Нараўлянскі раён Гомельшчыны — у ліку найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У выніку радыяцыйнага ўзьдзеяньня адселеная ці пахаваная большая палова навакольных вёсак, а колькасьць жыхароў скарацілася амаль утрая.
Ленін і дыназаўры
Нароўля — самы паўднёвы райцэнтар Гомельскай вобласьці. Адсюль усяго 80 кілямэтраў да Чарнобыльскай АЭС. Яшчэ бліжэй да гораду Прыпяць, куды за савецкім часам месьцічы езьдзілі на закупы — на фоне татальнага дэфіцыту забесьпячэньне атамшчыкаў было непараўнальна лепшае.
Але вось ужо больш за тры дзясяткі гадоў як энэргаблёк з аварыйным рэактарам схаваны пад саркафагам, а тэрмінова адселены «атамград» стаў самым вялікім мёртвым паселішчам у зоне адчужэньня.
Радыяцыйнае воблака, якое пасьля выбуху на рэактары 26 красавіка 1986 году рушыла ў бок Беларусі, нараўлянскі край накрыла адным зь першых. Вынікам найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі сталі 36 адселеных вёсак і 5 закапаных у зямлю — большая палова з тагачасных 74 населеных пунктаў. У памяць пра незваротныя страты на беразе Прыпяці паставілі помнік.
Тыя наступствы нагадваюць пра сябе і сёньня — раён самы маланаселены ў краіне. Калі да катастрофы тут жылі блізу 30 тысяч чалавек, то цяпер крыху больш за 11 тысяч. І то амаль усе ў Нароўлі, па навакольных вёсках — усяго 3 тысячы.
Адчуваньне, што выпраменьваньне прымусіла спыніцца сам час. Прынамсі, ідэалягічны антураж у горадзе за 35 гадоў не зьмяніўся. Абавязковая скульптура Леніна пры райвыканкаме, неверагодных памераў серп і молат побач з панскім гербам, які з 2001 году стаў гарадзкім, перадавікі вытворчасьці на дошцы гонару, абшарпаная шыльда рэдакцыі раёнкі.
Горадаўтваральнае прадпрыемства, як і 100 гадоў таму, — усё тая ж кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін». А гэта значыць, калі хто і варты помніка, дык гэта шляхціч Эдвард Горват, які заклаў прадпрыемства акурат у той час, калі Ўльянаў (Ленін) ужо замысьліваў растрыбушыць «тоўстых буржуяў».
А яшчэ падстава для кпінаў пра радыяцыйнае ўзьдзеяньне — цэлая пляцоўка, аддадзеная для «выпасу» расфарбаваным бэтонным дыназаўрам.
Дзеля справядлівасьці, чым далей ад цэнтру, там атмасфэра больш разьняволеная. Уздоўж паўнаводнай Прыпяці пасталі рыбакі з вудамі, на бальконах суседніх дамоў падсушваюцца вылаўленыя трафэі. Ідзе традыцыйнае для вясны добраўпарадкаваньне двароў, гаспадары падфарбоўваюць хлеўчыкі і платы. Работнікі чоўнавай станцыі шпаклююць свае судны, рыхтуюцца да новага сэзону. Нясьпешнае жыцьцё правінцыі.
Павук і радыяцыя
Андрэй Павук — родам з Нароўлі, адзін з тысяч вымушаных чарнобыльскіх перасяленцаў. Ён папулярны блогер, аўтар YouTube-каналу «Рудабельская паказуха». За грамадзянскую пазыцыю неаднаразова затрымліваўся, прыцягваўся да адказнасьці.
У кастрычніку мінулага году, ратуючыся ад перасьледу, зьехаў зь сям’ёй у Вільню. Быў у камандзе сайта зьняволенага калегі Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», а цяпер засяроджаны на дуэце «Красная зелень» — са сьпявачкай Маргарытай Ляўчук запісвае сатырычныя ролікі «на злобу дня» (па спасылцы актуальная рэч на тэму суботніка).
Калі ў Чарнобылі грымнула, Андрэю не было і 4 гадоў, а малодшай сястры Тацяне — усяго 6 месяцаў. Натуральна, ён ня памятае, які пярэпалах здарыўся ў горадзе пасьля таго, як саюзнае кіраўніцтва пасьля злачыннай паўзы нарэшце прызнала катастрафічныя наступствы «мірнага атаму».
А вось сталеў ужо на фоне паступовага разуменьня надзвычайнасьці сытуацыі — напружанасьць была чуваць ва ўсім. Бо пакуль для пацярпелых будавалі новае жытло ў «чыстых раёнах», прайшло яшчэ 7 гадоў пад радыяцыяй.
«Мама працавала бухгальтарам у камбінаце бытавога абслугоўваньня, тата — электрыкам, езьдзіў па ўсім раёне (у момант аварыі якраз быў на выкліку ў вёсцы Белая Сарока, самая мяжа з Украінай). Толкам ня ведаю, адкуль яны дазналіся пра небясьпеку Чарнобыля, але мы зьехалі з Нароўлі яшчэ да таго, як пачаўся агульны варушняк. Бо яшчэ тыдзень пасьля аварыі ніхто не напружваўся, дружна маршыравалі на першамайскай дэманстрацыі. Прынамсі, памятаю, што маці сабрала нас у ахапку і паехалі да дзеда з бабай — гэта пад Бранскам у Расеі, радзіма бацькі. Потым яшчэ гойсалі па сваяках і санаторыях, не вярталіся ўсё лета», — згадвае Андрэй Павук.
1 траўня 1986 году ўся Беларусь, і Нароўля ў тым ліку, традыцыйна шырока адсьвяткавала Першамай. Школьнікі, студэнты, працаўнікі, партыйцы — усе выйшлі на вуліцы. І толькі праз тыдзень пасьля гэтага, атрымаўшы адпаведную дозу і каманду з Масквы, начальства загаварыла пра адсяленьне з 30-кілямэтровай зоны — бліжэй да эпіцэнтру жыць было сьмяротна небясьпечна.
Як згадвае адзін з жыхароў у рыбацкіх ботах, які ў той час працаваў кіроўцам грузавіка, празь недахоп транспарту першымі вывозілі самых малых. Было 6 траўня. Пачалі ад мяжы з Украінай, аўтобусамі зьбіралі па хатах дзяцей — тыя, нічога не разумеючы, заходзіліся ў плачы разам з бацькамі (толькі да трох гадоў дазвалялі прысутнасьць маці), іх звозілі ў піянэрскія лягеры.
Праз пару дзён дайшла чарга да дарослых. Чамусьці вывозілі ўначы — ці то каб радыяцыя менш «прыліпала», ці то каб не палохаць маштабам дзеі. Хаты апячатвалі і аддавалі пад ахову ўнутраным войскам. Панавала паніка і адчай.
Збольшага «ўшчыльнялі» сем’і ў іншых вёсках Нараўлянскага раёну, толькі самотных старых накіроўвалі пад Рэчыцу. Акрамя таго, згадвае суразмоўца, грузавымі машынамі вывозілі свойскую жывёлу. Каровы раўлі так, нібыта іх цягнулі на зарэз, згадвае мужчына.
Мама і «галасы»
«Самаэвакуацыю» з Нароўлі прысьпешылі «забугорныя галасы», усьміхаецца Зінаіда Будкоўская, маці Андрэя Павука. У той час яна была ў дэкрэтным адпачынку, да працоўнага месца не прывязаная.
«Ужо ня памятаю, на якой хвалі канкрэтна, бо слухала тады ўсё... Дык вось добра абмазгавала, што экспэрты кажуць, зразумела, што справа вельмі сур’ёзная. Не чакаючы „адмашкі“ зьверху, набыла квіткі і дзесьці 28 красавіка з малымі ад’ехала да бацькоў мужа на Браншчыну. Думала, пару тыдняў там пераседзім, сытуацыя нармалізуецца, і паедзем дадому. У выніку вярталіся і зноў зьяжджалі, аж да восені блыталіся па розных месцах, хаваліся па санаторыях ад Гомля да Чонак. Шукалі паратунку, а яго ўжо нідзе не было», — уздыхае жанчына.
Яна перакананая, што зрабіла ўсё правільна. Нейкі час заставалася пагроза, што на атамнай станцыі ад пажару і перагрэву можа выбухнуць яшчэ адзін рэактар. Таму сьледам за эвакуацыяй 30-кілямэтровай зоны паступіла распараджэньне вывозіць усіх дзяцей з Нараўлянскага, Хойніцкага і Брагінскага раёнаў. Як згадвае іншы жыхар, з усёй Беларусі падагналі паўтары сотні аўтобусаў. Але рэспубліканскі штаб грамадзянскай абароны супакоіў, што небясьпеку ў Чарнобылі ліквідавалі, спэцапэрацыя адмяняецца.
Там часам у самой Нароўлі пачалася дэзактывацыя: будаўнікі, салдаты і мабілізаваныя «партызаны» зьнялі некалькі пластоў зямлі (кожны раз на вышыню «штыка» рыдлёўкі), перазалілі асфальт, адмывалі пенным растворам сьцены будынкаў і мянялі дахі. Але «паказуху» адпрацавалі, і ўсё вярнулася на свае месцы, канстатуе Зінаіда Будкоўская.
«Спачатку Нароўля трапіла ў „зону абавязковага адсяленьня“ — жыхароў мусілі вывезьці. Але ў нейкі момант такія размовы спыніліся. Мала таго, пачалі ўзводзіць жыльлё. Здаецца, у 1988-м і нам прыйшло прадпісаньне перасяліцца са свайго дома ў кватэру. Ну, і пайшлі будні пад радыяцыяй. Танечку аддала ў садок, прыходжу забіраць — сядзяць малыя, калупаюцца ў пясочніцы. Пытаюся ў выхавацелькі: адкуль пясок? — Ды ўвесь час тут ляжаў! Праўда, тыдні праз два зрабілі заглыбленьне, насыпалі нібыта „чысты“. Наогул, старалася дзяцей не выпускаць, каб не глыталі той пыл».
Людзям забаранілі наведваць супрацьлеглы бок Прыпяці — тую тэрыторыю пазьней абвясьцілі Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведнікам. Агулам туды трапілі амаль 100 пакінутых паселішчаў Нараўлянскага, Брагінскага і Хойніцкага раёнаў. Каб не было спакусы займацца сталкерствам, прыбралі масты. Цяпер да могілак на Дзяды ці Радаўніцу замест колішніх 5 кілямэтраў напрасткі даводзіцца рабіць крук у паўтары сотні. Зрэшты, калі рака разьліваецца, як сёлета, дык наўрад ці гэта рэальна ўвогуле.
Толькі ў 1993-м сям’я Андрэя Павука пераехала ў «чысты рэгіён» — пасёлак Акцябарскі, за 130 кілямэтраў на поўнач (яго гістарычная назва Рудабелка пазьней стала тытульнай для YouTube-каналу блогера). У новыя мікрараёны кампактна перасялялі як асобныя сем’і, так і цэлыя вёскі.
«Спачатку дзяцей вывозілі ў нейкія санаторыі, але ж бясконца так працягвацца не магло, усё роўна вярталіся ў сваю радыяцыю. На вуліцы нешта бясконца перакопвалі: адны машыны зямлю вывозілі, іншыя падвозілі. У такім шухеры жылі да пачатку 1990-х, пакуль маці ўрэшце не адважылася на пераезд. Прычым, можна было выбіраць паміж Менскам і іншымі месцамі — багата знаёмых рушылі якраз на сталіцу. А яна спынілася на Акцябарскім. Потым казала, што панічна баіцца вялікага гораду. У Нароўлі засталося некалькі сваякоў, не зьяжджалі. Наведваемся з мамай на Радаўніцу. Што там? Як усе ў Беларусі — неяк выжываюць», — гаворыць Андрэй Павук.
Лукашэнка і лічбы
Да слоў сына Зінаіда Іосіфаўна дадае, што і тым разам на пераезд штурхнулі ня ўлады, а іх апанэнты. Згадвае, што на пачатку 1990-х у Нароўлі актывізаваўся Беларускі Народны Фронт: яго прыхільнікі зьбіралі поўны гарадзкі стадыён, патрабавалі ад чыноўнікаў не імітацыі, а рашучых дзеяньняў.
Людзі патрабаваньні падтрымлівалі — ніхто не хацеў стаць падвопытным у сьмяротным экспэрымэнце, падкрэсьлівае яна.
«Найперш паспрыяў БНФ — пайшла магутная хваля інфармаваньня пра наступствы радыяцыі нават у малых дозах. Да таго часу шмат хто з Нароўлі зьехаў, ну, а я ўжо — пад уплывам пераканаўчых аргумэнтаў. Адзінае, цяпер шкадую, што ня ў Менск — маладая дурніца, што ўзяць, — сьмяецца яна. — Абсалютна вясковы чалавек. Нават калі за студэнцкім часам вучылася ў Менску, кінула ўсё, не магла ў тым гармідары. Увесь час сумавала па доме, хоць, можа, сапсавала жыцьцё і сабе, і дзецям. Бо нават у Нароўлі ўсё роўна давялося пераехаць у гарадзкую кватэру. Пасьля яе забралі, наўзамен далі ў Акцябарскім».
Андрэй Павук прызнаецца, што ў Нароўлі яму падабалася — асабліва калі параўноўваць з новым месцам жыхарства ў яшчэ больш абязьлічаным Акцябарскім.
«Калі прыяжджаеш, натуральна, узгадваеш знаёмыя пэйзажы: Прыпяць, парк, палац Горватаў. У параўнаньні з тым жа Акцябарскім гарадок больш утульны, больш самабытны. Прынамсі, мяркую па тых часах. Зразумела, не хацелася невядома куды зьяжджаць. Ну, але гэта дзяцінства, пасумаваў ды пабег далей. Да таго ж разьехалася большая частка людзей, не было за каго трымацца. Іншая справа, што я быў даволі закамплексаваны, стрэсава заводзіў новыя знаёмствы. Пэрыяд даволі складанай адаптацыі да новага месца расьцягнуўся. Але маці было нашмат цяжэй: усё ж з Нароўляй зьвязанае ўсё ранейшае жыцьцё, нялёгка кідаць родныя мясьціны».
З улікам пастаяннай міграцыі і вымываньня карэннага насельніцтва паступова страчваецца і незалежны паляшуцкі дух, шкадуе ён. Нездарма на прэзыдэнцкіх выбарах Нараўлянскі раён у заўсёдных лідэрах за Аляксандра Лукашэнку.
Абсалютны рэкорд пастаўлены ў 2015 годзе, калі 98,4% выбарцаў прагаласавалі за «незьмяняльнасьць улады». Андрэй Павук бачыць у такой статыстыцы недапрацоўку калегаў-блогераў, якія маглі б адкрыць землякам вочы на сутнасьць рэжыму. Але пра актыўнасьць нараўлянскіх «партызанаў» ён ня чуў.
«Тая жахлівая падзея наўпрост паўплывала на лёс маёй сям’і, балюча нават згадваць. Ну і, само сабой, абураюць спробы выставіць яе нязначным здарэньнем зь перакручваньнем фактаў. Так, у сілу ўзросту я ня мог прымаць ніякіх рашэньняў, але бачыў, чаго гэта каштавала бацькам. Праз 35 гадоў усё тое ж самае: чарнобыльская праблема нікому не патрэбная, прасьцей яе проста ігнараваць. Людзі ў зоне пакінутыя самі на сябе: ліквідатары ціха паўміралі маладымі ад анкалёгіі, у льготнікаў пазабіралі дадатковую капейчыну. А самы маразм — калі землі раптам становяцца „чыстымі“ паводле лукашэнкаўскіх дэкрэтаў ды ўказаў».
З захаваных ільготаў — кожны год жыхары Нароўлі могуць прайсьці абсьледаваньне на спэктрамэтрыю выпраменьваньня, каб кантраляваць узровень забруджанасьці арганізму. Ну, і яшчэ санстанцыя бясплатна праверыць на радыяцыю зямлю з агароду, попел ад дроў ці грыбы зь ягадамі.
Бабуля Андрэя Павука жыве ў прыгранічнай з Украінай вёсцы Маскалёўка. Фармальна паселішча не існуе, бо ўсе жыхары мусілі даўным-даўно зьехаць. «Эвакуацыйнае пасьведчаньне» атрымала і Ганна Кірылаўна, але, пагараваўшы ў «выгнаньні», вярнулася дадому. Агулам тут жывуць тры чалавекі, двойчы на тыдзень да раскіданых па зоне «палескіх рабінзонаў» прыяжджае аўталаўка.
