Гутарка адбывалася праз zoom.
Падчас размовы Сьвятлана Ціханоўская расказала пра надзённыя мэты, сярод якіх — спрыяньне як найхутчэйшаму вызваленьню ўсіх, хто цяпер знаходзіцца за кратамі ў выніку палітычнай актыўнасьці і грамадзянскай пазыцыі. Гэтую тэму яна ўздымае на ўсіх сустрэчах з эўрапейскімі палітыкамі і праваабаронцамі. Сьвятлана Ціханоўская паведаміла пра некаторыя цяжкасьці, якія даводзіцца пераадольваць.
«Магчыма, у кагосьці складваецца ўражаньне, што мы здаліся, але гэта ня так, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Проста нашы людзі хочуць, каб усё адбывалася мірным шляхам».
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць ролі Рады БНР у справе аб’яднаньня беларусаў па ўсім сьвеце.
Івонка Сурвіла сказала, што захопленая вытрымкай тых беларусаў, якія змагаюцца за тое, каб Беларусь была вольнай і дэмакратычнай. «Вы вельмі шмат робіце, Сьвятлана, каб увесь сьвет не забываўся пра Беларусь і дапамагаў нашым людзям у іх справядлівым змаганьні» — падкрэсьліла старшыня Рады БНР.
Было прыгадана, што сёлета 25 жніўня споўніцца 30 гадоў, як Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай, і што незалежнасьць сваёй дзяржавы павінна заставацца для беларусаў найважнейшай каштоўнасьцю.