Палітычны экспэрт Ягор Лебядок зрабіў запыт у Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакумэнтаў і папрасіў скласці сьпіс наяўных фота- і кінадакумэнтаў з выявамі людзей пад бел-чырвона-белым сьцягам або гербам «Пагоня», «якія ахоўваюць, канваююць, катуюць ці забіваюць іншых людзей».
Запыт датычыў пэрыяду 1939–1946 гадоў.
«Аплаціў гэтую паслугу (усе ж такі аб’ём работ добры) і атрымаў адказ: «У фондах архіву па тэме, якая вас цікавіць, фота- і кінадакумэнтаў ня выяўлена», — напісаў Ягор Лебядок у сваім фэйсбуку.
«Уласна, такіх фота- і кінадакумэнтаў я і не сустракаў раней, нягледзячы на мусіраваньне лукашэнкаўскай прапагандай дадзенай тэмы ўжо два дзесяцігодзьдзі», — дадаў ён.
Аляксандар Лукашэнка, некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі і праўладныя СМІ, неаднаразова заяўлялі, што падчас ІІ сусьветнай вайны пад бел-чырвона-белымі сьцягамі памагатыя нацыстаў праводзілі забойствы на тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да чаго прывядзе вайна Лукашэнкі са сьцягам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму бел-чырвона-белы сьцяг ужо перамог. ВІДЭА