Tut.by: Сілавікі затрымалі жонку і сына заснавальніка збанкрутавалай сеткі крамаў «Домашний»

Ілюстрацыйнае фота.

Сілавікі затрымалі жонку і старэйшага сына Івана Беразоўскага, заснавальніка сеткі крамаў «Домашний». Ня так даўно сетка збаркрутавала. Сам бізнэсовец знаходзіцца за межамі Беларусі.

Як пацьвердзілі парталу Tut.by тры не зьвязаныя паміж сабой крыніцы, заведзеная крымінальная справа паводле арт. 209 КК (махлярства). Заснавальнікаў і топ-мэнэджэраў падазраюць у завалоданьні маёмасьцю шляхам падману альбо злоўжываньня даверам.

«Камень сутыкненьня — даўгі Беразоўскага перад банкамі, прыватнымі і дзяржаўнымі пастаўшчыкамі, партнэрамі, работнікамі. Яго просяць усё пагасіць і тады выпусьцяць сваякоў. Ён кажа, што адразу пагасіць ня можа», — адзначаюць крыніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэтыя буйныя крамы на мяжы закрыцьця. І палітыка тут ні пры чым

Паводле інфармацыі парталу, жонку і сына Беразоўскага затрымалі на мінулым тыдні, калі сілавікі наведваліся ў галаўны офіс «НП-Сэрвіс», буйнога дыстрыбутара тавараў. Кампанія лічыцца падкантрольнай заснавальніку крамаў «Домашний».

У 2018 годзе кантралёры падазравалі «НП-Сэрвіс» ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў. Беразоўскі тады быў у Лёндане, але вярнуўся і вырашыў пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі збанкрутавалі сеткі гіпэрмаркетаў Bigzz і «Копилка»

Іван і Сьвятлана Беразоўскія пачыналі бізнэс ў 1990-х індывідуальнымі прадпрымальнікамі на рынку ў Ждановічах. З часам сталі буйнымі імпартэрамі прадуктаў харчаваньня, уладальнікамі камэрцыйнай нерухомасьці.

У 2016-м адкрылі першы супэрмаркет «Домашний» у Менску. На піку сетка мела амаль да 80 крамаў па ўсёй Беларусі. Аднак сёлета ў лютым многія крэдыторы заявілі пра нявыкананыя абавязаньні на сотні тысяч рублёў. Ключавыя юрыдычныя асобы апэратара «Гама рытэйл», «Прэм’ер Маркет», «Семела» і іншыя з 12 красавіка знаходзяцца ў стане ліквідацыі.

Неўзабаве сытуацыяй зацікавіўся Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.