Да сваіх 43 гадоў Іван Касьпяровіч «жыў, як усе». Меў жонку, дзяцей, кватэру, гараж і мікрааўтобус. Няблага зарабляў па-за працай — рамантаваў аўтамабілі. Мінулым летам зацікавіўся палітыкай — цяпер ён «экстрэміст», крымінальнік і ўцякач.
Іван расказаў Свабодзе,
- як трапіў у палітыку і рабіў «дэанон» сілавікоў;
- як яго схапіў і «завэрбаваў» ГУБАЗіК;
- як пакрыўдзіў прэсавага сакратара міліцыі і атрымаў «хімію»;
- як апынуўся ва Ўкраіне і што будзе рабіць далей.
«Я прымаў прысягу свайму народу пад бел-чырвона-белым сьцягам»
Іван мае жонку з інваліднасьцю і чацьвёра дзяцей. Старэйшаму сыну 22 гады, малодшай дачцэ — 5.
У Лідзе ён працаваў электрыкам па аўтамабілях. Кажа, што зарабляў «няблага», у асноўным па-за працай, рамонтам аўтамабіляў. Палітыка Івана мала цікавіла. Але, кажа, Аляксандра Лукашэнку не падтрымліваў ніколі.
У маладосьці Іван служыў ва ўнутраных войсках МУС.
«На мяне вялікае ўражаньне зрабіла тое, што я тады прымаў прысягу менавіта свайму народу, а не прэзыдэнту. Прычым пад бел-чырвона-белым сьцягам. У мяне быў значак з „Пагоняй“. А прэзыдэнта я не прымаў. Але калі 9 жніўня я ўбачыў, што практычна ўсе людзі ідуць галасаваць зь белымі стужкамі і амаль усе бюлетэні ў празрыстай урне былі складзеныя гармонікам, і потым пачуў вынік — 80% — я проста ашалеў. Бо колькі можна трываць такі падман?», — разважае электрык.
Ён зноў прыгадвае прысягу народу пад бел-чырвона-белым сьцягам. «Таму я пайшоў за народ», — кажа Іван.
«Зьвесткі пра супрацоўнікаў міліцыі прысылалі іх былыя калегі»
Жыхары Ліды бралі актыўны ўдзел як у зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, так і ў акцыях пратэсту пасьля выбараў. Выходзілі на плошчу тысячы.
«Калі пачаліся хапуны, затрыманьні, гвалт, мне людзі казалі, што нашы міліцыянты, лідзкія, былі больш жорсткія, чым прыежджыя. Мы неяк у мясцовым чаце вырашылі зрабіць ім „дэанон“, я стварыў суполку „Доска позора Лида“. Мне пачалі даволі актыўна скідаць інфармацыю на міліцыю. У нас горад невялікі, усе ўсіх ведаюць. Былі нармальныя міліцыянты, але яны звольніліся на хвалі жнівеньскіх падзей. Дарэчы, скідалі дадзеныя на міліцыянтаў у тым ліку і іх былыя калегі. Ну потым мяне схапілі... Хутчэй за ўсё, мяне здалі. Быў такі чалавек, які ўбіўся да мяне ў давер, ледзь ня сябрам ужо быў», — расказвае Іван.
«Завязём у лес зь мяшком на галаве»
Ранкам 25 лістапада ён ехаў на працу. Івана спынілі супрацоўнікі ДАІ, нібыта праверыць дакумэнты.
«Прапанавалі прайсьці за мікрааўтобус, і там на мяне наляцелі чалавек шэсьць ці сем. Гэта быў ГУБАЗіК. Павезьлі мяне ў Горадню. Амаль суткі там дапытвалі. Біць ня білі, але маральна душылі. Казалі: „Зараз табе кніжкай на галаве настукаем, у лес завязём зь мяшком на галаве“.
Яны хацелі зрабіць зь мяне „пацука“. Каб я здаў тых людзей, якія мне слалі дадзеныя на міліцыянтаў і іншых. Ну і каб сядзеў у чаце і здаваў ім самых актыўных людзей. Прынесьлі падпісаць паперу пад грыфам „сакрэтна“, што я іду на актыўнае супрацоўніцтва з органамі ўнутраных спраў. Я падумаў-падумаў — і падпісаў. Каб выйсьці і каб яшчэ што ад іх даведацца.
