вялікія грошы, праплочваліся артыкулы ў замежнай прэсе, якія прадстаўлялі ПВТ як месца, якое так ці інакш разьвівала таленты. ПВТ ніколі нічога не разьвівала. ПВТ давала падатковыя льготы, але гэта ня функцыя арганізацыі. Падатковыя льготы — гэта функцыя заканадаўства. Я сапраўды лічу, што падатковыя льготы патрэбны для таго, каб разьвіваць інавацыі, але яны мусяць быць роўнымі для ўсіх. А не для абраных, каго ПВТ лічыць патрэбнымі прыняць туды або не».
Марыніч кажа, што, каб трапіць у ПВТ, стартапы выдаткоўваюць тысячы даляраў на паслугі юрыстаў, каб запоўніць непатрэбныя, на яе думку, бюракратычныя паперкі.
«Беларусь мусіць быць краінай, якая дае роўныя ўмовы ўсім стартапам, усім інавацыйным бізнэсам, для якой разьвіцьцё інавацыяў — гэта прыярытэт. І гэта зусім не пра ПВТ. А пра тое, што Беларусь можа сама стаць па-сапраўднаму інавацыйнай краінай, стартап-хабам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой — не». Выпускнік Ейльскага ўнівэрсытэту і былы выкладчык БДУ пра свае 15 сутак«Я буду яшчэ з большым імпэтам гаварыць пра тое, у што я веру»
29 красавіка стартап-хаб правядзе апошняе мерапрыемства VentureDay з удзелам пасьпяховых бізнэсоўцаў і вядомых інвэстараў. Але ў плянах Марыніч — захаваць каманду Imaguru. Пакуль што праца будзе адбывацца онлайн.
«Самае „страшнае“, што мы зрабілі, гэта тое, чаго зьнішчыць ужо ня ўдасца, нават пазбавіўшы памяшканьня і разбурыўшы сьцены. Гэта станаўленьне і разьвіцьцё новага пакаленьня людзей, якія прызвычаіліся думаць інакш. Ініцыятыўных і самадастатковых людзей, якія хочуць жыць у іншым грамадзтве. Так людзей ужо ня сотні, а тысячы».
Тацяна Марыніч кажа, што Imaguru будзе працягваць дапамагаць беларускай стартап-супольнасьці.
«Мы ня спынімся і будзем працягваць тую справу, у якую мы верым: разьвіваць беларускую стартап-экасыстэму, дапамагаць беларускім старпатам, дзе б яны ні былі: ці ў Беларусі, ці ў іншай краіне сьвету. Кожны робіць выбар сам: працаваць у Беларусі, у Менску, ці зьяжджаць на час або назаўсёды. Я з павагай стаўлюся да выбару кожнага. Самае важнае для гэтых людзей — гэта мець магчымасьць працягваць свой бізнэс. І яны мусяць працягваць, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца».
У рамках Каардынацыйнай рады Марыніч і яе каманда ініцыявалі праект «ЗаДело», які дапамагае рэпрэсаваным бізнэсам. Цяпер у іх шэрагу апынуўся і Imaguru. Але рэпрэсіі супраць хабу, думае Марыніч, будуць мець адваротны эфэкт ад чаканага ўладай.
«Гэтым абсурдным крокам дзяржава набліжае нас да таго моманту, за які мы ўсе змагаемся — да перамен. Яна сама скарачае свой жыцьцёвы тэрмін. Я буду яшчэ з большым імпэтам гаварыць пра тое, у што я веру, працягваць сваю працу, дапамагаць іншым бізнэсам. Я буду далей займацца грамадзянскай актыўнасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ПВТ Янчэўскі: «2020 год рэкордны па выніках працы»