Прэзыдэнт Мілаш Зэман, вядомы сваімі прарасейскімі выказваньнямі, падтрымаў дзеяньні ўраду. Сам ён, аднак, не камэнтаваў сытуацыю (і абяцаў яшчэ тыдзень не камэнтаваць).
Ва ўрадзе Чэхіі далі зразумець, што расейская кампанія «Росатом» наўрад ці зможа прэтэндаваць на атрыманьне падраду на дабудову АЭС «Дукаваны». Паводле міністра прамысловасьці і гандлю Карла Гаўлічка, яе ўдзел у тэндэры цяпер «практычна выключаны». Пра тое самае сказаў выканаўца абавязкаў кіраўніка МЗС Ян Гамачэк.
Хутчэй за ўсё, «Росатом» не дапусьцяць нават да першай фазы адбору, падчас якой будуць правяраць кампаніі-прэтэндэнты з пункту гледжаньня бясьпекі. Канчатковае рашэньне прыме кабінэт міністраў. За права будаваць новы энэргаблёк, акрамя «Росатома», змагаюцца кампаніі з ЗША, Францыі і Паўднёвай Карэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Чэхіі высылаюць 18 расейскіх дыпляматаў і падазраюць «Пятрова» і «Башырава» ў датычнасьці да выбухаў 2014 годуЧэхія таксама заявіла, што вынесе пытаньне аб дывэрсіі расійскіх агентаў на абмеркаваньне кіраўнікоў МЗС краінаў Эўразьвязу. Краіны-саюзьнікі Чэхіі ў NATO, улучна з ЗША, падтрымалі дзеяньні Прагі.
МЗС Расеі прыгразіў Чэхіі «захадамі ў адказ» і выказаў Празе «рашучы пратэст» у сувязі з абвешчаным напярэдадні рашэньнем Прагі выслаць 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады. Гэтае рашэньне ў заяве МЗС Расеі названа беспрэцэдэнтным і прынятым з галаслоўных і надуманых прычын.
Расейскае зьнешнепалітычнае ведамства таксама ўбачыла ў рашэньні чэскіх уладаў «амэрыканскі сьлед» і назвала яго імкненьнем дагадзіць ЗША. «Чэскія ўлады нават пайшлі далей за сваіх заакіянскіх гаспадароў», — заяўляе МЗС РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыцын, маршал Конеў і трэція сілы. Чаму ў Чэхіі лічаць, што «расейскі агент» мог рыхтаваць атручваньне праскіх чыноўнікаўПрэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш і выканаўца абавязкаў міністра замежных справаў Чэскай рэспублікі Ян Гамачэк напярэдадні заявілі аб датычнасьці расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у 2014 годзе. Тады загінулі два чалавекі. Сьцьвярджаецца, што расейцы, якіх цяпер высылаюць з Чэхіі, — супрацоўнікі спэцслужбаў.
У той самы дзень паліцыя Чэхіі абвясьціла ў вышук двух чалавек, якія ў 2014 годзе — у дні, якія папярэднічалі выбуху — заехалі ў краіну з расейскімі пашпартамі на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Яны выкарыстоўвалі таксама пашпарты грамадзян Малдовы і Таджыкістану. Паводле паведамленьняў СМІ, менавіта іх чэскія ўлады падазраюць у дачыненьні да выбухаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая група не адным Навальным займалася». Хрыста Грозэў — пра атручваньні ў РасеіГаворка ідзе пра тых самых людзей, якіх у Вялікай Брытаніі падазраюць у атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры ў 2018 годзе. Сьцьвярджаецца, што яны супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі, вядомай як ГРУ, іх сапраўдныя імёны — Анатоль Чапіга і Аляксандар Мішкін. Дасьледнік групы Bellingcat Хрыста Грозеў піша, што ў той час у Чэхіі былі і іншыя супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі. Неўзабаве Bellingcat апублікуе пра гэта расьсьледаваньне.