2021 год улады абвясьцілі «годам народнага адзінства». Сайт пра гэта плянавалася стварыць яшчэ на пачатку году, аднак на сайце дзяржзакупак заяўка зьявілася толькі 23 красавіка.
Заданьне гучыць так: «Распрацоўка і аказаньне паслуг па тэхнічным і інфармацыйным суправаджэньні сайта з дамэнным імем www.godedinstva.by». Сума закупкі — 143 400 рублёў, гэта каля 55 тысяч даляраў па курсе. Закупка складаецца з трох частак: распрацоўка сайта, яго тэхнічнае суправаджэньне і напаўненьне. Прапановы перастануць прымаць да 8 траўня.
«Год народнага адзінства» падчас масавых рэпрэсій
Сёлета 4 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 1 аб абвяшчэньні 2021-га «Годам народнага адзінства». Удакладнялася, што рашэньне прынятае дзеля «кансалідацыі грамадзтва, зьяднаньня беларускага народу на аснове ідэй сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
Згодна з указам, Савет міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам абавязаны распрацаваць і зацьвердзіць «рэспубліканскі плян мерапрыемстваў дзеля правядзеньня Году народнага адзінства і забясьпечыць каардынацыю дзейнасьці дзяржаўных органаў дзеля яго выкананьня».
Прапанову зрабіць 2021-ы годам народнага адзінства Аляксандар Лукашэнка выказаў у навагоднім тэлезвароце. Ён адзначыў, што, сутыкнуўшыся з выклікамі 2020 году, многія сталі гаварыць пра «жаданьне вярнуцца ў Беларусь, якой яна была на год раней».
«Але вяртацца ў мінулае мы ня будзем. У нас няма часу ісьці назад і праходзіць пройдзенае. Мы абавязкова створым Беларусь будучага, і яна будзе лепшая за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю. Але не забываць яго ўрокі», — заявіў тады Лукашэнка.
Год народнага адзінства абвешчаны на фоне беспрэцэдэнтных па маштабе рэпрэсій, разьвязаных дзяржавай адносна сваіх апанэнтаў, якія выказалі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі. За прамінулы час дзясяткі тысяч чалавек былі затрыманыя і асуджаныя, многіх пры гэтым зьбілі, пакалечылі і нават забілі. Больш за 350 зьняволеных прызнаныя палітычнымі вязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што агульнага маюць Год нацыянальнага адзінства ў Беларусі і «Радыё тысячы пагоркаў» у Руандзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідэя – стварыць калектыўнага Лукашэнку ў выпадку яго раптоўнага сыходу»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі: «Сталінская рэакцыя правіць баль. Але беларускае грамадзтва гатовае ахвяравацца за каштоўнасьці» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол ЗША ў Беларусі: Лукашэнка не ўтрымаецца, калі будзе працягваць рэпрэсіі