Крама «Вясёлка» на вуліцы Берасьцейскай у Пінску закрылася 6 красавіка. За тыдзень да гэтага адміністрацыя сабрала работнікаў і паведаміла, што аб’ект пераходзіць да «Санта-рэтэйл». Пра гэта Tut.by расказала гандлярка Марыя, якая выхоўвае пяцярых дзяцей.
«Сказалі, што нас „Санта“ выкупіла. Мы хадзілі на працу, бо ніхто ня ведаў, калі закрыюць. 5 красавіка выйшлі, як у звычайны працоўны дзень — і нам заявілі, што працуем апошні дзень, ад заўтра закрываемся. Але разьліку так і не далі, у канцы сакавіка толькі аванс атрымалі», — наракае жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Менскім малаказаводзе № 1, адкуль масава звольніліся работнікі, мяняюць кіраўніка — «страціў кантакт з калектывам»«Гандлёвы дом „Вясёлка“ закрыўся, а нас пра гэта не папярэдзілі загадзя, — дадаў абвальшчык Міхаіл, які засеў з калегамі ў краме на Берасьцейскай. — Проста 5-га красавіка паставілі перад фактам, што апошні працоўны дзень. Сказалі звальняцца па ўласным жаданьні зь пераводам у „Санту“, там гатовыя ўзяць усіх. А што нам рабіць два месяцы, пакуль будзе пераабсталёўвацца крама? Прапанавалі ісьці за свой кошт. А ў многіх крэдыты».
16 красавіка работнікаў запрасілі на сустрэчу ў закрытую краму.
«Сказалі сёньня а 9-й туды прыйсьці. Маўляў, пішыце заявы з уласнага жаданьня. Мы адмовіліся», — паведаміла Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 2 тысячы за 5 гадоў толькі на адным заводзе. Як скарачаецца колькасьць супрацоўнікаў заводаўРаботнікі «Вясёлкі» вырашылі не разыходзіцца да таго часу, пакуль не атрымаюць уцямнага адказу.
«Людзі хочуць звольніцца з кампэнсацыяй у памеры трох сярэдніх заробкаў. Не зь пераразьлікам нявыкарыстанага адпачынку, як нам кажуць, а з кампэнсацыяй. Але нам адміністрацыя прапанавала звольніцца толькі пры згодзе бакоў», — дадае Міхаіл.
Да работнікаў ужо прыяжджалі чыноўнікі Пінскага гарвыканкаму і прадстаўнікі «Санта-рытэйл».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» скончыў мінулы год са стратамі на 85 мільёнаў. А што на іншых заводах?«Мы патлумачылі прадстаўніку „Санты“, што да рытэйлера ў нас няма ніякіх пытаньняў. Усе будуць радыя перайсьці да іх працаваць. Пытаньні засталіся да „Вясёлкі“ і кіраўніцтва», — падсумаваў Міхаіл.
Пакрыўджаныя работнікі склалі калектыўны зварот у інспэкцыю аховы працы.