Зь Беларусі яшчэ да выбараў зьбіраліся зьехаць 145 тысяч чалавек. Большасьць — на сталае месца жыхарства

Памежны пераход, ілюстрацыйнае фота

145 793 — столькі людзей ва ўзросьце ад 15 да 74 гадоў плянавалі зьехаць зь Беларусі яшчэ ў 2019 годзе.

Гэта вынікі перапісу, які апублікаваў Белстат. Зь іх 58 тысяч чалавек плянавалі выехаць на працу, 19 тысяч — па сямейных абставінах, 11 тысяч — на вучобу.

79 тысяч чалавек зьбіраліся выяжджаць назаўжды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рай для фрылансэраў». Айцішнікі зь Беларусі заснавалі цэнтар распрацовак на Азорах 

Большасьць тых, хто зьбіраўся зьехаць, — мужчыны

Сярод тых, хто зьбіраўся зьяжджаць, 84 тысячы мужчын і 64 тысячы жанчын. 43 тысячы мужчын і 35 тысяч жанчын зьбіраліся на сталае месца жыхарства.

Большасьць тых, хто зьбіраўся зьяжджаць, — маладыя людзі ўзростам 20–24 гады, такіх 27 тысяч. Але зьбіраліся зьяжджаць і людзі ва ўзросьце 70–74 гады — такіх 689 чалавек.

137 тысяч з тых, хто зьбіраўся зьехаць, — людзі працаздольнага ўзросту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымская зона. Як беларускі прадпрымальнік жыве ва ўмовах антырасейскіх санкцый

Найбольш зьяжджаюць жыхары гарадоў

З тых, хто зьбіраўся зьехаць, большасьць — гараджане: 129 тысяч чалавек. Зь іх найбольш моладзі ўзростам 20–24 гады — 25 тысяч чалавек. Зьбіраліся зьяжджаць і людзі, старэйшыя за працаздольны ўзрост, такіх 4 тысячы чалавек.

За мяжу зьбіраліся і 16 тысяч жыхароў вёсак. Большасьць — ва ўзросьце 25–29 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская віла ў Гандурасе, або Рай у краіне трэцяга сьвету

Зьяжджаюць людзі з вышэйшай адукацыяй

59 тысяч чалавек, якія зьбіраліся зьехаць, маюць вышэйшую адукацыю, 33 тысячы — сярэднюю спэцыяльную, 32 тысячы — агульную сярэднюю адукацыю. Адукацыя ніяк не ўплывала і на мэты выезду: абсалютная большасьць мелася ехаць па працу.

Зьехаць магло значна больш

Выбары і палітычны крызіс у Беларусі вымусілі выехаць многіх людзей. Па дадзеных dev.by, толькі ІТ-спэцыялістаў зьехала 15%. Паводле Белстат, у ІТ летась працавалі 134,5 тысячы чалавек, гэта значыць, маглі выехаць 20 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя пратэставай сям'і: бацька адседзеў 65 сутак, на маці штраф $1500, дачка спрабавала суіцыд

Згодна зьвестак МУС, на працу летась выехалі 4 тысячы беларусаў. Але дадзеныя суседзяў кажуць зусім іншае: за паўгода 7,5 тысячы беларусаў атрымалі часовы від на жыхарства ў Літве, 12 тысяч — атрымалі нацыянальныя візы. Гэта дадзеныя са жніўня па лістапад.

Паводле статыстыкі на кастрычнік мінулага году, у Польшчу зьехалі 10 тысяч чалавек, ва Ўкраіну — 3 тысячы.