«Слова „салідарнасьць“ стала мацерным у Расеі», — беларусы Масквы і Піцера пра выкраданьне, рэпрэсіі і дапамогу землякам

Актывісты беларускай дыяспары ў Расеі Сьвятлана Мішурава з Масквы і Ўладзімер Драгун зь Пецярбургу расказваюць пра шматмесячныя акцыі салідарнасьці, пра дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі праз збор сродкаў, ціск на актывістаў беларускай грамады і выкраданьні беларускіх грамадзян у Расеі.

Глядзець відэадыскусію цалкам


Тут фрагмэнты размовы

«Ніколі не была абыякавая да сытуацыі ў Беларусі, але гэтым летам адчула, што народ прачнуўся»

Доктарка Сьвятлана Мішурава жыве ў Маскве каля 20 гадоў. Да гэтага працавала 10 гадоў у рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі ў Менску. Выйшла замуж за масквіча і пераехала ў сталіцу Расеі. У жніўні 2020-га ўпершыню даведалася, дзе ў Маскве амбасада Беларусі. Сьвятлана кажа, што не магла ня выйсьці пасьля таго, што «ўчынілі з нашымі людзьмі».



— Знаходзіцца дома і чакаць, што будзе далей, было немагчыма. Малюеш чарговы плякат і ідзеш, сустракаесься са сваімі людзьмі, і так праводзіш увесь вольны ад працы час. Я ніколі не была абыякавая да таго, што адбываецца ў Беларусі, але менавіта гэтым летам я адчула, што народ прачнуўся. Як кажуць, кожны народ заслугоўвае сваю ўладу. Спачатку яго абралі большасьцю, у 2010 годзе было зразумела, што людзі пачынаюць прачынацца, а масавасьць, вера і салідарнасьць гэтым летам упершыню далі мне веру, што могуць адбыцца перамены.


«Мы ўсё робім, каб падтрымаць беларусаў у Беларусі, каб кожны дзень землякам гаварыць, што яны не адны»

Уладзімер Драгун

Бізнэсовец Уладзімер Драгун нарадзіўся ў Полацку. У Санкт-Пецярбургу жыве каля 15 гадоў. Ён адзін з найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускага зямляцтва Піцера, якое штодня ладзіць разнастайныя акцыі салідарнасьці.



— Цяпер ня так масава гэта праходзіць, бо ёсьць складанасьць у камунікацыі зь мясцовай уладай і праваахоўнымі органамі. 140 дзён запар беларусы Санкт-Пецярбургу выходзілі да амбасады. Гэта было прынцыповае рашэньне. Мы не зьбіраліся ўздымаць унутраны расейскі парадак дня. Гэта было наша агульнае гора. Я быў апалітычны да 9 жніўня, напэўна, як мільёны нашых суайчыньнікаў, але падзеі жніўня моцна мяне ўзрушылі.

Мы 140 дзён хадзілі да амбасады Беларусі, а потым нам ва ўльтыматыўнай форме сказалі прыходзіць безь сьцягоў і лёзунгаў. У выніку, калі прыйшлі зь імі, усіх забралі ў РУУС. Пасьля гэтага беларусы сталі зьбірацца ў месцах, зьвязаных зь Беларусьсю — Берасьцейскі парк, Бабруйская вуліца, Пінскі завулак, Дзьвінская вуліца. Потым пачаліся затрыманьні, пасадкі. Пяці беларусам ад 2 да 9 сутак далі. Пасьля беларусы сталі крэатывіць... Мы ўсё робім ня дзеля таго, каб спаборнічаць з ФСБ ці даказваць нешта мясцовай паліцыі, а дзеля таго, каб падтрымаць беларусаў у Беларусі, каб кожны дзень землякам гаварыць, што яны не адны.

Якая б ні была палітыка «перагарнуць старонку», нельга, каб беларусы забывалі, асабліва сем’і пацярпелых, семʼі Сашы Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Сашы Будніцкага. Важна, каб дачка Мікіты Крыўцова ведала, што мы за яе змагаемся. Мы не хацелі, каб да такога дайшло. Не беларусы рэжыму абвясьцілі вайну, а рэжым — беларусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу абвясьціў галадоўку беларускі актывіст, якога арыштавалі на 9 сутак

«1 лютага нам сказалі, што ля амбасады больш мы стаяць ня будзем»

Віктар Шэндэровіч і Сьвятлана Мішурава ля амбасады Беларусі ў Маскве.

Сьвятлана Мішурава згадвае, як летам і ўвосень беларусы масава стаялі ля амбасады сваёй краіны ў Маскве са сьцягамі і плякатамі.