На мяне была ўжо крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады — прэсавага сакратара горадзенскай міліцыі Яўгена Дудко. ГУБАЗіК абяцаў, што калі я буду супрацоўнічаць, то прысудзяць максымум „хатнюю хімію“. Потым сын унёс за мяне заклад, сто базавых, і я апынуўся на волі», — успамінае электрык.
«Ратаваў людзей, якіх шукаў ГУБАЗіК»
Іван Касьпяровіч расказвае, што ягонае «супрацоўніцтва» з ГУБАЗіК выглядала такім чынам: міліцыянты давалі яму нік чалавека і прасілі даведацца, хто гэта.
«Я тады пісаў адміністратарам, каб як мага хутчэй выдалялі чалавека з такім нікам, выціралі ўсю гісторыю. І людзі „зьнікалі“. ГУБАЗіК пытаецца ў мяне: „Дык хто гэта?“, а я кажу, што ня ведаю, бо, маўляў, як пабываў у іх, то людзі са мной мала стасуюцца; мяне, кажу, усе кінулі. Я разумеў, што доўга такое „супрацоўніцтва“ і хітрыкі мае не працягнуцца. Але колькі мог уратаваць людзей — уратаваў. Яны здагадаліся, што я іх надурыў, і сказалі, што мінімум чатыры з паловай крымінальныя артыкулы я атрымаю і буду сядзець доўга», — кажа Іван.
«Паехаў у нябыт, куды вочы глядзяць»
Касьпяровіча судзілі за абразу прэсавага сакратара міліцыі Яўгена Дудко. Ён атрымаў два гады «хатняй хіміі» і штраф 3 тысячы рублёў. Пракуратура палічыла пакараньне мяккім і падала апэляцыю. Наступны суд прызначыў Івану два гады «хіміі» — з накіраваньнем ва «ўстанову адкрытага тыпу» і паўтары тысячы рублёў на карысьць Яўгена Дудко. Але пра гэта Іван даведаўся ўжо з інтэрнэту. На той момант ён нелегальна перайшоў мяжу і быў ва Ўкраіне.
«Гэта ж была не апошняя крымінальная справа... Доўга сядзець у турме не ўваходзіла ў мае пляны. Жонка мая мае інваліднасьць, яе заробак — 300 рублёў. Што было б, каб я сеў у турму? Цягнуў бы зь сям’і апошнія капейкі на перадачы? Чым бы я дапамог сваім дзецям?...Зь якімі пачуцьцямі я ехаў? Якія могуць быць пачуцьці, калі ты страчваеш літаральна ўсё? Маёй дачцэ пяць гадоў... Я разумеў, што доўга ня ўбачу дзяцей», — кажа Іван.
«Калі ня ведаеш, што рабіць, рабі крок наперад»
Іван Касьпяровіч зьехаў ранкам, калі дзеці яшчэ спалі. Ён прызнаецца, што нелегальна перайшоў мяжу.
«Кажуць, што мяжа на замку. Але гэта ня так. Хто надта хоча, знойдзе „дзірку“. І я знайшоў. Глянуў па тэлефоне, у які бок мне трэба, і пайшоў. Кажуць, калі ня ведаеш, што рабіць, рабі крок наперад. Я зрабіў гэты крок. Ехаў у невядомасьць — быў страх, трывога... Куды я еду, навошта, як надоўга?», — апавядае жыхар Ліды.
Ва Ўкраіне ён знайшоў працу па спэцыяльнасьці.
«Украінцы спачатку не разумелі, што дзеецца ў Беларусі. Бо наглядзеліся тэлевізара, як у Беларусі ўсё добра. Але калі я ім патлумачыў, паказаў фота, відэа — ды яны проста ў шоку былі! Кажуць жартам, што ганарацца, што працуюць разам зь „беларускім экстрэмістам“», — кажа Іван.
Ён ня думае, што ў Беларусі хутка наступяць зьмены. Але надзею на вяртаньне не губляе.
«Вяртаньне — у нармальную краіну. Цяпер якія зьмены хутка могуць быць? Людзей моцна запалохалі, ды так, што яны з дому баяцца выходзіць. Але зьмены будуць, я веру ў гэта», — кажа жыхар Ліды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я адна ў выгнаньні. І мне цяжка, невыносна». Як жыве пэнсіянэрка, якую за ўдзел у пратэстах дэпартавалі зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы можам быць бясьсільнымі, але мы не бездапаможныя». Парады псыхоляга, як спраўляцца з апатыяй і знаходзіць радасьць