Кансультант Радыё Свабода, блогер і палітзьняволены Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Тры тыдні таму ён нарэшце пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Жонка Ігара Дар’я Лосік увесь гэты час двойчы на тыдзень возіць Ігару перадачы з Баранавічаў у Жодзіна.
«У Ігара пакуль усё як звычайна, — расказвае Дар’я. — Адзіная навіна — зламаўся тэлевізар, які перадавалі ў камэру. Трэба будзе, відаць, забіраць яго, рамантаваць. Потым аддаваць назад неяк. У іншым усё як звычайна. Працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы пакуль. Цяжка сказаць, як доўга гэта яшчэ працягнецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лісты ад Ігара часам нават цяжка чытаць». Палітвязень Лосік за кратамі 288 дзёнПа словах Дар’і, перадачы ў Жодзіне для вязьняў сьледчай турмы прымаюць без праблем. У апошні тыдзень таксама наладзілася перапіска, яна зноў пачала атрымліваць ад мужа лісты.
Інфармацыю пра тое, што Ігара Лосіка будуць судзіць у Магілёве разам зь Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, Дар’я пацьвердзіць ня можа. Такія зьвесткі з-за кратаў на мінулым тыдні перадаў родным Мікола Статкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч паведаміў, што яго будуць судзіць з Лосікам і Ціханоўскім«Наколькі разумею, так і будзе, раз Мікалай Статкевіч пра гэта напісаў, — кажа Дар’я. — Я пакуль дакладна ня ведаю нічога. Суд, магчыма, будзе агульны ў такім выпадку. Але ў каго такая хворая фантазія, каб сабраць усіх гэтых людзей разам? Гэта нешта складанае для разуменьня, на самой справе».
Знаёміцца з матэрыяламі справы Ігар Лосік будзе прыкладна да канца месяца, пасьля гэтага іх перададуць у пракуратуру і суд. Дакладная дата пачатку працэсу пакуль невядомая.