— Нас было шмат, сьпявалі песьні, да нас часта прыяжджала Анжаліка Агурбаш, мы разам сьпявалі. Прыходзілі расейскія журналісты, нас падтрымлівалі людзі. Было прыгожа, па-сапраўднаму стаяў ланцуг салідарнасьці. А 1 лютага нам сказалі, што мы тут больш стаяць ня будзем. І я вырашыла, паколькі ўсё ж маю абарону — расейскі пашпарт, зрабіць адзіночны пікет. Я прыйшла адна з добрым плякатам — «Мир, свет, Беларусь», да мяне падышлі 8 паліцыянтаў, машыны вакол езьдзілі... І на заявы «грамадзянам замежнай дзяржавы...» я кожны раз адказвала, што я расіянка, і паказвала пашпарт. Пасьля доўгіх сазвонаў мне сказалі, што ўсё роўна я тут стаяць ня буду...

З таго часу спакою не давалі. Нас вывозілі, але мы ўсё роўна прыходзілі безь сьцягоў і плякатаў у вопратцы нацыянальных колераў. Даходзіла да ідыятызму, як у Беларусі, калі дзяўчыне казалі, што ў яе сьцяг у касе, а яна запляла белую і чырвоную стужку ў касу. Да мяне чапляліся за тое, што ў мяне на грудзях было напісана, што Беларусь жыве. «Няўжо вам дрэнна ад таго, што Беларусь жыве?» — пыталася. Кафка адпачывае, дыялёгі былі на мяжы фантасмагорыі. Так было разоў пяць. Асабіста я тройчы ўжо была ў РУУС. Трымалі некалькі гадзін для прафіляктычнай гутаркі, каб да 22 гадзіны не пасьпела трапіць да амбасады, і адпускалі. Аднойчы проста спыніўся аўтазак, выскачылі 12 чалавек, нічога ня кажуць, запіхнулі ў аўтазак і вывезьлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве каля амбасады Беларусі ўчора затрымалі дзевяць чалавек

Сьвятлана Мішурава лічыць, што цяпер у Маскве нават чалавек з расейскім пашпартам ужо ня можа адчуваць сябе спакойна.

— Піцерцам ужо так не «шанцуе», як нам. Як у Беларусі кажуць, добра, што далі 15 сутак, а не 15 гадоў, так мы кажам, што добра, што адвезьлі і выпусьцілі, а ня як у Піцеры — далі суткі. За што? Дзікая сытуацыя, калі слова «салідарнасьць» стала мацерным словам у Расеі. Паліцыянты наўпрост кажуць: вы што салідарнасьць выказваеце, вы што думку сваю выказваеце? А дзе ў законе напісана, што чалавек ня можа мець думкі? І гэты дыялёг заканчваецца спрадвечным: «вы ж разумееце, ёсьць указаньне, і вас тут ня будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы змагаюцца з тэрорам і беззаконьнем», — заявіла Агурбаш на атрыманьні ўзнагароды «Голас міру» ў Маскве. ВІДЭА

«Падняліся на Ісакіеўскі сабор і расьцягнулі бел-чырвона-белы сьцяг»

Уладзімер Драгун у судзе

Уладзімера Драгуна затрымлівалі ў Санкт-Пецярбургу за ўдзел у беларускіх акцыях салідарнасьці, ён трымаў галадоўку за кратамі. Беларусы Санкт-Пецярбургу ладзяць «гаражныя распродажы». Грошы, заробленыя такім чынам, ужо пайшлі на аплату штрафаў беларусам Санкт-Пецярбургу, а таксама ў падтрымку 16-гадовага палітвязьня Мікіты Залатарова, якому ў Беларусі далі 5 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі».

— Акрамя Мікіты Залатарова, Андрэя Прылуцкага, мы падтрымліваем і Сяргея Непагоду. Дыяспара скідваецца ім на перадачы. Раней мы з Русланам Хазіным падняліся на Ісакіеўскі сабор і расьцягнулі наш бел-чырвона-белы сьцяг памерам 5 на 2 мэтры. У выніку адседзелі па двое сутак у РУУС у чаканьні суду і заплацілі каля 150 даляраў штрафу. Другі раз мяне назвалі арганізатарам акцыі, на якой я ня быў...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Санкт-Пецярбургу ладзяць «гаражсэйлы», каб аплочваць штрафы і адвакатаў

«Калі малая дзяўчынка закрычала „Жыве Беларусь“, я ледзь не заплакаў»

Анжаліка Агурбаш і Сьвятлана Мішурава ля амбасады Беларусі ў Маскве

Сьвятлана Мішурава з Масквы зьвязвае ціск уладаў з тым, што беларускія акцыі салідарнасьці вітаюць і расейцы.

— Простыя расейцы, праходзячы побач, крычалі нам «Жыве Беларусь», праяўлялі салідарнасьць і спачуваньне. Гэта не магло не выклікаць раздражненьня ўладаў. Многія ня ведалі, што адбываецца ў Беларусі, бо глядзяць Салаўёва, а не тэлеграм-каналы. І мы ім расказвалі, што адбываецца насамрэч у Беларусі. Нават у РУУС маладыя паліцыянты, калі я расказвала ім, казалі, што ў Расеі такога ня можа быць. «Прабачце, а за што вы нас сюды тады прывезьлі — за тое, што я стаю ля амбасады ў бела-чырвонай вопратцы?» — пытаюся. Ёсьць людзі, якія лічаць нас дагэтуль «майданутымі», што развальваем і сваю краіну, і Расею. Але такіх людзей усё меней, усё больш людзей разумеюць. Нас падтрымліваюць вядомыя расейскія беларусы Анжаліка Агурбаш, Аляксандра Борціч.

