Паводле турэцкіх дыпляматычных крыніц, пасольства ЗША ў Анкары паведаміла МЗС Турэччыны пра скасаваньне рашэньня аб адпраўцы караблёў. Пра гэта стала вядома агенцтву Reuters.
Раней ЗША плянавалі праход караблёў у Чорнае мора на 14 і 15 красавіка на фоне росту напружанасьці на расейска-ўкраінскай мяжы і канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы анэксаванага Крыму. Мэтаю манэўру караблёў была дэманстрацыя падтрымкі Ўкраіны з боку ЗША і іх саюзьнікаў, перадае «Голас Амэрыкі».
Паводле неназваных крыніцаў у адміністрацыі ЗША, запыт на праход караблёў не абавязкова значыць, што караблі пройдуць у пазначаны час. Гэта хутчэй гарантыя таго, што караблі могуць прайсьці ў выпадку патрэбы. Адпраўку караблёў у Чорнае мора Вашынгтон не пацьвярджаў.
Расея ў сваю чаргу папярэдзіла ЗША, каб яны трымаліся далей ад Крыму. Нарошчваньне войскаў на мяжы з Украінай расейскія ўлады патлумачылі вучэньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея перакінула да заходняй мяжы дзьве арміі і тры злучэньні дэсантнікаў13 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн пагутарыў па тэлефоне з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падкрэсьліўшы непахісную прыхільнасьць ЗША сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і заклікаўшы Расею зьнізіць напружанасьць, паведамляе прэсавая служба Белага дому.
Прэзыдэнт ЗША выказаў заклапочанасьць з прычыны нарошчваньня расейскіх сілаў у Крыме і на мяжы з Украінай.
Байдэн таксама даў зразумець, што Злучаныя Штаты будуць дзейнічаць «цьвёрда», абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы ў адказ на дзеяньні Расеі, такія, як кібэратакі і ўмяшаньне ў выбары. Ён таксама прапанаваў Пуціну правесьці асабістую сустрэчу ў найбліжэйшыя месяцы ў трэцяй краіне — для абмеркаваньня ўсяго комплексу пытаньняў, якія стаяць перад ЗША і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ правяла антытэрарыстычныя вучэньні ва ўсіх памежных зь Беларусьсю абласьцях. Якія навыкі адпрацоўвалі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пагутарыў па тэлефоне з Пуціным і прапанаваў сустрэцца