Як паведамляе Reuters, супраць ухваленьня расейскай вакцыны для выкарыстаньня ў Бразыліі прагаласавалі ўсе пяць чальцоў рады дырэктараў рэгулятара. Паводле заявы прадстаўніка Anvisa, гэтае рашэньне было прынятае ў выніку ацэнкі перададзенай агенцтву дакумэнтацыі, інфармацыі, атрыманай ад іншых рэгулятараў і дадзеных «асабістых інспэкцый».
Асноўная прэтэнзія да расейскай вакцыны палягае ў наяўнасьці ў яе складзе здольнага да рэпрадукцыі адэнавірусу, што, паводле Густава Мэндэса, кіраўніка аддзелу біялягічных і мэдычных прадуктаў Нацыянальнага агенцтва санітарнага кантролю Бразыліі, уяўляе сабою «сурʼёзны дэфэкт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея запатрабавала, каб Славаччына вярнула пастаўлены ў краіну «Sputnik V»Рашэньне не рэгістраваць вакцыну было прынятае, нягледзячы на рэзкі рост колькасьці заражаных COVID-19 у Бразыліі і заклікі ўладаў усіх 19 штатаў да фэдэральнага ўраду дазволіць імпарт у краіну расейскай вакцыны «Спутник V». Месяц таму стала вядома, што рэгістрацыя расейскай вакцыны ў Бразыліі была прыпыненая з прычыны недахопу інфармацыі, пададзенай вытворцам.
Распрацоўнікі расейскай вакцыны лічаць, што рашэньне Бразыліі адмовіцца ад «Спутника V» носіць палітычны характар.
- «Спутник V» быў ухвалены для выкарыстаньня ў некалькіх краінах, уключаючы Індыю. Мэдычныя ўлады Эўрапейскага зьвязу пакуль не ўхвалілі расейскую вакцыну для прымяненьня. Яны хочуць атрымаць больш інфармацыі аб выніках тэставаньня і працэсе вытворчасьці вакцыны.