Беларусы па ўсім сьвеце адзначаюць 35-я ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі. ФОТА

Акцыя ў памяць 35-годзьдзя чарнобыльскай трагедыі. Бостан, ЗША

Беларусы ў розных краінах праводзяць акцыі памяці з нагоды 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнобыль. Гісторыя катастрофы

Бостан

У ЗША прайшоў першы ў гісторыі Бостану «Чарнобыльскі шлях».

Беларусы і ўкраінцы рэгіёну Новая Англія ўшанавалі 35-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адным з матываў акцыі было прыцягненьне ўвагі амэрыканскай супольнасьці да праблемы бясьпекі ядзернай энэргіі пры аўтарытарных рэжымах. Марш скончыўся ў Бостанскім парку (Boston Commons) ля мэмарыяльнай шыльды ахвярам Чарнобылю, якую 30 гадоў таму ўсталявала ўкраінская дыяспара. Каля шыльды таксама прайшла вулічная выстава твораў беларускіх мастакоў і фатографаў: да кожнай работы была падабрана сугучная цытата з «Чарнобыльскай малітвы».

Мэмарыяльная шыльда ахвярам Чарнобыльскай трагедыі ад украінскай дыяспары ў Бостанскім парку

У канцы акцыі ўдзельнікі прапанавалі мінакам і наведнікам парку прыняць удзел у пэрформансе «Ліквідацыя»: разабраць на часткі вялізны знак радыяцыі, зроблены з балёнікаў.

Чыкага

З нагоды 35-й гадавіны трагічнай катастрофы правялі сваю акцыю і беларусы Чыкага. Яны пасадзілі дрэвы на беразе Мічыганскага возера ў памяць аб ахвярах катастрофы. На запрашэньне беларусаў да акцыі далучыліся прадстаўнікі мясцовых украінскай і польскай дыяспараў.

Плякат у памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі. Чыкага, ЗША, 25 красавіка 2021

Вена, Бэрлін, Кіеў, Лёндан

Яшчэ адным горадам Злучаных Штатаў, дзе мясцовыя беларусы ўзгадалі Чарнобыльскую катастрофу, стаў Нью-Ёрк. Акрамя таго, адбыліся акцыі памяці ў польскім Уроцлаве, аўстрыйскай Вене, украінскім Кіеве, францускім Ансі, нямецкім Бэрліне і брытанскім Лёндане.

Удзельнікі акцый спрабавалі зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на небясьпеку, якую нясе ўжо новая АЭС, што месьціцца ў Астраўцы.

У Лёндане «Чарнобыльскі Шлях» прайшоў 25 красавіка пры падтрымцы сяброў з Брытаніі, Балтыі, Украіны, Расеі, Македоніі і іншых краінаў. Марш цягнуўся больш за 3 гадзіны ад Трафальгарскай плошчы да Гайд парку і амбасады Беларусі.

Менск

У Менскім мікрараёне Малінаўка, дзе знаходзяцца дамы перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны, прайшоў жаночы Чарнобыльскі шлях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: 35 гадоў таму выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС

Зварот Ціханоўскай

Трагедыю ў Чарнобылі ўзгадала і Сьвятлана Ціханоўская. Беларускі палітык адзначыла, што Беларусь «зараз перажывае другі палітычны і гуманітарны Чарнобыль».

«35 гадоў таму дзяржава прадэманстравала, што чалавечыя жыцьці для яе нічога ня значаць. І тое ж самае мы бачым цяпер: тыя, хто называе сябе ўладай, ня служаць беларусам, а зьнішчаюць беларусаў — катаваньнямі ў турмах, гвалтам на вуліцах, крымінальнымі справамі за жаданьне пераменаў».

Ціханоўская падкрэсьліла, што беларусам зноў хлусяць: пра маштабы пандэміі, вынікі выбараў, пра тое, што ў Беларусі няма сотняў зьняволеных па палітычных матывах. І, як і тады, гэтая хлусьня «літаральна адчуваецца ў паветры».

«Я і мой муж Сяргей Ціханоўскі — родам з поўдня Беларусі, самога заражанага рэгіёну краіны. Мы абодва былі маленькімі дзецьмі, калі здарыўся выбух у Чарнобылі. Некалькі дзён нашы бацькі нічога ня ведалі і не падазравалі, што трагедыя з-за радыяцыі стане ня проста часткай нашай гісторыі, а літаральна часткай нас».

Таксама Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў а 20:30 прыйсьці да найбуйнейшага храму ў кожным горадзе і запаліць сьвечкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы