ПАРЭ заклікала Расею вызваліць Навальнага

Акцыя ў падтрымку Навальнага ў Маскве 21 красавіка.

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю з заклікам да расейскіх уладаў неадкладна вызваліць Аляксея Навальнага з калёніі, а таксама забясьпечыць яму поўнае выкананьне правоў, у тым ліку неабходную мэддапамогу.

За рэзалюцыю прагаласавалі пераважная большасьць дэпутатаў ПАРЭ (106 чалавек), супраць выступілі 26 чалавек: члены расейскай дэлегацыі, а таксама прадстаўнікі Азэрбайджану і Армэніі.

ПАРЭ заклікае Маскву выканаць таксама рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека па справе «Іў Рашэ», па якім Навальны адбывае тэрмін у калёніі. Расеі неабходна вызваліць Навальнага да наступнага пасяджэньня камітэта міністраў Рады Эўропы па тэме абароны правоў чалавека (заплянавана на пачатак чэрвеня 2021 году).

Акрамя таго, у тэксьце рэзалюцыі дэпутаты заявілі пра парушэньні Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Там адзначаецца, што стан здароўя расейскага апазыцыянэра значна пагоршыўся за час утрыманьня пад вартай: «Многія аспэкты ўмоваў яго ўтрыманьня выклікаюць дадатковыя пытаньні аб адпаведнасьці Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, у тым ліку тое, што яго скаргі на праблемы са здароўем засталіся без адказу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць затрыманых на акцыях у падтрымку Навальнага ў Расеі перавысіла 1000

Эўрапейскі суд па правах чалавека 19 красавіка паведаміў, што будзе разглядаць справу аб парушэньні ўмоў утрыманьня Навальнага ў калёніі ў прыярытэтным парадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Расеі ў падтрымку Навальнага. Жывая трансьляцыя