Эўразьвяз і ЗША адхілілі ідэю зьмены межаў на Балканах паводле этнічнай прыкметы

Этнічна пераважна альбанскае насельніцтва Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе.

ЭЗ і ЗША адхілілі ідэю зьмены межаў на Заходніх Балканах у адказ на неафіцыйную прапанову аб расфармаваньні Босьніі і Герцагавіны і аб’яднаньня Косава з Альбаніяй.

Паводле Reuters, дакумэнт, які цыркулюе сярод чыноўнікаў ЭЗ, прапануе далучыць часткі Босьніі і Герцагавіны да Сэрбіі і Харватыі, каб дапамагчы інтэграцыі рэгіёну ў ЭЗ. Агенцтва Reuters адзначае, што ня можа праверыць сапраўднасьць такога дакумэнту.

Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Эрык Мамэр на прэс-канфэрэнцыі 26 красавіка заявіў, што ЭЗ «абсалютна не падтрымлівае якіх бы то ні было зьменаў межаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Косава падала ў адстаўку. Яе муж нібыта купляў галасы ў ЦВК

Злучаныя Штаты таксама адкінулі гэтую прапанову, папярэдзіўшы, што зьмена межаў можа прывесьці да абвастрэньня напружанасьці ў рэгіёне. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заявіў, што спэкуляцыі пра «зьмену межаў на Балканах паводле этнічнай прыкметы рызыкуюць спрыяць разьвіцьцю нестабільнасьці ў рэгіёне і выклікаюць успаміны пра мінулую напружанасьць».

На мінулым тыдні ў інтэрвію аднаму з амэрыканскіх аналітычных цэнтраў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч адхіліў гэтую ідэю, заявіўшы, што ягоны ўрад «не зацікаўлены ў стварэньні вялікай Сэрбіі». Таксама міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас на мінулым тыдні сказаў, што гэтую ідэю «вярнулі ў шуфляду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба атакаваць». Адзін зь лідэраў сэрбскай рэвалюцыі — пра Беларусь, «руку Масквы» і стратэгію перамогі