Пры гэтым на канец 2020 году ў Беларусі афіцыйна працавалі 28 тэатраў. Найбольш тэатраў у Менску — 11. Сярод абласьцей па колькасьці тэатраў лідзіруе Гомельская — іх там чатыры, найменш тэатраў у Віцебскай вобласьці — толькі 2. Параўноўваем, чаго ў Беларусі болей — турмаў ці тэатраў.
У Беларусі ў 2,3 раза болей месцаў зьняволеньня, чым тэатраў
Паводле сайта МУС, у Беларусі 66 месцаў зьняволеньня:
- 16 папраўчых калёній
- 3 калёніі-пасяленьні
- 1 выхаваўчая калёнія
- 6 сьледчых ізалятараў
- 3 турмы
- 8 лячэбна-працоўных прафілякторыяў
- 29 папраўчых устаноў адкрытага тыпу
На 5 калёній 2 тэатры
Найбольш калёній — у Віцебскай вобласьці, іх там 5. Усё гэта — мужчынскія калёніі строгага і агульнага рэжымаў. Напрыклад, у Воршы адразу дзьве калёніі. Тэатар у горадзе таксама ёсьць, але свайго будынку ня мае.
У Віцебскай вобласьці 5 калёній (агулам устаноў зьняволеньня 9), а тэатраў толькі 2.
161 новая пастаноўка і 935 крымінальных спраў за пратэсты толькі ў Менску
За мінулы год тэатры Беларусі паказалі 161 новую пастаноўку. Агулам правялі 1065 спэктакляў. Сьледчы камітэт па Менску пасьля выбараў завёў 935 крымінальных спраў, якія зьвязаныя «з масавымі беспарадкамі». І гэта толькі па Менску, па краіне больш.
Першыя ў Эўропе па колькасьці зьняволеных
Паводле міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў (ICPS), у Беларусі 345 зьняволеных на 100 тысяч чалавек. Раней лідэрства ў Эўропе трымала Расея, але цяпер там 331 зьняволены на 100 тысяч чалавек. Праўда, цэнтар дае дадзеныя па Беларусі за 2018 год, па іншых краінах (Турэччына і Расея) яны сьвяжэйшыя, за 2020 год.
У Беларусі на 2020 год, паводле дадзеных ICPS, было болей за 32 тысячы зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Эўропе саджаюць у турмы найбольш