Спэктакль, які стварае нацыю. Што агульнага ў ірляндцаў з маленькай выспы і беларусаў?

Сцэна са спэктаклю Рэспубліканскага тэату беларускай драматургіі «Калека з вострава Інішман». Эйлін (Алена Баярава) і Кейт (Галіна Чарнабаева) Фота: Уладзіслаў Рахуба

Вельмі важна адчуваць, пра што трэба ставіць менавіта сёньня, калі многіх апанавалі прыкрыя пачуцьці расчараваньня, смутку, беспрасьветнасьці.

Гледачу патрэбна надзея, і галоўны рэжысэр Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Аляксандар Гарцуеў гэта выдатна разумее. 15 красавіка адбылася прэм’ера яго новага спэктакля «Калека з вострава Інішман» паводле п’есы Марціна Макдонаха. Здаецца, пры чым модны замежны драматург, які піша пра дзівакаватых жыхароў маленькага ірляндзкага вострава, да беларускай рэальнасьці?

Манахромна-шэрая гама (пастаянны мастак Гарцуева Юры Саламонаў паставіў на сцэне груба зьбітыя з дрэва прылавак крамы, сходы да ўмоўнага мора, лодку, рыбацкія сеткі) настройвае на нярадасны лад. Адразу згадваюцца ранейшыя пастаноўкі рэжысэра («Раскіданае гняздо», «Мудрамер», «Сірожа»), дзе ў сцэнаграфіі панавалі ўсе адценьні чорнага й шэрага, а разгубленыя героі, дабітыя нашай рэчаіснасьцю, асуджаныя на паразу і амаль заўсёды на сьмерць. Даволі часта ў пастаноўках Гарцуева панаваў разлад, пры якім вынік усіх жаданьняў — толькі гібель, маральная ці фізычная.

Сцэна са спэктаклю. Фота: Уладзіслаў Рахуба

У новым спэктаклі ня так.

На першы погляд здаецца, што і тут невялічкі лапік ірляндзкай выспы насяляюць знаёмыя ўжо гарцуеўскія дзівакі з надломленым лёсам. Пэрсанажам гэтак жа хочацца вырвацца ў нейкае лепшае, часьцей за ўсё выдуманае імі самімі, ідэальнае жыцьцё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З тэатру беларускай драматургіі на знак пратэсту звольніўся яшчэ адзін актор. ВІДЭА

У цэнтры падзей — гісторыя няшчаснага юнага калекі Білі (дзівосная роля аднаго з найлепшых артыстаў тэатру Аляксандра Ніканенкі), які марыць пра каханьне, хоча ўцячы з-пад навязьлівай апекі цётак-крамніц Кейт і Эйлін (шыкоўны дуэт Галіны Чарнабаевай і Алены Баяравай), марыць стаць зоркай Галівуда (на суседнім востраве амэрыканцы здымаюць новы фільм, і ўсе насельнікі Інішмана прагнуць стаць часткай гэтай стужкі). Зь беднага Білі кпяць, пасьмейваюцца, часам даюць кухталёў, кажуць, што ён ненармальны, але кожны з герояў гэтаксама носіць у сабе нейкае зьнешняе ці ўнутранае калецтва, у кожнага ёсьць свой эмацыйны вывіх.

Калека Білі (Аляксандр Ніканенка), Эйлін (Алена Баярава) і Кейт (Галіна Чарнабаева). Фота: Уладзіслаў Рахуба

Героі могуць падацца нават жорсткімі: у спэктаклі прысутнічае даволі рэзкая й брутальная сцэна — псыханутая Хэлен Чума (Кацярына Жалудок) пад імпульсіўна-нэрвовую ірляндзкую полечку (пастаянны кампазытар Гарцуева Зьміцер Фрыга) разьбівае курыныя яйкі аб галаву свайго брата, аматара чупа-чупсаў Бартлі (вельмі цікавая роля заўсёды рознага Максіма Шышко).

Хелен Чума (Кацярына Жалудок) і Бартлі (Максім Шышко). Фота: Уладзіслаў Рахуба

Але паступова бачыш, што ўсе гэтыя вонкавыя брутальныя выбрыкі — адно толькі маска, за якой хаваюцца насамрэч пяшчотныя, добрыя, спагадлівыя людзі, для якіх галоўнае — клопат за сваіх блізкіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускамоўны спэктакль цяжэй прадаць». Рэжысэр з Магілёва пра лёс беларускіх пастановак

Тая ж Хэлен Чума цалкам утрымлівае брата і пад фінал нават дорыць яму тэлескоп, пра які ён так марыў, суворы Малыш Бобі (ляканічны Мікіта Чабатар) шкадуе калеку Білі і перавозіць яго на адзінай на востраве лодцы туды, дзе здымаюць фільм. Найбольш кранальна глядзіцца крамніца Эйлін. Алена Баярава стварае вельмі тонкі вобраз прыгожай, вонкава строгай, нават халоднай жанчыны, што аддала ўсё сваё жыцьцё, увагу і клопат сваёй сястры-напаўвар’ятцы і калеку Білі, да якога ставіцца зь незвычайнай пяшчотай.

Калека Білі (Аляксандр Ніканенка) і Малыш Бобі (Мікіта Чабатар). Фота: Уладзіслаў Рахуба

Гарцуеў паставіў самотную, але разам з тым вельмі сьветлую прыпавесьць пра маленькіх, быццам бы сьмешных людзей, якія ўмеюць рабіць самае галоўнае — любіць і падтрымліваць адзін аднаго.

Спэктакль пачынаецца з імклівага ірляндзкага танца, калі ўсе героі самазабыўна, кожны па-свойму аддаюцца вясёлай харэаграфіі, а завяршаецца ізноў жа па-дзіцячы кранальнай гульнёй у хакей паміж калекам Білі і Бартлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэктакль «Чарнобыльская малітва» паводле кнігі Алексіевіч зьнялі з праграмы тэатру ў Менску на 26 красавіка

Якое мае дачыненьне новы спэктакль Аляксандра Гарцуева да Беларусі?

Самае непасрэднае. Мы, як тыя ірляндцы з усімі забытай выспы, пачуваемся сёньня няўпэўнена, самотна, закінута, для многіх Беларусь цяпер закрытая зона шэрага смутку, дзе цябе могуць чакаць толькі прыкрыя неспадзяванкі, дзе ты адчуваеш сваю неабароненасьць і немагчымасьць нічога зьмяніць.

Героі з вострава Інішман гэтаксама залежныя, як быццам асуджаныя ўсё жыцьцё існаваць у падобнай шэрай пастцы, дзе ёсьць толькі груба зьбітая з дошак крамка (у якой шмат гароху, але няма нават чупа-чупсаў), дзе стаіць адзінокі пірс і такая ж адзінокая лодка, гэтая прывідная надзея на марныя ўцёкі.

Хелен Чума (Кацярына Жалудок) і калека Білі (Аляксандр Ніканенка). Фота: Уладзіслаў Рахуба

Але Гарцуеў упэўнены: калі ты ня будзеш патанаць у акіяне самашкадаваньня, дэпрэсіі, калі ўсю сваю энэргію станеш накіроўваць на свайго бліжняга, калі клопат за іншага пераважыць уласныя эгаістычныя памкненьні, тады ёсьць шанец на паратунак, тады мы ацалеем і яшчэ выйдзем у адным вясёлым нацыястваральным і яднальным масавым танцы, дакажам, што мы ёсьць, мы не зьмірыліся і сонечныя дні неўзабаве разгоняць сёньняшнюю шэрую скруху.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.