У Пінску завялі крымінальную справу «за фінансаваньне пратэстаў» дабрачыннай арганізацыяй

Алена Шымоліна заснавала ў Пінску дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня». Відаць, яе і мае на ўвазе пракуратура пад ініцыялам Ш.

«Праз дабрачынную ўстанову яе кіраўніца Ш. выдзяляла фінансавае і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне для ўдзельнікаў незаконных масавых мерапрыемстваў», — заявіла пінская пракуратура.

За гэта пагражае арышт або зьняволеньне да двух гадоў паводле 2-й часткі арт. 342.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску ліквідуюць дабрачынную арганізацыю, заснавальніца якой зьбегла ад перасьледу ў Польшчу

23 сакавіка стала вядома, што ў Пінску ліквідуюць прыватную дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня». Яе заснавальніца Алена Шымоліна падчас выбарчай кампаніі дапамагала ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай і была назіральніцай на выбарах у Пінску.

Арганізацыя дапамагала дзецям з інваліднасьцю, малазабясьпечаным сем’ям, жанчынам, якія трапілі ў цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі, а пасьля жнівеньскіх пратэстаў — і пацярпелым ад рэпрэсій.

15 кастрычніка Алену Шымоліну затрымалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 18 жніўня. На наступны дзень судзілі, прызналі вінаватай. Арыштаваць не маглі, бо ў яе непаўналетняе дзіця. Пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь — 810 рублёў. Праз два дні быў ператрус у яе дома і чатырохгадзінны допыт. Пасьля гэтага Шымоліна зьехала з 13-гадовай дачкой ва Ўкраіну, потым пераехала ў Польшчу, цяпер у Чэхіі.

Актывістка сьцьвярджае, што здолела вывезьці за мяжу доказы гвалту сілавікоў над пінчукамі і хоча прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне быў заплечнік, 200 даляраў і доказы пра гвалт над 65 людзьмі». Гісторыя пінскай актывісткі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офіс дабрачыннага фонду ў Пінску прыйшлі зь ператрусам, забралі тэхніку