«Пасьля правядзеньня неадкладных сьледчых дзеяньняў і апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў будзе прадастаўленая поўная інфармацыя па дадзенай сытуацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Учора жонка палітоляга Аляксандра Фядуты паведаміла, што зь ім зьнікла сувязь у Маскве, дзе ён апошнім часам працаваў мэдыякансультантам. Пасьля заявы аб зьнікненьні бязь вестак пошукам Аляксандра Фядуты нават занялася маскоўская паліцыя.
«Я знаходжуся ў Маскве і сама нічога не разумею. Сёньня зьбіралася ісьці ў амбасаду заяўляць аб яго зьнікненьні, і тут даведалася са СМІ, што мой муж арыштаваны. Дзе ён, у Менску ці Маскве, што адбылося зь ім — нічога ня ведаю. Гэта сьмешна, што мой муж мог зьдзейсьніць злачынства, а таксама і Кастусёў. Няма словаў, каб апісаць тое, што адбываецца», — пракамэнтавала Свабодзе затрыманьне Фядуты ягоная жонка Марына Шыбко, якая ўчора тэрмінова вылецела ў Маскву на пошукі мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка палітоляга Фядуты паведаміла, што зь ім зьнікла сувязь у МасквеСёньня стала вядома пра затрыманьне старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва: сваякі палітыка паведамілі, што яго затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасьля чаго павезлі ў Менск. Яго затрымалі па крымінальнай справе, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Разам з Кастусёвым арыштавалі ягонага зяця Зьмітра Антончыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне лідэра БНФ Рыгора Кастусёва і ягонага зяця. Што вядома на гэты часХто такі Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута — літаратар, публіцыст, палітоляг. Ён нарадзіўся ў 1964-м у Горадні, скончыў філфак Горадзенскага ўнівэрсытэту. Да таго, як заняўся палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, настаўнічаў у школе.
Вось некаторыя факты ягонай біяграфіі.
- У 1990 годзе быў выбраны сакратаром ЦК ЛКСМБ (камсамолу), у 1991-м — першым сакратаром ЦК Саюзу моладзі.
- У 1994 увайшоў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваў яму памяшканьне ў офісе Саюзу моладзі.
- На пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўленьні інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта перадаў распараджэньне дзяржаўным газэтам не друкаваць даклад дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Газэты выйшлі зь «белымі плямамі», а Фядута падаў у адстаўку.
- У красавіку 1995 даў паказаньні на паседжаньні Канстытуцыйнага суду ў справе манапалізацыі Лукашэнкам сродкаў масавай інфармацыі.
- Быў пабіты невядомымі ў пад’езьдзе свайго дому ў кастрычніку 2000-га, калі балятаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- У 2003-м у сэрыі «Беларускім кнігазбор» выдаў зборнік пісьменьніка і журналіста Фадзея Булгарына, які стаў першым пасьмяротным выданьнем на яго гістарычнай радзіме.
- Разам зь Сяргеем Панькоўскім і Сьвятланай Навумавай у 2003 стварыў сайт экспэртнай супольнасьці «Наше мнение».
- Напісаў палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, якая ў 2005 годзе выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Референдум».
- У 2010 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Някляева. У сьнежні 2010-га быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у сьледчым ізалятары КДБ («амэрыканцы»), быў прызнаны вязьнем сумленьня. У красавіку 2011-га быў асуджаны на два гады ўмоўна.
- У 2017-м абараніў доктарскую дысэртацыю ў літаратуразнаўстве ў Ягелонскім унівэрсытэце (Польшча).
Аляксандар Фядута актыўна камэнтаваў падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця, у тым ліку і на Радыё Свабода. Апошнім часам ён стала выступаў у рубрыцы «Меркаваньне» тэлеканалу «Белсат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Фядута: ад «белых плямаў» да турмы КДБ. 10 фактаў і 10 цытатаўХто такі Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік. Служыў у войску (1975–1977).
Некаторыя факты зь ягонай біяграфіі:
- Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы «Друць» (1983–1988) і дырэктарам гаспадаркі «Іскра» (1988–1991) у Бялыніцкім раёне, дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995–2001). Па працы быў знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, які да 1994 гору жыў у Шклоўскім раёне.
- Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла ─ Белая Русь» у Магілёве (2002–2004).
- У палітычнай дзейнасьці ад 1989 году. У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. Ад 2009 да 2017 году — намесьнік старшыні Партыі БНФ.
- Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.
- Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году ўзначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.
- У 2010 годзе рашэньнем Зьезду Партыі БНФ быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад партыі. Паводле афіцыйных зьвестак, заняў на выбарах 4-е месца з 10 кандыдатаў: паводле ЦВК, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбарнікаў (1,97% галасоў).
- Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў пабіты спэцслужбамі, арыштаваны і кінуты ў СІЗА КДБ. Падаў скаргу ў ЦВК з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
- 30 верасьня 2017 году на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне») быў выбраны старшынём Партыі БНФ і старшынём грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне». Перавыбраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 году.