Горват і канкурэнты
Радыяактыўнае пракляцьце па-ранейшаму вісіць над месцам, не даючы паўнавартасна разьвівацца. Гэта адчуў на сабе і пісьменьнік Андрусь Горват, які з кампаньёнамі аднаўляе палац ХІХ стагодзьдзя на беразе Прыпяці — галоўную рэгіянальную адметнасьць.
Леташні аўкцыён на продаж гістарычнага помніка адбыўся без аніякай канкурэнцыі. Дый лёгіку прадаўцоў, якія задралі цэньнік, неадэкватны стану будынку, зразумець складана. Ня кажучы пра тое, што акурат насупраць сядзібы, за ракой — зона адсяленьня Хойніцкага раёну, радыяцыйна-экалягічны запаведнік.
«Якая канкурэнцыя, пра што вы? Каля менскай МКАД такі праблемны аб’ект, можа, і набылі б, а тут хто будзе ўкладацца? Асабліва калі супаставіць стан і цэньнік. Месца не пэрспэктыўнае — далёка ад буйных гарадоў, але блізка да Чарнобылю. Дарэчы, днямі замяралі ўзровень радыяцыі, у самім будынку ён нізкі (0,7–0,8 бэр). Звонку — на сонцы, асфальце — вышэйшы. А першы паверх, падвал, будаўнічае сьмецьце — як па ўсёй Беларусі, асабліва не адрозьніваецца. Прынамсі, не настолькі небясьпечна пару дзён пабыць на забруджанай тэрыторыі. Але гэта стрымлівае. І калі не ідэя-фікс, немагчыма знайсьці гатовых інвэставаць. Прынамсі, за год аўкцыёну ахвотных не было. Купілі ў цікавы гістарычны час, калі грамадзтву „не да палацаў“. Так склаліся абставіны».
Адрозна ад Андруся Горвата, які сьвядома заехаў у Нароўлю, каб узьняць палацавую руіну, перасяленец са стажам Андрэй Павук прапаведуе сваю ўнівэрсальную тэзу: ня варта прывязвацца да месца, каб не пакутаваць лішне пра расставаньні. У ягоным выпадку сытуацыя празь дзесяцігодзьдзі паўтараецца — толькі гэтым разам вінаватая не тэхнагенная катастрофа, а палітычны рэжым. Зноў даводзіцца шукаць, дзе бясьпечна.
«Я некалі даў сабе ўстаноўку: ня трэба да месца прырастаць аж настолькі, каб потым сябе „выкарчоўваць“. Як лёс складзецца, так і прымай. Радзіма там, дзе добра, дзе сям’я. З пэўных прычынаў я ў Літве. Тут мае блізкія, нам камфортна і бясьпечна. А таму няма балючых успамінаў па нейкім пакінутым адрасе, ня трэба пакутліва перажываць за тое, на што ня можаш паўплываць. Прынамсі, я не змарнаваў час, праз выпрабаваньні знайшоў сябе, займаюся, чым хачу. Добрая школа жыцьця, калі маеш сьмеласьць змагацца са злом, якое ў Беларусі цяпер зашкальвае. Калі яму эфэктыўна супрацьстаіш, клясна сябе адчуваеш усюды».
Летась Нараўлянскі раён нечакана выбіўся ў нацыянальныя лідэры паводле паказьніку натуральнага прыросту насельніцтва. Больш — толькі ў Менску. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, нараджальнасьць вырасла на 5%, сьмяротнасьць упала на 15%. Пры гэтым тэрыторыя ўсё яшчэ адносіцца да пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а Савет міністраў запісаў яе ў «адсталыя» паводле сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.
Зрэшты, калі ў свой час кожны трэці зьехаў, ратуючыся ад радыяцыі, дык паступовая зваротная рэлякацыя выглядае цалкам лягічнай. Прынамсі, людзей, якія вярнуліся на радзіму праз 20–30 гадоў, у Нароўлі нямала.
«Абы толькі другі раз не рванула, бо няма ўжо куды ўцякаць беларусам», — нявесела падсумоўвае Зінаіда Будкоўская, намякаючы на «граблі», якія ўпарта не заўважаюць спадкаемцы савецкай улады...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як аўтар бэстсэлера «Радзіва Прудок» вяртае зь нябыту Нараўлянскі палац