12 красавіка жонка паведаміла пра зьнікненьне ў Маскве палітоляга Аляксандра Фядуты. 13 красавіка КДБ Беларусі пацьвердзіў, што Фядута затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску. Прыкладна ў тыя ж дні стала вядома, што ў Маскве 11 красавіка быў затрыманы грамадзянін Беларусі, адвакат з ЗША Юрась Зянковіч, у якога ёсьць амэрыканскае грамадзянства і які з 2007 году жыве за мяжой. Ён таксама быў адпраўлены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паляваньне КДБ у Маскве: Справа Кастусёва, Фядуты, Зянковіча«Я размаўляла з мэнэджэрам гатэля. Ён расказаў, што супрацоўніца гасьцініцы бачыла з акна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: „Мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызьме“. Памахалі пасьведчаньнямі, сказалі, што са спэцслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы», — расказала Алена Дзянісавец, жонка Зянковіча. Пра тое, што Зянковіча затрымалі ў Маскве менавіта беларускія спэцслужбы, яго жонцы пацьвердзіў дзяржаўны адвакат зь Беларусі Павел Ульянцаў.
Раней беларускія ўлады актыўна супрацоўнічалі з расейскімі сілавікамі, калі ім трэба было затрымаць беларусаў у Расеі, але непасрэдныя затрыманьні ўсё ж праводзілі расейскія сілавікі з МУС і ФСБ: менавіта так затрымлівалі ў студзені 2020-га байца ММА Аляксея Кудзіна, кікбаксёра Яўгена Шыбалюка або антыфашыста зь Берасьця Андрэя Казімірава. На ўсіх траіх у Беларусі заведзеныя справы на падставе ўдзелу ў пратэстах.
Аднак затрыманьні Фядуты і Зянковіча, па ўсёй бачнасьці, праводзілі менавіта супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў — на тэрыторыі суседняй дзяржавы, падкрэсьлівае ў размове з «Настоящим временем» расейскі праваабаронца Раман Кісялёў, кіраўнік прававых праграмаў Маскоўскай Гэльсынскай групы. Ён і яго арганізацыя часта займаюцца справамі беларусаў, якіх затрымліваюць у Расеі і перадаюць у Беларусь.
Па словах Кісялёва, такія «нефармальныя практыкі» ў беларускіх спэцслужбаў сапраўды існуюць, хоць яны і незаконныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПЭН-цэнтры Беларусі і Расеі запатрабавалі вызваленьня Аляксандра Фядуты— Хачу з вамі пагаварыць пра гэтя апошнія два выпадкі. Мы афіцыйна ня ведаем, кім былі затрыманыя ў Маскве і Фядута, і Зянковіч. Ці ёсьць у вас здагадкі?
— На самой справе тут сапраўды вельмі заблытаная на дадзены момант інфармацыя, і мы спрабуем скаардынавацца з нашымі калегамі ў Беларусі, для таго каб атрымаць першасныя сьведчаньні саміх людзей, якія ў выніку туды былі вывезеныя. Але па той інфармацыі, якая на дадзены момант у нас ёсьць, існуюць усе падставы падазраваць, што да іх выкраданьня непасрэдна датычныя менавіта беларускія спэцслужбы. Таму ўзьнікае вельмі сур’ёзнае пытаньне: на якой падставе яны на тэрыторыі суседняй дзяржавы ажыцьцяўляюць падобную дзейнасьць? Трэба тут, праўда, сказаць, што гэта нярэдкі выпадак.
— Што важна: беларускія сілавікі паставілі ў вядомасьць расейскіх? Я так разумею, што згодна з заканадаўствам такія дзеяньні магчымыя, але з паведамленьнем сілавікам тых краінаў, на тэрыторыі якіх працуюць супрацоўнікі спэцслужбаў іншых краінаў?
— На самой справе не. Такія апэрацыі немагчымыя, па законе патрабуецца так ці інакш захаваньне экстрадыцыйнай працэдуры.
Ёсьць два спосабы, якім чынам можна вытурыць замежніка з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі на падставе нейкіх крымінальных спраў на тэрыторыі трэцяй краіны.
