Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр сустрэлася з прадстаўнікамі штабу Віктара Бабарыкі

Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў, Джулі Фішэр і Тацяна Хоміч.

26 красавіка прадстаўнікі аргкамітэту партыі «Вместе» экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі сустрэліся з амбасадаркай ЗША ў Беларусі.

У тэлеграм-канале зьняволенага палітыка ўдакладняецца, што Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў і Тацяна Хоміч падчас сустрэчы з Джулі Фішэр асаблівую ўвагу аддалі парадку дня падрыхтоўкі да перамоваў з уладай і сцэнарам выхаду з палітычнага крызісу.

Таксама абмяркоўвалася агульная стратэгія дзеяньняў дэмакратычных сіл, палітычны перасьлед Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і каманды штабу, ціск на адвакатуру і грамадзянскую супольнасьць, парушэньне правоў палітычных зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол ЗША ў Беларусі: Лукашэнка не ўтрымаецца, калі будзе працягваць рэпрэсіі

«Злучаныя Штаты добра інфармаваныя адносна сытуацыі ў Беларусі, і задача вырашэньня палітычнага крызісу застаецца адной з прыярытэтных у зьнешнепалітычных дзеяньнях», — сказана ў паведамленьні.

Да таго Джулі Фішэр сустрэлася ў Вільні зь лідэрам дэмакратычных сілаў Сьвятланай Ціханоўскай.

Штаб экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ў канцы сакавіка адкрыў збор заявак ад ахвотных уступіць у партыю «Вместе». Сам Віктар Бабарыка ад сярэдзіны чэрвеня мінулага году ўтрымліваецца за кратамі нібыта за «эканамічныя злачынствы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Вільні сустракаецца з амбасадарамі ЗША, Літвы і Польшчы, якія ня могуць прыехаць у Менск

У канцы мінулага году Дзярждэпартамэнт зацьвердзіў Джулі Фішэр амбасадаркай у Беларусі — ад 2008-га пасада заставалася вакантнай. Аднак сёлета ў інтэрвію Нацыянальнаму грамадзкаму радыё ЗША яна заявіла, што ня можа прыехаць у Беларусь, бо ня мае дыпляматычнай візы.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей днямі заявіў, што Менск гатовы прыняць амэрыканскага амбасадара ў любы час, але хоча мець «выразную і зразумелую пэрспэктыву далейшага ўзаемадзеяньня па ўсіх напрамках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Мы гатовыя прыняць пасла ЗША, але застаецца пытаньне пра яе статус

Літоўскае зьнешнепалітычнае ведамства выказала гатоўнасьць акрэдытаваць Джулі Фішэр, што кіраўніцтва Беларусі рэзка скрытыкавала.