Указ дазваляе ўраду вызначаць, колькі чалавек, якія ня маюць грамадзянства той або іншай краіны, могуць працаваць у яе дыпляматычных прадстаўніцтвах на тэрыторыі Расеі. Паводле Захаравай, дзяржавы, якія абвяшчаюцца недружалюбнымі, ня могуць набіраць сярод грамадзян Расеі супрацоўнікаў для сваіх дыпляматычных і консульскіх місій.
«Як вы разумееце і як я магу гэта пацьвердзіць, натуральна, у сьпісе фігуруюць ЗША», – сказала Захарава. Паводле яе, указ аб «недружалюбных краінах» быў падпісаны ў адказ на недружалюбныя дзеяньні шэрагу краін, а сама зьнешняя палітыка Расеі мае «выключна міралюбівы характар».
Якія яшчэ краіны будуць абвешчаныя недружалюбнымі, Захарава не сказала. Пра забарону амбасадзе ЗША наймаць грамадзянаў Расеі на працу было абвешчана яшчэ да падпісаньня ўказу, у якасьці, як сьцьвярджаецца, меры ў адказ на санкцыі ЗША.
Таксама на мінулым тыдні ўлады Расеі абмежавалі колькасьць расейскіх грамадзян, якіх можа наймаць на працу амбасада Чэхіі ў Маскве. Гэтая мера была прынятая ў разгар дыпляматычнага канфлікту паміж Прагай і Масквой, які суправаджаецца высылкай дыпляматаў. Ці будзе прызнаная «недружалюбнай» і Чэхія, Захарава не сказала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Пуцін могуць сустрэцца ў чэрвені- Многія замежныя амбасады, консульствы і культурныя цэнтры, якія працуюць у Расеі, наймаюць мясцовых супрацоўнікаў. Часта гэта робіцца для таго, каб тэхнічны пэрсанал не займаў квоту дыпляматычных работнікаў.
- Напрыклад, пасольства ЗША ў Маскве ў 2019 годзе наймала справавода. У пасольстве Вялікабрытаніі адкрыта вакансія гандлёвага дарадцы. На сытуацыю зьвярнуў увагу ў сярэдзіне красавіка міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў, які паабяцаў спыніць гэтую практыку.