Беларускі юрыст з ЗША Юрась Зянковіч у фэйсбуку закліка́ў далучацца да народных дружынаў. 13 красавіка стала вядома, што яго затрымалі ў Маскве і пасадзілі ў СІЗА КДБ у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага юрыста з ЗША Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве. Ён у Беларусі ў турме КДБ19 сакавіка ён паведаміў у фэйсбуку, што ёсьць плян фармаваньня дружынаў народнай самаабароны.
«Пасьля экіпіроўкі і навучаньня гэтыя ўзброеныя сілы будуць гатовыя даваць адпор бандытам-мянтам, якія зарваліся. Думаю, што праз паўгода мы пачнём размаўляць з лукашыстамі іншай мовай», — напісаў Зянковіч.
Тады ж ён раскрытыкаваў Сьвятлану Ціханоўскую за ініцыятыву перамоваў з уладамі.
«Адзіная гарантыя Лукашэнку і ягоным бандытам — гэта гарантыя жыцьця пры ўмове, што яны здадуцца», — напісаў Зянковіч.
20 сакавіка ён заявіў, што «ніякіх перамоваў ня будзе».
На пытаньне ў камэнтары пад гэтым допісам, ці не прыедзе ён у Беларусь, каб паказаць, што і як рабіць, ён адказаў: «Можа, і прыеду».
22 сакавіка Юрась Зянковіч абʼявіў у фэйсбуку пра пачатак фармаваньня «Дружынаў народнай самаабароны». Паводле задумы, запісвацца ў дружыны можна праз тэлеграм-бот. А дружыньнікі ня будуць ведаць нават адзін пра аднаго.
25 сакавіка зьявіўся апошні публічны допіс Юрася Зянковіча ў фэйсбуку. У ім ён павіншаваў беларусаў з Днём Волі і выказаў надзею, што праз год гэтае сьвята будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні.
12 красавіка стала вядома, што ў СІЗА КДБ знаходзяцца палітоляг Аляксандар Фядута (яго таксама схапілі ў Маскве) і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў (яго затрымалі ў Шклове).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У КДБ заявілі, што затрымалі палітоляга Фядуту, які зьнік у Маскве. Разам зь лідэрам БНФ КастусёвымСузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру і праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін напісаў у сваім тэлеграм-канале, што арыштам Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва папярэднічала спэцапэрацыя КДБ.
Паводле Халезіна, «КДБ стварыў групу зь некалькіх апэратыўнікаў, якія мелі выйсьці на кантакт з кімсьці з грамадзкіх дзеячоў нібыта ад імя прабеларускіх вайскоўцаў, абʼяднаных ва ўмоўны Камітэт вызваленьня ад дыктатуры, і прапанаваць супрацу ў рыхтаваньні вайсковага перавароту».
Юрася Зянковіча выбралі ў якасьці цэлі «воляю лёсу», — адзначыў Халезін.
«У выніку Зянковіч прыляцеў у Маскву на перамовы, дзе і быў арыштаваны. У кампанію да яго спэцслужбы ўключылі тых, з кім Зянковіч камунікаваў — літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і цяперашняга кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва».
«Уявіць сабе змову вайскоўцаў пад іхным кіраўніцтвам — гэта нават ня сьмешна, а хутчэй сумна, бо дае поўнае ўяўленьне пра цяперашні ўзровень спэцслужбаў», — лічыць Халезін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісалі, што адрэжуць галаву». Палітоляг Балкунец расказаў пра ад’езд з Расеі і «абразу Лукашэнкі»Хто такі Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута — літаратар, публіцыст, палітоляг. Нарадзіўся ў 1964-м у Горадні, скончыў філфак Горадзенскага ўнівэрсытэту. Да таго як заняўся палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, настаўнічаў у школе.
Некаторыя факты ягонай біяграфіі.
- У 1990 годзе быў выбраны сакратаром ЦК ЛКСМБ (камсамолу), у 1991-м — першым сакратаром ЦК Саюзу моладзі.
- У 1994 увайшоў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваў яму памяшканьне ў офісе Саюзу моладзі.
- На пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўленьні інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта перадаў распараджэньне дзяржаўным газэтам не друкаваць даклад дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Газэты выйшлі зь «белымі плямамі», а Фядута падаў у адстаўку.
- У красавіку 1995 даў паказаньні на паседжаньні Канстытуцыйнага суду ў справе манапалізацыі Лукашэнкам сродкаў масавай інфармацыі.
- Быў пабіты невядомымі ў пад’езьдзе свайго дому ў кастрычніку 2000-га, калі балятаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- У 2003-м у сэрыі «Беларускім кнігазбор» выдаў зборнік пісьменьніка і журналіста Фадзея Булгарына, які стаў першым пасьмяротным выданьнем на яго гістарычнай радзіме.
- Разам зь Сяргеем Панькоўскім і Сьвятланай Навумавай у 2003 стварыў сайт экспэртнай супольнасьці «Наше мнение».
- Напісаў палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, якая ў 2005 годзе выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Референдум».
- У 2010 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Някляева. У сьнежні 2010-га быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у сьледчым ізалятары КДБ («амэрыканцы»), быў прызнаны вязьнем сумленьня. У красавіку 2011-га быў асуджаны на два гады ўмоўна.
- У 2017-м абараніў доктарскую дысэртацыю ў літаратуразнаўстве ў Ягелонскім унівэрсытэце (Польшча).
Аляксандар Фядута актыўна камэнтаваў падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця, у тым ліку і на Радыё Свабода. Апошнім часам ён стала выступаў у рубрыцы «Меркаваньне» тэлеканалу «Белсат».
Хто такі Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік. Служыў у войску (1975–1977).
Некаторыя факты зь ягонай біяграфіі:
- Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы «Друць» (1983–1988) і дырэктарам гаспадаркі «Іскра» (1988–1991) у Бялыніцкім раёне, дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995–2001). Па працы быў знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, які да 1994 гору жыў у Шклоўскім раёне.
- Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла ─ Белая Русь» у Магілёве (2002–2004).
- У палітычнай дзейнасьці ад 1989 году. У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. Ад 2009 да 2017 году — намесьнік старшыні Партыі БНФ.
- Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.
- Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году ўзначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.
- У 2010 годзе рашэньнем Зьезду Партыі БНФ быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад партыі. Паводле афіцыйных зьвестак, заняў на выбарах 4-е месца з 10 кандыдатаў: паводле ЦВК, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбарнікаў (1,97% галасоў).
- Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў пабіты спэцслужбамі, арыштаваны і кінуты ў СІЗА КДБ. Падаў скаргу ў ЦВК з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
- 30 верасьня 2017 году на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне») быў выбраны старшынём Партыі БНФ і старшынём грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне». Перавыбраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 году.
Хто такі Юрась Зянковіч
- Юрась Зянковіч — юрыст беларускага паходжаньня, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
- Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданьнях.
- Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Ўкраінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Ўнівэрсытэце Фордгэм (Fordham University School of Law), здаў экзамэн на званьне адваката і атрымаў ліцэнзію.
- Ягоную адвакацкую ліцэнзію ў ЗША прыпынілі ў штатах Каларада і Нью-Ёрк у выніку выяўленых парушэньняў у прафэсійнай дзейнасьці.
- У Зянковіча два грамадзянствы — Беларусі і ЗША.
- Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
- Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзыдэнцкіх амбіцыях.
- Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.