Праваабаронцы вызналі перасьлед Кірыла Казея, Юрыя Сяргея і Аляксея Павядайлы палітычна матываваным і затрабавалі вызваліць мужчын з-пад варты і спыніць крымінальныя справы супраць іх.
31 сакавіка суд Заводзкага раёну Менску пакараў 32-гадовага Юрыя Сяргея 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, а 37-гадовага Кірыла Казея — 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама абвінавачаныя мусяць сплаціць па 4350 рублёў штрафу.
Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «падрыхтоўка да зьдзяйсьненьня асабліва злоснага хуліганства» (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), «падрыхтоўка да наўмыснага зьнішчэньня альбо пашкоджаньня маёмасьці» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), «незаконнае захоўваньне боепрыпасаў» (ч. 3 арт. 295 КК).
На падставе маніторынгу судовага паседжаньня праваабаронцы вызначылі, што ў разглядзе былі грубыя працэсуальныя парушэньні, у выніку якіх абвінавачаных зьмясьцілі ў СІЗА толькі на 17-ы дзень пасьля затрыманьня. Дзяржаўныя органы парушылі права на разьбіральніцтва справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесьці пастанову адносна законнасьці іх затрыманьня і распарадзіцца аб іх вызваленьні, калі затрыманьне незаконнае.
Абвінавачаныя ў судзе ўтрымліваліся ў клетцы, што парушае стандарт прэзумпцыі невінаватасьці, падчас сьледзтва Казея пад катаваньнямі прымушалі да прызнаньня віны і самаабгавору, абарону абвінавачаных паставілі ў няроўнае становішча з абвінавачаньнем.
Гвалтоўныя намеры абвінавачаных суд не даказаў, а для высновы аб вінаватасьці выкарыстоўваліся «доказы з прыкметамі падробленых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуды ў крымінальных справах 31 сакавіка: 6 і 7 гадоў калёніі за намер адпомсьціцьТаксама палітвязьнем стаў Аляксей Павядайла, якога ў лютым у судзе Баранавіцкага раёну прызналі вінаватым па ч.1 арт. 295-3 КК і асудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле абвінавачаньня, Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі гаручае рэчыва, зь якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Экспэртыза вызначыла, што склад рэчыва быў блізкі да складу «кактэйлю Молатава».
Праваабаронцы заявілі, што Аляксея прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці пры адсутнасьці падзеі злачынства і прызначылі максымальнае пакараньне паводле дадзенага артыкулу ў адсутнасьць акалічнасьцяў, якія б абцяжарвалі віну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах трэнэра ў плаваньні асудзілі на два гады калёніі за «кактэйль Молатава»Праваабарончая супольнасьць запатрабавала ад уладаў неадкладнага перагляду вынесеных прысудаў у дачыненьні Казея, Сяргея і Павядайлы і вызваленьня іх з-пад варты з ужываньнем іншых захадаў, што забясьпечваюць іх яўку ў суд.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Хьюман канстанта»;
- Беларускі ПЭН-цэнтар;
- РГА «Прававая ініцыятыва»;
- Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend);
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.
Агулам у Беларусі па стане на 20 красавіка ўжо 357 палітычных зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе пацьвердзілі, што рыхтуюць чацьвёрты пакет санкцый у дачыненьні да ўладаў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віну не прызнаю, суду заяўляю адвод». Пачаўся суд па справе тэлеграм-каналу «Армія з народам» і Сяргея Спарыша з «Народнай грамады» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб