Пра гэта паведаміў партал незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
Муж і жонка Пісальнікі праходзілі ў якасьці сьведак па «польскай справе». 14 красавіка да іх дадому прыйшлі зь ператрусам. Пасьля іх забралі на допыт у Сьледчы камітэт у Менск. Дома ў гэты час адзін застаўся іхны 11-гадовы сын Марцін. Бабуля прыехала да яго праз гадзіну зь іншага канца гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Пісальнік: «Выцягнулі з ложка і ўвесь час падганялі. Па нас прыйшлі 10 сілавікоў»Як расказаў Анджэй Пісальнік, ім на допыце паведамілі, што яны ўбачацца са сьледчымі яшчэ раз і, магчыма, ужо ня ў якасьці сьведак. У той жа дзень увечары Пісальнікаў адпусьцілі з допыту і адвезьлі дадому ў Горадню.
Напярэдадні Пісальніка выклікалі ў пракуратуру. Яму далі папярэджаньне за ягоныя інтэрвію польскім мэдыя. Прыкметы злачынства ўгледзелі ў ягоных словах, што «беларускія дзяржаўныя мэдыя разгарнулі шырокамаштабны прапагандысцкі напад на Польшчу і палякаў».
Пісальнік адзначыў, што пракурору таксама не спадабалася ягонае параўнаньне перасьледу сябраў незарэгістраванага СПБ са сталінскімі рэпрэсіямі. Сярод закідаў Пісальніку прад’явілі ягоныя словы, што пракуратура запужвае студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы, зьбіраючы іхныя асабістыя дадзеныя.
«Пракурор Клішын цягам 30 хвілін спрабаваў пераканаць мяне, што калі я кажу публічна пра тое, што белае гэта белае, а чорнае гэта чорнае, я прыношу шкоду дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, за што мяне могуць прыцягнуць да адказнасьці паводле артыкула 130 КК», — паведаміў Пісальнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонку і мужа Пісальнікаў, журналістаў і актывістаў Саюзу палякаў, затрымалі, дапыталі і адпусьціліЯк разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».