ЗША не прымаюць у свой адрас словы Пуціна пра Шэрхана і Табакі

Джэн Псакі

ЗША не ўспрымаюць на свой адрас «што-небудзь сказанае» прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, заявіла прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі. «Нас ня так лёгка пакрыўдзіць, у нас тоўстая скура», — сказала яна.

Гэтак Псакі адрэагавала на выказваньне прэзыдэнта Расеі, які ў пасланьні Фэдэральнаму сходу параўнаў заходнія краіны з пэрсанажамі «Кнігі джунгляў» Рэд’ярда Кіплінга — тыграм Шэрханам, вакол якога, як выказаўся Пуцін, круцяцца ўсякія дробныя шакалы Табакі і «падвываюць, спрабуючы задобрыць свайго сувэрэна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар ЗША зьедзе з Масквы пасьля патрабаваньня расейскага МЗС

Камэнтуючы агрэсіўную рыторыку ў выступе перад Фэдэральным сходам Уладзіміра Пуціна, які папярэдзіў краіны Захаду аб «асымэтрычным, хуткім і цьвёрдым» адказе Расеі на магчымую пагрозу яе інтарэсам, Псакі падкрэсьліла, што ў Белым доме, перш за ўсё, хочуць усталяваць «стабільныя і прадказальныя» адносін з Крамлём, а ўводзячы санкцыі, ЗША імкнуліся накіраваць расейскаму кіраўніцтву ясны сыгнал аб тым, што дзеяньні Масквы не застануцца без наступстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 амэрыканскім дыпляматам далі месяц на ад’езд з Расеі

Паводле яе, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным прапанаваў абмеркаваць пытаньні, у якіх, на думку Вашынгтону, ёсьць магчымасьць для сумеснай працы. Напрыклад, нераспаўсюджаньне ядзернай зброі, падаўжэньне дамовы СНВ-3, ядзернае пагадненьне з Іранам, а таксама тыя пытаньні, у якіх ЗША і Расея ня згодныя, сказала Псакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы маглі б пайсьці далей». Байдэн засьцярог Расею ад умяшаньня ў амэрыканскую дэмакратыю

Яна дадала, што запрашэньне да ўдзелу ў саміце застаецца ў сіле і перамовы з нагоды арганізацыі такой сустрэчы ідуць на найвышэйшым узроўні.

  • 15 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ўвёў новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў адказ на меркаваныя расейскія кібэратакі, умяшаньне Масквы ў амэрыканскія выбары і анэксію Крыму.
  • Пад новыя санкцыі ЗША трапілі больш за 30 фізычных асоб і кампаній. Санкцыі прадугледжваюць забарону на апэрацыі з расейскім дзяржаўным доўгам на першасным рынку. Акрамя таго, ЗША абвясьцілі аб высылцы дзесяці расейскіх дыпляматаў. Расея адказала люстранымі мерамі.