13 красавіка сілавікі затрымалі Андрэя Новікава, валянтэра ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, паведаміў тэлеграм-канал «Страна для жизни».
Раней Андрэй 7 месяцаў быў палітычным зьняволеным у менскім СІЗА на Валадарскага ў рамках «справы Ціханоўскага». Вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). 26 лістапада 2020 году Новікава дэпартавалі ў Расею, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў.
Як удалося высьветліць Свабодзе, Андрэй Новікаў усё ж прыехаў у Беларусь. Сілавыя органы дазналіся пра гэта і затрымалі яго прыкладна ў 21:30 у Паставах. Ён прыехаў туды наведаць жонку зь дзецьмі. У Андрэя паўтарагадовая дачка і яшчэ адна дачка з інваліднасьцю.
Яго прывезьлі ў Пастаўскі РАУС. Папярэдне былому палітвязьню інкрымінуюць арт. 371 КК РБ («Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь»). У пятніцу 16 красавіка ў прысутнасьці адваката яму прад’явяць афіцыйнае абвінавачаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далі ў рукі пашпарт з забаронай прыяжджаць у Беларусь 10 гадоў». Палітвязьня і былога сілавіка Андрэя Новікава вывезьлі ў РасеюПры гэтым Андрэй Новікаў, нягледзячы на наяўнасьць расейскага пашпарта, прапісаны ў Беларусі, у Лужасьне Віцебскага раёну.
У жонкі Новікава Вольгі, якая жыве ў вёсцы Прусы на Пастаўшчыне, сілавікі 14 красавіка правялі вобшук. Пра гэта паведаміла знаёмая сям'і. Што шукаюць міліцыянты, невядома.
Пра абставіны свайго знаходжаньня за кратамі Новікаў падрабязна расказаў Свабодзе ў інтэрвію ў сьнежні. Тады ж ён адзначыў, што як былы сілавік цудоўна бачыць настроі беларускіх міліцыянтаў. Па словах Новікава, тыя выдатна ўсьведамляюць, што парушаюць закон, але працягваюць перавышаць паўнамоцтвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзьце ў Беларусь, там і рабіце рэвалюцыю». Як дваім беларусам давялося пакінуць Расею за ўдзел у пратэстах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прыпыніў рашэньне аб высылцы жыхара Баранавічаў пасьля таго, як яго ўжо дэпартавалі