Лукашэнка — Аліеў: Армэнія — трэці лішні

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, Баку, 14 красавіка 2021

Як у Армэніі ўспрымаецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан, яго ацэнкі вынікаў нядаўняй армянска-азэрбайджанскай вайны? Што азначае для Армэніі яе сяброўства ў АДКБ? Ці можа Лукашэнка памірыць Баку і Ерэван? Ці шкадуе Нікол Пашыньян, што летась павіншаваў Лукашэнку зь перамогай на выбарах?

На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае армянскі палітычны аналітык, дырэктар Ерэванскага прэс-клюбу Барыс Навасардʼян.

Навасардʼян

  • Візыт Лукашэнкі ў Баку не зрабіў у Армэніі вялікага ўражаньня, бо яго пазыцыя адносна армянска-азэрбайджанскіх адносінаў даўно відавочная
  • У Ерэване наконт гэтага ні ў кога няма ніякіх ілюзіяў.
  • Да нядаўняга часу Беларусь уваходзіла ў тройку самых буйных экспартэраў зброі ў Азэрбайджан.
  • У Армэніі памятаюць гісторыю з блогерам Аляксандрам Лапшыным, якога затрымалі ў Беларусі і выдалі Азэрбайджану, дзе ён трапіў у турму.
  • Ільхам Аліеў хоча «пакласьці пад добры адсотак» сваю перамогу ў Нагорным Карабаху.
  • На гэта скіраваныя розныя міжнародныя кантакты прэзыдэнта Азэрбайджану.
  • Нядаўна адбыўся саміт цюркамоўных народаў, дзе была выказаная падтрымка дасягненьням Азэрбайджану ў гэтай вайне.
  • У гэтым саміце ўзялі ўдзел чальцы АДКБ Казахстан і Кіргізстан.
  • Калі мы гаворым пра палітыку Расеі ў рэгіёне, пра збалянсаванасьць гаварыць не даводзіцца, Расея зыходзіць выключна са сваіх інтарэсаў.
  • Хочам мы таго ці не, але Расея зьяўляецца адзіным гарантам бясьпекі Армэніі.
  • У адрозьненьне ад гэтага, ані Беларусь, ані Лукашэнка ніколі не заяўлялі, што гатовыя, разам з пастаўкамі зброі ў Азэрбайджан, неяк спрыяць падвышэньню бясьпекі Армэніі.

Барыс Навасард'ян

  • У пытаньні Карабаскага канфлікту Лукашэнка заўсёды падтрымліваў Баку ўсімі магчымымі сродкамі.
  • Заявы Лукашэнкі наконт вынікаў вайны, зробленыя ў Баку, ня надта адрозьніваліся ад заяваў зь іншых сталіц, прыкладна гэта ж казалі і ЗША, і сустрашыні менскай групы АБСЭ па Карабаху, і Расея.
  • Спыненьне баявых дзеяньняў, хай і на прынізьлівых, капітулянцкіх умовах, дае пэўныя шанцы на дасягненьне нейкага кампрамісу.
  • Сумневы армянскага боку могуць выклікаць заявы беларускага лідэра наконт таго, што канфлікт канчаткова вырашаны. У гэтым ён салідарызуецца зь Аліевым.
  • Ён адвешвае поўхі дыпляматам зь менскай групы АБСЭ па Карабаху, кажучы ім, што яны за 26 гадоў нічога не зрабілі і цяпер у іх няма ніякай ролі.
  • Ёсьць два фактары, якія могуць зрабіць замежную дзяржаву важным пасярэднікам: альбо яе моцны ўплыў на краіны рэгіёну, альбо гэтая краіна мусіць быць роўнааддаленая і ўспрымацца як канструктыўны мэдыятар.
  • У Беларусі калі ўплыў ёсьць, то толькі на Азэрбайджан, у Армэніі няма сумневаў, на чыім баку кіраўніцтва Беларусі.
  • У Армэніі выдатна разумеюць, што для гарантаваньня яе бясьпекі АДКБ як арганізацыя ніякай ролі не адыгрывае.
  • АДКБ мае значэньне выключна ў пляне двухбаковых армянска-расейскіх адносінаў.
  • У свой час Лукашэнка прапаноўваў, каб у складзе міратворцаў, якія мусяць быць разьмешчаныя ў Нагорным Карабаху, былі беларускія вайскоўцы.
  • У Лукашэнкі даўняя зацікаўленасьць, каб адыгрываць у рэгіёне большую ролю. Мяркую, што спробы гэтага будуць рабіцца і ў далейшым, але гэта ня будзе ўспрынята ў Армэніі як нэўтральны ўдзел роўнааадаленага гульца.
  • Леташняе віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай на выбарах ад Пашыньяна я б не разглядаў у кантэксьце двухбаковых адносінаў.
  • Тады для яго была важная падтрымка з боку Масквы, у тым ліку і падтрымка яго асабіста.
  • Віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай на выбарах было адрасаванае выключна Маскве.
  • За апошнія гады ў Пашыньяна ёсьць столькі падставаў шкадаваць наконт таго, што ён зрабіў ці не зрабіў, што маленькі эпізод зь віншаваньнем Лукашэнкі зь перамогай наўрад ці адыгрывае істотную ролю.