Як паведамілі ініцыятары ўзгнагароджваньня, прэмія імя Льва Копелева за мір і правы чалавека сёлета прысуджаецца прадстаўніцам Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай, Вераніцы Цапкале.
Аналягічнай прээміяй за 2020 год, уручэньне якой адклалі ў сувязі з пандэміяй, адзначаць расейскую мэдыяарганізацыю «ОВД-Инфо» і гісторыка Юрыя Дзьмітрыева. Аб’яднаная цырымонія пройдзе онлайн, пра дату арганізатары паведамяць дадаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў размове з Сурвілай: Мы не здалісяУ анатацыі ўзнагароды адзначаецца, што Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала «зь велізарнай мужнасьцю вядуць палітычную і асабістую барацьбу за дэмакратыю і супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі».
«Гэтыя адважныя жанчыны сталі тварам мірнага пратэсту ў Беларусі. Пачынаючы са жніўня 2020 году, масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў душацца аўтарытарным кіраўніком Лукашэнкам з крайняй жорсткасьцю. Празь перасьлед Ціханоўская і Цапкала вымушаныя былі пакінуць краіну. Калесьнікава аказала супраціў пры спробе выправадзіць яе з краіны і знаходзіцца ў турме. Рэпрэсіі іх не зламалі. Сьвятлана Ціханоўская пры падтрымцы Эўрапарлямэнту і цяпер змагаецца за новыя і сумленныя выбары ў краіне», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна адчувае сябе больш свабоднай, чым супрацоўнікі турмы», — бацька палітзьняволенай Марыі КалесьнікавайЛяўрэаты прэміі зьяўляюцца прадаўжальнікамі традыцый гуманіста і пісьменьніка Льва Копелева, які правёў апошнія гады жыцьця ў Кёльне. 10 гадоў ён быў вязьнем ГУЛАГу, у 1981-м яго пазбавілі савецкага грамадзянства. Памёр ён у 1997 годзе.