Першы — скарыстацца афіцыйным мэханізмам экстрадыцыі. Яна прадугледжвае, што чалавека спачатку абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук па спэцыяльнай сыстэме. Расейская Фэдэрацыя ўхваляе: «добра, так, давайце адшукваць гэтага чалавека». Яна яго знаходзіць, пасьля чаго паведамляе беларускаму боку, што тут яна яго зьмяшчае ў СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская амбасада паабяцала юрыдычную дапамогу затрыманаму КДБ грамадзяніну ЗША Юрасю ЗянковічуВось гэтыя гісторыі — гісторыі шасьці беларусаў, якія на дадзены момант знаходзяцца пад вартай у Расейскай Фэдэрацыі, — яны афіцыйным чынам праходзяць праз экстрадыцыйныя працэдуры. То бок гэта ўсталяваны законам працэс, пры якім выконваецца прынцып правасудзьдзя.
А вось гэтыя дзьве апошнія гісторыі — зь Фядутам і Зянковічам — цалкам выбіваюцца з гэтага шэрагу. Таму што другі спосаб, які я згадаў, — гэта магчымасьць выправаджэньня чалавека з выкарыстаньнем міграцыйных працэдур.
— Але, зноў жа, затрымаць для выправаджэньня чалавека павінны расейскія сілавікі?
— Так. Беларусы ў гэтым сэнсе ніякім чынам ня могуць рабіць нейкіх гвалтоўных дзеяньняў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.
— Ну, а як тады, як вы кажаце, маглі гэта зрабіць беларускія спэцслужбы?
— Яны маглі проста прыехаць і забраць. Я згадаў, што ёсьць «нефармальныя» практыкі, якія часам існуюць. І ў гісторыі Расейскай Фэдэрацыі былі выпадкі, калі супрацоўнікі КДБ па дамоўленасьці з расейскай Фэдэральнай службай бясьпекі праводзілі падобныя затрыманьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Зянковіча: Да Юрася пусьцілі адваката, але я яму ня веруГэта незаконны працэс, але там, відавочна, нейкія ўнутраныя бываюць дамоўленасьці наконт вытурваньня тых ці іншых людзей. Такія гісторыі ў нас былі і з Азэрбайджанам, і з Таджыкістанам. Яны адбываюцца з году ў год, і ў гэтым сэнсе я б не сказаў, што гэта варʼяцкая рэдкасьць. Але пры гэтым гэта, вядома, катэгарычная грубасьць у адносінах да расейскага закону і расейскага сувэрэнітэту.
— Я ўзгадваю два такія выпадкі, але ўжо з боку расейскіх спэцслужбаў. Першае — калі быў выкрадзены адзін зь фігурантаў Балотнай справы ў Кіеве (Леанід Развазжаеў. — НВ), а потым другі: украінец якраз быў затрыманы ў Беларусі і таксама такім жа чынам выкрадзены (Павел Грыб. — НВ).
— Так, такія гісторыі бываюць і з боку расейскіх спэцслужбаў, так.
— На вашай памяці калі-небудзь рассакрэчваліся ў выніку такія апэрацыі? Мы даведваліся калі-небудзь падрабязнасьці, хто і на якіх падставах аддаваў загады? Неяк потым гэта расьсьледавалася?
— Не, на жаль, не. Фэдэральная служба бясьпекі часьцей за ўсё, на жаль, гэтым і зарабляе. Яны, бывае, нават не дамаўляюцца зь іншымі дзяржаўнымі службамі. Бываюць выпадкі, калі Генэральная пракуратура скажа: «Не, мы ня будзем выдаваць гэтага чалавека», і яго вызваляюць. А потым на выхадзе зь СІЗА яго бяруць пад ручкі і вывозяць у невядомым кірунку, а потым ён аказваецца ў іншай краіне.
Таму ніякіх расьсьледаваньняў, на жаль, не было. Але менавіта тут мы як праваабаронцы ставім перад сабой задачу разьвіваць гэты кірунак, каб гэта не заставалася нейкай зонай беспакаранасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Маскве юрыст Зянковіч пісаў пра стварэньне дружынаў народнай самаабароны