Жаночы марш у Санкт-Пецярбургу 10 кастрычніка 2020

Уладзімер Драгун кажа пра падтрымку беларускіх акцый салідарнасьці кіраўніком фракцыі «Яблоко» ў Заканадаўчым сходзе Расеі Барысам Вішнеўскім.

— Яго называюць сумленьнем Пецярбургу. Нас падтрымлівае шмат моладзі. На беларускія акцыі прыходзіў вядомы расейскі блогер Руслан Усачоў. Памятаю, як я стаяў у адзіночным пікеце 14 верасьня, калі Лукашэнка паляцеў у Сочы прасіць грошы. Стаю з плякатам, а побач маладая сямʼя ідзе. І калі малая дзяўчынка закрычала «Жыве Беларусь», я ледзь не заплакаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запрашалі Макея і Пазьняка». Арганізатары — пра надзвычайны Сусьветны кангрэс беларусаў

«Цяпер у Расеі небясьпечна»

Сьвятлану Мішураву моцна ўзрушыла нядаўняе затрыманьне, а фактычна выкраданьне грамадзянаў Беларусі і ЗША ў Расеі.

— Сытуацыя жахлівая. Калі ў цэнтры Масквы можа выкрасьці грамадзяніна ЗША (хай ён і мае яшчэ беларускі пашпарт), калі можна проста выкрасьці чалавека і таемна вывезьці... Я асабіста тэлефанавала ў шпіталі, шукала Аляксандра Фядуту, бо яму дрэнна магло стаць. Пазьней стала зразумела ўсім, што яго выкралі. Гэта сьведчыць пра поўнае беззаконьне. Усім зразумела, што ліпавыя крымінальныя справы фабрыкуюць у Беларусі. Выкраданьне людзей у Маскве ідзе сьледам за выкраданьнем людзей у Беларусі. Цяпер у Расеі небясьпечна.

Вельмі страшны год. Жыцьцё падзялілася на да і пасьля. Гэтыя сем месяцаў я параўноўваю з 5 днямі «Норд-Осту». Тады я не магла спакойна жыць, ведаючы, што там сядзяць людзі, абкладзеныя выбухоўкай, і іх могуць зьнішчыць у любы момант. Так я сябе адчувала 5 дзён, а цяпер так адчуваю сябе 7 месяцаў. Там мае родныя, мае сябры, мае калегі, мая радзіма, і яна ўся замінаваная, уся ў руках варʼяцкай хунты, якая зьнішчае, зьнішчае і зьнішчае. Кожны дзень прачынаесься, чытаеш навіны і думаеш, што гэта ня можа быць праўдай.

Як доктар-рэаніматоляг я магу сказаць, што агонія ня можа працягвацца вечна. Гледзячы па крайні ідыятызм, што адбываецца на маёй радзіме, я лічу, што гэта агонія. Шакал, які памірае, пачынае кусаць усё вакол. Гэта ня можа працягвацца вечна, за агоніяй павінна наступіць наша перамога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзьце ў Беларусь, там і рабіце рэвалюцыю». Як дваім беларусам давялося пакінуць Расею за ўдзел у пратэстах

Уладзімер Драгун кажа, што ягонае жыцьцё падзялілася на да і пасьля 9 жніўня.

— Я размаўляў нядаўна тут з адным чалавекам у пагонах: «Іван Іваныч, прыедуць „красаўцы“ зь Беларусі, ці возьмеце пад сваё крыло? Будуць тут хадзіць, парадкі наводзіць». Ён кажа: «Ні ў якім разе, у мяне баявыя выезды ў Чачню. Той, хто біў бабулек і кашмарыў дзяцей, у маім падразьдзяленьні ня будзе». Я пытаюся: «А калі вам загадаюць узяць 20 чалавек у сваё падразьдзяленьне?» — «Так, такі варыянт можа быць, але доўга яны не прабудуць», — адказвае.

У мяне ёсьць добрая праца, і ня ўсе рады, што я па 9 сутак адсутнічаю праз арышт, калі кантракты трэба заключаць ці ў камандзіроўку ляцець. Мая пазыцыя зразумелая — я са сваім народам да канца. Усё, што магу рабіць у рамках прававога поля, буду рабіць дзеля дапамогі беларусам. Зямляцтва жыве. Калі забыцца, то, значыць, усё дарма, і нам дзеці гэтага не даруюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліцэйская машына зламалася». У Санкт-Пецярбургу не адбыўся суд па скарзе беларуса, які 6 дзён трымае галадоўку пратэсту

Your browser doesn’t support HTML5

Беларусы Масквы і Піцера: Агонія ня можа працягвацца доўга