Беларусь прапанавала Азэрбайджану дапамогу ў адбудове Нагорнага Карабаху пасьля вайны

Баку.

Прапанова прагучала падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Баку, першай замежнай ягонай паездкі (за выключэньнем Расеі) пасьля выбараў 2020 году, якія не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі і выклікала масавыя пратэсты.

Беларусь гатовая надаць Азэрбайджану дапамогу ў аднаўленьні Нагорнага Карабаху. Такую прапанову на перамовах у Баку зрабіў міністар архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч. Ён сустрэўся са старшынёй Дзяржкамітэту горадабудаўніцтва і архітэктуры Азэрбайджану Анарам Гуліевым.

Як паведамляе афіцыйны сайт ведамства Гуліева, той расказаў аб працы, «праведзенай пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Азэрбайджанскай Рэспублікі Ільхама Аліева па аднаўленьні і рэканструкцыі даўно вызваленых тэрыторый Азэрбайджану ў выніку пасьпяховай антытэрарыстычнай і прымусовай апэрацыі супраць армянскіх агрэсараў».

Падзякаваўшы за цёплы прыём, міністар Пархамовіч адзначыў, што надае асаблівае значэньне разьвіцьцю двухбаковых адносін на прынцыпах узаемнага даверу, павагі і дружбы. Даючы падрабязную інфармацыю аб дзейнасьці свайго міністэрства, міністар Пархамовіч адзначыў, што гатовы «падтрымаць будаўнічыя работы ў Карабаскай вобласьці, узяць удзел у горадабудаўнічым працэсе, накіраваўшы сваіх праектавальнікаў і будаўнікоў-экспэртаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паляціць сустракацца з Аліевым

У студзені сёлета скончыўся збройны канфлікт паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Паводле мірнага ўрэгуляваньня, заключанага пры судзеяньні Расеі, Баку ўзяў пад кантроль шэраг раёнаў, якія да ваеннага канфлікту знаходзіліся пад кантролем Армэніі і непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі.

Некалькі гадоў таму інтэнсіўна разьвівалася вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Менскам і Баку, Беларусь паставіла ў Азэрбайджан некалькі рэактыўных сыстэмаў залпавага агню вялікай далёкасьці «Палянэз».

У 2020 годзе адбылося некалькі паставак у Беларусь азэрбайджанскай нафты.

Лукашэнка неаднойчы выказваў удзячнасьць Аліеву за дапамогу ў крытычных палітыка-эканамічных сытуацыях.

Беларусь знаходзіцца ў вайскова-палітычным саюзе АДКБ з Армэніяй. Пра плянаваньне паездак Лукашэнкі ў Ерэван не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку Аліеў

13 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыбыў зь візытам у Азэрбайджан.

Лукашэнка і кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў правялі ўчора першую сустрэчу бяз гальштукаў, сёньня чакаюцца афіцыйныя перамовы.

Як паведамляла прэсавая служба Лукашэнкі, сярод тэмаў перамоваў — пашырэньне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, праекты ў галіне вытворчасьці і паставак харчоў, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, супрацоўніцтва ў ахове здароўя, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і турыстычнай сфэрах.