Кіроўцу аўтадома «Страна для жизни» Аляксандра Арановіча пакаралі 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд абвясьцілі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 27 красавіка.
Гэта першы прысуд за інцыдэнт на пікеце ў Горадні 29 траўня 2020 году.
Арановіча прызналі вінаватым у тым, што ён займаўся арганізацыяй дзеяньняў у розных гарадах, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, разам са Статкевічам, Севярынцам, Ціханоўскім (ч. 1 арт. 342 КК, прысуд — 2 гады). Да таго ж яго асудзілі за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК, прысуд — 5 гадоў). Канчатковы вырак — 6 гадоў «шляхам частковага складаньня пакараньняў».
Суд таксама вырашыў спагнаць з Арановіча матэрыяльную шкоду ў памеры 278 рублёў. Макет тапка, зь якім затрымалі Арановіча, суд пастанавіў зьнішчыць.
Доказам, які нібыта пацьвярджаў віну Арановіча, была дымавая шашка, якую знайшлі ў ягоных бацькоў на гарышчы падчас ператрусу.
Фігурант сваёй віны не прызнаў.
Апошняе слова Арановіча заняло каля 20 сэкундаў.
«Справа падстаўленая. Доказаў няма. Абараняцца мне не далі. Усе зацікаўленыя ў тым, каб мяне пасадзіць», — сказаў Арановіч.
Справу разглядала судзьдзя Алена Пятрова, пракурор — Дзяніс Корда.
Аляксандру Арановічу 38 гадоў. Паходзіць са Старых Дарог. Разьведзены, мае малых дзяцей.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная ў выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не разумею абвінавачаньня. Фантастыка нейкая». У Горадні пачалі судзіць «двайніка» Ціханоўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў прысуд блогеру Сьпірыну бязь зьменаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ГУБАЗіК хацеў зрабіць зь мяне „пацука“». Гісторыя жыхара Ліды, які ўцёк ад перасьледу зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выжыць, трэба захоўваць добры настрой». Палітвязень з Магілёва — пра першы месяц «хіміі»