DW прапануе агляд барацьбы з пандэміяй за 14 красавіка
Вірусам SARS-CoV-2 з пачатку пандэміі заразіліся звыш 138 мільёнаў чалавек у сьвеце, больш за 2,9 мільёна памерлі. Ачунялі звыш 111 мільёнаў пацыентаў.
- Ва Украіне колькасьць ахвяраў пандэміі каранавірусу перавысіла 38 тысячаў чалавек. Паводле міністэрства здароўя, за мінулы дзень ад наступстваў заражэньня вірусам памерлі 467 пацыентаў, агульная колькасьць сьмерцяў — 38 225. На раніцу ўчорашняга дня зафіксаваныя 14 553 новыя выпадкі SARS-CoV-2, сярод іх у 612 дзяцей і 426 мэдыкаў. Колькасьць інфікаваных з пачатку пандэміі склала 1 887 338 чалавек.
- Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джон Коўтс сказаў, што спаборніцтвы ў Токіё не скасуюць. Адкладзеныя на год летнія Гульні адбудуцца, як заплянавана, сказаў ён, запэўніўшы, што Алімпіяда будзе «максымальна бясьпечнай, наколькі мага». Паводле апошніх апытаньняў, больш за 70% японцаў выступаюць за скасаваньне або чарговы адклад летняй Алімпіяды.
- У Індыі зафіксаваны найвышэйшы ў сьвеце паказьнік заражэньня каранавірусам за дзень — 184 372 выпадкі, паведаміла міністэрства здароўя. Ад наступстваў заражэньня за дзень памерлі 1027 чалавек. З пачатку пандэміі ў краіне заразіліся 13,9 мільёна чалавек, колькасьць ахвяраў дасягнула 172 тысячаў. Насельніцтва краіны складае каля 1,35 мільярда чалавек.
- Амэрыканская біятэхналягічная кампанія Moderna панізіла індэкс эфэктыўнасьці сваёй вакцыны супраць COVID-19. Прэпарат перадухіляе заражэньне ў 90% выпадкаў, а цяжкую хаду хваробы — у 95%. Гэта высновы з трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў з удзелам больш як 30 тысячаў чалавек. У сьнежні 2020 году Moderna ацэньвала эфэктыўнасьць сваёй вакцыны ў 94,1%.