Стала вядома, што муж затрыманай праваабаронцы Тацяны Гацура-Яворскай Ўладзімір Яворскі, які мае ўкраінскае грамадзянства, зьехаў зь Беларусі пад пагрозай дэпартацыі. Уладзімір з малодшым сынам Данілам ужо зьехалі ва Ўкраіну.
Агулам у сям'і чацьвёра дзяцей, агульны ў Тацяны і Ўладзіміра малодшы сын Данік, якому ў траўні споўніцца 8. Старэйшыя Кастусь і Альгерд вучацца ў Кіеве, дачка Рагнеда зьбіраецца паступаць у БДУ.
Самой Тацяне Гацура-Яворскай сёньня мусяць прад’явіць абвінавачваньні ці адпусьціць.
Заснавальніцу грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Тацяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка.
Як падазраюць у «фінансаваньні беспарадкаў». Такая фармулёўка значылася ў санкцыях на ператрусы, якія напярэдадні супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю ўчынілі ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы падазраванай.
Санкцыя згаданага крымінальнага артыкулу прадугледжвае да трох гадоў зьняволеньня. 12 красавіка беларускія праваабронцы прызналі Тацяну Гацуру-Яворскую палітычнай зьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу і культурную арганізатарку Гацуру-Яворскую прызналі палітзьняволенай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу і культурную арганізатарку Тацяну Гацуру-Яворскую падазраюць у «фінансаваньні беспарадкаў»