22 красавіка ў Маскве прайшла сустрэча Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Аналіз вынікаў гэтай сустрэчы — у Клюбе Свабоды.
Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін? Якія наступствы будуць мець гэтыя рашэньні для сувэрэнітэту Беларусі? Як гэтыя рашэньні паўплываюць на стасункі Беларусі з краінамі Захаду і з Украінай?
Удзельнікі Клюбу Свабоды:
- Юры Дракахруст, палітычны аглядальнік беларускай службы Радыё Свабода;
- Валер Карбалевіч, палітычны аналітык;
- Яраслаў Шымаў, палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода.
Клюб Свабоды — новы фармат абмеркаваньня на плятформе аўдыёчатаў Тэлеграму.
Шымаў
- Вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна нагадваюць Салтыкова-Шчадрына — чыжыка зьелі
- У двухбаковых адносінах часта перад сустрэчамі на вышэйшым узроўні напампоўваецца цікавасьць — нешта там будзе лёсавызначальнае вырашацца
- Гэта чакалася пасьля заявы Лукашэнкі, што ён у хуткім часе прыме нейкае надзвычай важнае рашэньне. Меркавалася, што гэта будзе зьвязана зь беларуска-расейскімі адносінамі
- Я даўно засвоіў урок: калі ў палітыцы нешта моцна анансуюць, дык нічога важнага ня будзе. А важныя падзеі адбываюцца раптоўна
- Для мяне выснова з маскоўскай сустрэчы: сьмерць і без таго чэзлай шматвэктарнасьці зьнешняй палітыкі Беларусі
- Калі на перамовах прагучала рэальная прапанова аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх войскаў, а Лукашэнка адмовіўся — тады можна сказаць, што папрокамі на адрас Украіны ён танна адбіўся
- Але мне не здаецца, што падзеі разьвіваліся менавіта так
- Пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі аслабленыя, менш магчымасьцяў манэўраваць і балянсаваць
- Адвод расейскіх войскаў ад мяжы Ўкраіны — асобная і значна больш вялікая гульня з новай амэрыканскай адміністрацыяй
- У гэтым жа рэчышчы — даволі памяркоўны тон пасланьня Пуціна, засяроджанага на ўнутраных праблемах, і стрыманая рэакцыя Масквы на высылку дзясяткаў расейскіх дыпляматаў з Чэхіі
- Крэмль стварыў напружанасьць на ўсіх франтах, а цяпер здаў назад, жадаючы атрымаць за гэта пернікі
- Заходнія дзяржавы не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі
- Таму на прэтэнзіі наконт спробы перавароту, замаху на жыцьцё прэзыдэнта, можа прагучаць пытаньне — «Якога прэзыдэнта?»
- Для Пуціна тэма «змовы» і «замаху на Лукашэнку» — зручны спосаб згуляць на ўнутраную аўдыторыю
- Гэты прыём называецца «вотэбаўтызм» — ад ангельскага what about (а як наконт...)
- Вы нас у нечым папракаеце — а ў вас саміх тое самае і яшчэ горш
- Вы абвінавачваеце нашых агентаў у выбуху ў Чэхіі — а паглядзіце, што вашыя агенты спрабавалі зрабіць у Беларусі
- І гэта папярэджаньне кіраўніку Беларусі — запомні, акрамя нас, у цябе няма сяброў
- Калі Кітай вырашыць, што яму патрэбная незалежнасьць Беларусі, а Расея гэтай незалежнасьці будзе сур’ёзна пагражаць — тады нейкая апора на Пэкін тэарэтычна магчымая
- Але мне складана ўявіць сабе такую сытуацыю
- У Расеі ёсьць больш чаго прапанаваць Кітаю, чым Беларусі
- Турэччына ні ў якай ступені ня можа быць для Беларусі альтэрнатывай Расеі
- Эрдаган вядзе свае гульні з Украінай, бо гэта завязана на супольныя інтарэсы ў Чорным моры
Карбалевіч
- Гэтая сустрэча была рутынная
- Падчас сустрэчы была хатняя нарыхтоўка расейскіх гаспадароў: журналіст задаў пытаньне пра Ўкраіну, і Лукашэнку вымусілі заявіць, што ў расейска-ўкраінскім канфлікце ён падтрымлівае Расею
- Пачынаючы з 2014 году Менск у гэтым канфлікце імкнуўся адыгрываць ролю мадэратара, міратворцы
- Менск тады стаў пляцоўкай для перамоваў
- Пуцін прымусіў Лукашэнку заявіць, што ён з Расеяй, а не з Украінай
- Гэта галоўны вынік сустрэчы ў Маскве
- Лукашэнка ў Маскве анансаваў падпісаньне важных інтэграцыйных дамоўленасьцяў увосень на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы
- Размова ідзе пра тыя самыя «дарожныя мапы» паглыбленьня інтэграцыі
- Гэтыя «мапы» — пагроза беларускаму сувэрэнітэту
- Увосень заплянаваныя вялікія беларуска-расейскія вучэньні «Захад-21»
- Ва ўсіх перамовах Лукашэнкі і Пуціна размова ідзе пра грошы
- З тых 1,5 мільярда даляраў, якія Пуцін абяцаў Лукашэнку, Менск атрымаў толькі 1 мільярд, выдзяленьне яшчэ 500 мільёнаў адкладаецца
- Ідэя зьяўленьня ў Беларусі нейкага афіцыйнага прадстаўніцтва расейскіх спэцслужбаў наўрад ці надта падабаецца Лукашэнку
- Ён праз пэўны час, магчыма, і сам будзе ня рады гэтай гісторыі наконт «перавароту» і «замаху»
- Расея можа за яе ўхапіцца і патлумачыць: адзіная гарантыя бясьпекі Лукашэнкі і яго рэжыму — гэта больш шчыльнае супрацоўніцтва з расейскімі спэцслужбамі і вайскоўцамі
- Цікавасьць Кітаю да Беларусі пасьля леташніх падзеяў зьменшылася
- Кітаю цікава мець справу з палітычна стабільнай краінай
- Умова эфэктыўнай працы тэхнапарку «Вялікі камень» — добрыя адносіны Беларусі з Эўропай
- А калі адносіны Менску з ЭЗ кепскія, то ўвесь праект «Вялікі камень» завісае
- Перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягваліся 3 гадзіны 55 хвілін.
- Пуцін заявіў, што абодва бакі працягваюць працаваць над удасканаленьнем нарматыўнай базы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы.
- Лукашэнка сказаў, што ўзгоднена 26 ці 27 дарожных мапаў: «Наогул, мы рухаемся сурʼёзна па саюзных праграмах. Памятаеце, з мапаў пачыналі. Вельмі сурʼёзныя праграмы. Напэўна, 26 ці 27 праграм мы ўжо ўзгаднілі на ўзроўні ўраду. Няшмат засталося. Тры вельмі сурʼёзныя праграмы эканамічнага характару. У тым ліку і падаткаабкладаньне».
- Пуцін падкрэсьліў, што для вырашэньня праблемы Данбасу ўкраінскія ўлады павінны весьці перамовы не з Масквой, а з кіраўніцтвам «ДНР» і «ЛНР». Лукашэнка падтрымаў гэтае меркаваньне.