Палітвязень, кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі роўна 300 дзён. Ён працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы. Па словах ягонай жонкі Дар’і, пакуль нават прыблізна невядома, калі матэрыялы перададуць у пракуратуру і суд. Гэта павінна адбыцца пасьля іх вывучэньня ўсімі фігурантамі. Адвакат Дзьмітры Лепрэтар даў падпіску аб неразгалошваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 300 дзён за кратамі. Галоўнае пра справу Ігара ЛосікаДэталі будучага працэсу сталі вядомыя дзякуючы Міколу Статкевічу, які напісаў пра іх у лісьце да сваёй жонкі Марыны Адамовіч.
«Мікола вывучаць матэрыялы справы адмовіўся»
Будучы судовы працэс супраць Міколы Статкевіча аб’ядналі са справамі яшчэ пяцёх палітвязьняў — Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзьмітрыя Папова, Уладзімера Цыгановіча (ён жа блогер МоzgOn. — РС) і Ігара Лосіка. Марына некалькі разоў прасіла Міколу расказаць пра падрабязнасьці ягонай справы. Некаторыя дэталі сталі вядомыя з інтэрвію кіраўніка сьледчай групы, якое апублікавала «Беларусь Сегодня».
«Шмат што вельмі красамоўна выдаў для СМІ спадар Агафонаў, кіраўнік вялікай сьледчай групы СК, якая займаецца справамі пратэстаў, — расказвае Марына Адамовіч. — Гэта было зроблена насуперак іх патрабаваньням да адвакатаў абвінавачаных, насуперак падпіскам аб неразгалошваньні матэрыялаў справы і дэталяў. Адвакат нічога ня мог расказаць. Нават пра тое, што мой муж адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі справы».
Ужо пасьля публікацыі Мікола Статкевіч даслаў жонцы ліст, дзе расказаў некаторыя падрабязнасьці. Марына Адамовіч лічыць, што цэнзура прапусьціла такое паведамленьне менавіта таму, што сьледчы і так апублічыў матэрыялы справы.
«Мікола напісаў, што ва ўсіх астатніх фігурантаў ёсьць яшчэ нібыта дадатковыя артыкулы, а яму прад’яўляюць толькі адзін 293, першая частка — арганізацыя масавых беспарадкаў, — расказвае Марына. — Мабыць, палічылі, што Мікола рэцыдывіст, у яго ёсьць нязьнятая судзімасьць. Напэўна, гэта і так дае ім магчымасьць прад’явіць вялікі тэрмін. У справе было першапачаткова 110 тамоў, пра што ён мне напісаў. Зараз, па маіх неправераных зьвестках, іх стала 170».
Марына Адамовіч кажа, што Мікола Статкевіч пазнаёміўся толькі зь некалькімі зь іх, пасьля чаго адмовіўся вывучаць астатнія матэрыялы абвінавачваньня. Палітвязень лічыць справу сфабрыкаванай. У выніку пад запіс паведаміў сьледзтву, што ня будзе саўдзельнічаць у іх злачынстве і адмаўляецца вывучаць матэрыялы.
«Сяргей Ціханоўскі вывучае абвінавачаньне супраць яго»
Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай, пацьвердзіла Свабодзе інфармацыю пра тое, што Сяргей Ціханоўскі цяпер заняты вывучэньнем матэрыялаў справы. У фондзе «Краіна для жыцьця» таксама паведамляюць пра гэта.
«Усё, што нам вядома, гэта тое, што Сяргей Ціханоўскі цяпер вывучае матэрыялы справы, — кажуць там. — Таксама верагодна, што ў бліжэйшы час будзе прызначаная дата суду».
Паплечнікі Сьвятланы Ціханоўскай таксама паведамілі Свабодзе, што маюць кантакт з роднымі двух актывістаў «Краіны для жыцьця», якіх затрымалі неўзабаве пасьля падзей у Горадні ў канцы траўня 2020 году, а цяпер, меркавана, будуць судзіць разам зь ім.
Гэта Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў. Вядома, што Сакава затрымалі праз два дні пасьля Ціханоўскага. Неўзабаве яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК РБ. — РС). Арцём Сакаў быў адным з апэратараў ютуб-канала Сяргея Ціханоўскага, а таксама ўваходзіў у ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай.
Дзьмітрыя Папова, які займаўся сацыяльнымі сеткамі «Краіны для жыцьця», затрымалі 4 чэрвеня 2020 году. Яго таксама абвінавацілі па 342 артыкуле.
«Дзіма знаходзіцца цяпер у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску, — сказала Свабодзе ягоная сястра Юлія. — Трымаецца добра, наколькі гэта магчыма, вывучае цяпер матэрыялы справы. Напісаў у лісьце, што там каля 150 тамоў. Ён грамадзянін Расеі, але, наколькі мне вядома, ніхто з консулаў да яго не прыяжджаў. Мы спрабуем дамагчыся сустрэчы зь ім у СІЗА, цяпер вырашаецца гэтае пытаньне».
«З усіх фігурантаў Мікола быў знаёмы толькі зь Ціханоўскім»
Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч ня ведаў асабіста амаль нікога з тых, з кім яго зьбіраюцца судзіць разам. Нейкія кантакты ў палітыка былі толькі зь Сяргеем Ціханоўскім.
«З улікам памеру справы і таго, што кожны па чарзе знаёміцца з матэрыяламі, гэта яшчэ нейкі час зойме. Магчыма, нават істотны. Дакладна ніхто ня ведае, калі дойдзе да суду. Я спадзявалася, што ў траўні, але ўжо складана меркаваць. У некага ёсьць 130-ы артыкул, а гэта падсуднасьць ня менш як абласнога суду. Таму судзіць будуць альбо ў Менску, альбо ў нейкім абласным цэнтры. Па маёй інфармацыі, акрамя Сяргея Ціханоўскага, Мікола з гэтых пяці чалавек нікога ня ведаў. Можа нехта на якой акцыі і падыходзіў, але яны не сябравалі. Такога, каб ён ведаў, што гэта Ігар Лосік, альбо яшчэ нехта, не было».