Новая Зэляндыя да 28 красавіка забараняе ўезд з Індыі
Пра гэта заявіла прэм’ер-міністар Джасында Ардэрн. Рашэньне набудзе моц 11 красавіка і закране ў тым ліку асоб з новазэляндзкім грамадзянствам і рэзыдэнтаў астраўной дзяржавы. Мера абумоўлена вялікім лікам выяўленых заражэньняў у тых, хто прыбывае з Індыі.
Пастаўкі вакцыны AstraZeneca ў Інданэзію адкладаюцца
Пастаўкі 30 млн доз вакцыны швэдзка-брытанскай кампаніі AstraZeneca ў Інданэзію адкладзеныя да 2022 году, паведаміў міністар аховы здароўя Будзі Гунады Садыкін. Сёлета астраўная рэспубліка атрымае толькі 20 млн доз гэтага прэпарата замест першапачаткова ўзгодненых 50 мільёнаў.
Нямеччына хоча купіць «Sputnik V»
Паводле інфармацыі Reuters, Бэрлін гатовы пачаць двухбаковыя перамовы з Расеяй аб пастаўках вакцыны Sputnik V. У той жа час, паводле дадзеных агенцтва, рашэньне аб закупках ставіцца Нямеччынай у залежнасьць ад таго, ці перадасьць Масква эўрапейскаму рэгулятару дадзеныя пра прэпарат.
Улады Баварыі ўжо раней абвясьцілі аб плянах закупіць 2,5 млн доз расейскай вакцыны.
У Нямеччыне дзённы прырост заражэньняў каранавірусам склаў 20 407 выпадкаў, паведаміў Інстытут імя Робэрта Коха. За апошнія 24 гадзіны памерлі 306 пацыентаў. Разам з тым экспэрты інстытуту мяркуюць, што ў велікодныя дні канца мінулага — пачатку бягучага тыдня тэсты на каранавірус рабілі менш людзей, чым звычайна, а таму было зарэгістравана менш захворваньняў.
Усяго з пачатку эпідэміі ў ФРГ выяўлена 2 930 852 выпадкі заражэньня, агульная колькасьць сьмяротных зыходаў узрасла да 77 707. Паправіліся звыш 2,63 мільёна чалавек. Насельніцтва краіны — каля 84 млн жыхароў.
Аўстралія не адмовіцца ад вакцыны AstraZeneca
Аўстралія ня мае намеру ўводзіць абмежаваньні на ўжываньне вакцыны AstraZeneca. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар краіны Скот Морысан, дадаўшы, што ў Канбэры працягваюць сачыць за новай інфармацыяй.
У Аргентыне ўведзены жорсткі карантын
У сувязі з другой хваляй пандэміі каранавірусу ў Аргентыне ўлады зноў ўвялі жорсткія абмежаваньні на выхад з дому. У раёнах з асабліва цяжкай эпідэмічнай сытуацыяй з пятніцы ўводзіцца камэнданцкі час з паўночы да 6 гадзін, абвясьціў прэзыдэнт Альбэрта Фернандэс, які нядаўна заразіўся SARS-CoV-2, нягледзячы на тое, што ўжо быў вакцынаваны расейскай вакцынай Sputnik V. Хадзіць у госьці аргентынцам забаронена да канца красавіка. Грамадзкім транспартам могуць карыстацца толькі супрацоўнікі найбольш важных прадпрыемстваў. Гэтыя захады закрануць прыкладна 26 мільёнаў жыхароў 45-мільённай краіны.
Італія таксама рэкамэндуе AstraZeneca пажылым пацыентам
Італія зьмяніла палітыку вакцынацыі ад каранавірусу, рэкамэндаваўшы прэпарат AstraZeneca пажылым пацыентам. Пра гэта заявіў кіраўнік Найвышэйшай рады аховы здароўя Італіі Франка Лакатэлі, падкрэсьліўшы, што на думку экспэртаў Міністэрства аховы здароўя ў Рыме, гэта вакцына прызнана ў краіне вельмі добрым прэпаратам.
З прычыны «вельмі рэдкіх выпадкаў утварэньня тромбаў» пасьля яго прымяненьня міністар аховы здароўя Рабэрта Спэранцы зьвярнуў увагу на тое, што рабіць прышчэпкі вакцынай AstraZeneca трэба людзям, старэйшым за 60 гадоў.
У Чэхіі колькасьць заражэньняў падае
У Чэхіі другі месяц працягваецца жорсткі локдаўн, які мае скончыцца 11 красавіка. За мінулыя суткі выяўлена 7015 новых хворых. У цяжкім стане ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі знаходзяцца 1 349 пацыентаў. Усяго з пачатку пандэміі заразіліся 1 567 848 жыхароў краіны, памерлі 27 466. Цалкам прышчэплена 5,71 % ад дзесяці з паловай мільёнаў жыхароў краіны.