Чатыром затрыманым у справе аб спробе дзяржаўнага перавароту выставілі абвінавачаньні, усе яны даюць прызнальныя паказаньні, заявіў начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак у эфіры «Беларусь-1».
Вядомыя імёны трох затрыманых: старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандр Фядута і юрыст Юры Зянковіч. Імя чацьвёртага фігуранта не называлася, перадае БелаПАН.
Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
Паводле Бычака, апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы КДБ вёў больш за шэсьць месяцаў.
Ён дадаў, што замежных партнэраў пра апэрацыю не інфармавалі, каб не было выцёкаў інфармацыі. ФСБ Расеі папярэдзілі толькі за 12 гадзін да правядзеньня апэрацыі ў Маскве.
Паводле Бычака, расейцы «з колаў уключыліся ў працу» і дапамаглі затрымаць фігурантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: «Калектыўны Захад» як бы не заўважае гісторыю з падрыхтоўкай забойства Лукашэнкі21 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў: «Можна мець любы погляд на палітыку Лукашэнкі, але практыка арганізацыі пераваротаў, забойствы вышэйшых асобаў — гэта ўжо занадта. Усе межы ўжо перайшлі».
Аляксандар Лукашэнка і ФСБ Расеі заявілі пра датычнасьць да рыхтаванага замаху ЗША.
У сераду прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі абвергла гэтыя абвінавачаньні.
«Я магу пацьвердзіць, што насамрэч гэтая [заява] нічым не абгрунтаваная», — сказала Псакі ў адказ на просьбу журналістаў пракамэнтаваць заявы Менску і Масквы пра датычнасьць ЗША да падтрыхтоўкі замаху, паведаміў «Голас Амэрыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэрацыяй «пераварот» Масква дэманструе, што кар’ера і жыцьцё Лукашэнкі залежаць ад волі Крамля, — палітолягЗатрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.